Дэкада сучаснай беларускай літаратуры, прысвечаная Году гістарычнай памяці, якая праходзіла на Гомельшчыне з 19 па 29 красавіка па ініцыятыве Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, завяршылася цікавай творчай сустрэчай і адначасова нарадай у Добрушскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. Яе завяршаючы этап супольна правялі старшыня пісьменніцкай суполкі Уладзімір Гаўрыловіч і дырэктар абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна Таццяна Забіяка.

– Вельмі карысную справу робяць пісьменнікі вобласці ў межах розных творчых акцый, але надзвычай важным было і будзе жывое слова пісьменніка-прафесіянала – незаменнага памочніка работнікаў бібліятэк рэгіёну ў папулярызацыі кнігі і чытання. Праведзеная дэкада, нягледзячы на пандэмійныя абмежаванні, гэта яшчэ раз яскрава пацвердзіла, – адзначыла кіраўнік абласной бібліятэкі. – І нам, прапагандыстам кнігі, трэба вельмі актыўна працаваць, каб новыя высокамастацкія творы менавіта мясцовых аўтараў актыўней набліжаць да чытача.
У сваю чаргу, Уладзімір Гаўрыловіч канстатаваў, што без дапамогі бібліятэчных работнікаў, настаўнікаў і выхавацеляў літаратарам было б намнога складаней наладзіць камунікатыўныя зносіны як з дарослымі, так і з юнымі чытачамі. Па яго ацэнцы, задачы, якія былі пастаўлены перад творчымі людзьмі ў межах Дэкады сучаснай беларускай літаратуры, паспяхова выкананы: ажыццёўлены дзясяткі індывідуальных і групавых сустрэч у розных аўдыторыях, на пагранзаставах, у вытворчых калектывах. У ліку найактыўных пісьменнікаў, якія неслі сваё мастацкае слова ў народ, былі паэты Міхась Болсун, Тамара Кручэнка, Мікола Ждановіч, Лідзія Долбікава, Іна Зарэцкая, Аляксандр Каляда, Людміла Яськова, празаікі Ева Дударга, Міхась Сліва, Ганна Атрошчанка. Шмат зрабілі для папулярызацыі творчасці сваіх калег на прасторах інтэрнета паэты Алег Ананнеў і Наталля Шэмет. Актыўна працавалі ў межах моладзевых праектаў паэткі Ніна Шклярава, Галіна Рагавая, маладыя аўтары Алёна Алешына і Аліна Рыцік, стараліся і іншыя творцы. За што прысутныя ім падзякавалі шчырымі апладысментамі.
Варта адзначыць, што старшыня абласнога аддзялення СПБ і дырэктар абласной бібліятэкі прыехалі ў будучую сталіцу 29-га Дня беларускага пісьменства не з пустымі рукамі. Таццяна Забіяка перадала для Добрушскай ЦРБ тры выдатныя фаліянты патрыятычнага накірунку, а Уладзімір Гаўрыловіч – першую частку новых кніг беларускіх аўтараў, сабраных саветам аддзялення СПБ у межах міжнароднай акцыі “Добрая кніга – ад шчырага сэрца”, прымеркаванай да будучага восеньскага свята.
- У кожны свой прыезд ў будучую сталіцу абавязкова буду прывозіць чытачам Добрушчыны новыя прывітанні і кніжныя падарункі ад літаратараў Беларусі і нашых суседзяў, – адзначыў кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі.
У сваю чаргу, шчырую ўдзячнасць за важкі ўнёсак у пабагачэнне кніжнага фонду літаратарам Гомельшчыны, Гродзеншчыны, Магілёўшчыны, Брэстчыны і Віцебшчыны, якія першымі ахвяравалі свае новыя выданні добрушскім чытачам, выказала дырэктар ЦБС Алена Паршакова.
У ходзе творчай сустрэчы закраналіся розныя аспекты садружнасці на карысць чытача, узаемадзеяння бібліятэчных работнікаў з абласной пісьменніцкай арганізацыяй, функцыянавання аматарскіх літаб’яднанняў, а таксама ўзняты цэлы комплекс пытанняў, звязаных з належным правядзеннем мерапрыемстваў у межах будучага Дня беларускага пісьменства.
Мікалай ІГНАТОВІЧ
Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
