Гомельская абласная пісьменніцкая арганізацыя ўдзельнічае ў рэспубліканскай акцыі “Я і мая сям’я супраць брыдкаслоўя”

У гарадской гімназіі №10 актыўна падтрымалі гэтую актуальную сучасную тэму супрацьстаяння ненарматыўнай лексікі.
Загадчыца бібліятэкі Іна Леанідаўна Кузьмянок арганізавала длягімназістаў адметную выставу “Свет, у якім я жыву”, на якой прадстаўлены сусветна вядомыя пісьменнікі, навукоўцы, святары, прыведзены іх выказванні пра мову як сродак зносін між людзьмі, адзначана, як важна захоўваць гэты “інструмент” у належнай чысціні. На сустрэчу з 11 “Б” класам у бібліятэку прыйшла ветэран-журналіст, паэтэса Тамара Кручэнка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюзнай Дзяржавы.
Тамара Віктараўна падзялілася сваім асабістым непрыняццем ненарматыўнай лексікі, зазначыла, што брыдкаслоўе бы ракавыя метастазы ахапіла мноства сфер нашага жыцця, і варта не толькі ўходзе акцыі, але і ў паўсядзённым сямейным ужытку трымацца сапраўднай мовы. А яна засвойваецца ў чытанні годнай літаратуры. “Заўважце: нашы землякі, народныя пісьменнікіБеларусі Іван Мележ, Іван Шамякін, Іван Навуменка, Андрэй Макаёнак, перажыўшы такую вайну,страты, пасляваенную нішчымніцу ні ў гутарках, ні ў інтэрв’ю, не кажучы ўжо пра творы, не ўжывалі брыдкіх слоў. Чаго не скажаш пра некаторых сучасных аўтараў-пачаткоўцаў, якія для ўласнага піяру закідваюць такія “узорчыкі”, прачытаўшы якія хочаш памыцца.
Абласная пісьменніцкая арганізацыя пад старшынствам вядомага беларускага празаіка, парламентарыя Уладзіміра Гаўрыловіча, праводзячы творчыя семінары, разглядаючы творы маладых, стаіць на абароне Слова, моўнай культуры” – падкрэсліла Тамара Кручэнка.
Гэтаксама мерапрыемствы па дадзенай тэматыцы ў межах рэспубліканскай акцыі прайшлі ў шэрагу ўстаноў адукацыі і культуры Гомеля з удзелам творцаў Гомельшчыны.
Прэс-служба ГАА ГА «СПБ»
