У дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №5 г. Гомеля” прайшоў Дзень роднай мовы, госцем якога стала таленавітая пісьменніца Галіна Рагавая.

Паэтэса і празаік расказала вучням пра важнасць выкарыстання ў паўсядзённым жыцці роднай беларускай мовы, пазнаёміла з літаратарамі Гомельшчыны, якія ствараюць мастацкія творы па-беларуску. Гэтаксама ў цэнтры зацікаўленай гутаркі сталі літаратурныя конкурсы для дзяцей і моладзі, якія ладзяцца ў нашай вобласці па ініцыятыве абласной пісьменніцкай арганізацыі. Галіна Аляксандраўна данесла да вучняў і немалую колькасць высокамастацкіх твораў, напісаных такімі рупліўцамі беларускага слова, як Зоя Падліпская, Фёдар Гурыновіч, Яўгенія Янішчыц, Ганна Новік, а таксама прачытала шэраг уласных твораў. Напрыклад, прагучалі вершы аўтаркі «Чаму пішу па-беларуску», «Баліць маё сэрца», «Яўгеніі Янішчыц» і інш. Творчая сустрэча прайшла цікава і жыва, вельмі карысна для школьнікаў, за гэта яны шчыра падзякавалі пісьменніцу.
Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.
