Уладзімір Бабкоў атрымаў узнагароду «Вясёлкі» як лепшы дзіцячы пісьменнік Беларусі
Дэкада сучаснай беларускай літаратуры, якая праходзіць на Гомельшчыне, азнаменавалася прыемнай навіной: жыхар Старых Дзятлавіч Уладзімір Бабкоў атрымаў узнагароду, якой часопіс “Вясёлка” штогод адзначае сваіх лепшых аўтараў.

Уручыць спецыяльны медаль і дыплом лаўрэату прэміі Васіля Віткі, заснавальніка і першага галоўнага рэдактара дзіцячага часопіса, прыехалі старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч і сталічны літаратар, былы супрацоўнік газеты “Маяк” Анатоль Зэкаў.
Гэты дзень стаў святочным не толькі для віноўніка ўрачыстасці, але і для астатніх жыхароў бальніцы сястрынскага догляду, дзе апошнія 10 год пражывае Уладзімір Бабкоў.

— Атрымаць прэмію Васіля Віткі, які заснаваў і доўгі час узначальваў рэдакцыйны калектыў, — вялікі гонар, — адзначыў Анатоль Зэкаў. — Зараз у рэдакцыі часопіса створаны музей, дзе ёсць фотаздымкі ўсіх лаўрэатаў прэміі. А гэта, без перабольшвання, — самыя таленавітыя пісьменнікі Беларусі: пісаць для дзяцей намнога цяжэй, бо гэта самы патрабавальныя і ўважлівыя чытачы.
Выконваючы пачэсную місію, Анатоль Зэкаў уручыў Уладзіміру Бабкову не толькі ўзнагароду, але і першы сёлетні нумар часопіса “Вясёлка”, дзе надрукаваны фотаздымак лаўрэата прэміі і ягоныя дасягненні ў сферы дзіцячай літаратуры.
Ураджэнец Буда-Кашалёўскага раёна доўгі час працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, і нават першы свой заробак (амаль 30 рублёў) ён атрымаў за надрукаваны верш. Уладзімір Бабкоў часта рыхтаваў агляды паэтычных і празаічных твораў землякоў для буда-кашалёўскай раённай газеты “Авангард”. Сярод такіх рэцэнзій былі і нататкі пра першыя паэтычныя спробы Анатоля Зэкава, і цяпер знакаміты пісьменнік лічыць сваім настаўнікам у літаратуры менавіта Уладзіміра Бабкова.
— Калісьці ты мне казаў, што прызванне маё — дзіцячая літаратура. Дык вось — дакладаю: з 41 кнігі 26 напісаны для маленькіх чытачоў, — зазначыў Анатоль Зэкаў.
На сустрэчы літаратары павіншавалі свайго сябра па творчаму цэху яшчэ з адной значнай падзеяй — выхадам у свет новай кнігі “Хто прыручыць Чупакабру?”. Дарэчы, у апошні час з-пад пяра Уладзіміра Бабкова выйшлі не толькі вершы для дзяцей, але і прыгодніцкая кніга “Янот-пілот”. Зараз рыхтуюцца да друку яшчэ некалькі твораў.
Уладзімір Гаўрыловіч цёпла павіншаваў калегу з узнагародай і пажадаў яму і надалей радаваць маленькіх чытачоў цікавымі гісторыямі і прыгожымі вершамі.

— Літаратары Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі ўдзельнічаюць у міжнароднай акцыі “Кніга ў дар: добрая справа ад шчырага сэрца”, таму сёння мы прывезлі шэраг выданняў для папаўнення бібліятэкі бальніцы, — адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч і перадаў друкаваны падарунак урачу-тэрапеўту, загадчыку бальніцы сястрынскага догляду Васілю Касцюкевічу.

На творчай сустрэчы пісьменнікі прачыталі некалькі твораў для жыхароў бальніцы, а Уладзімір Бабкоў падзяліўся далейшымі творчымі планамі.

— Галоўнае — каб маленькія чытачы былі задаволены і імкнуліся да друкаванага мастацкага слова, — зазначыў адзін з лепшых дзіцячых пісьменнікаў Беларусі, творы якога друкаваліся і на старонках “Маяка”.
Ірына ГРАМЫКА.
Фота Дар’і КАЙМОВІЧ.
Прапануем вашай увазе адзін з вершаў Уладзіміра Бабкова
— А чаму ты чорны, кот?
— Лазіў ноччу ў дымаход.
— А чаму ты пабялеў?
— З гладыша смятану еў.
— А чаму ты шэрым стаў?
— У пяску Барбос качаў.
— Дык які ты?
— Не задача:
Калі вымыеш — пабачыш,
Што няма рыжэй ката
Вусаў ад і да хваста.
Ну а ў рыжых ад прыроды
Не жыццё — адны прыгоды.

«Маяк», 29 красавіка 2022 года.
