Бягучы навучальны год у гарадскім ліцэі №1 г. Гомеля завяршыўся незвычайнай падзеяй – творчую сустрэчу са старшакласнікамі і педагогамі тут правёў вядомы беларускі пісьменнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.

Адразу некалькі актуальных тэм было ўзнята літаратарам у фармаце ўрока патрыятызму. Так, пісьменнік вёў шчырую размову аб неабходнасці годнага захавання памяці аб подзвігу савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Творца перакананы: сёння асабліва важна памятаць пра нечалавечыя выпрабаванні, праз якія прыйшлося прайсці беларусам і прадстаўнікам іншых нацыянальнасцей з-за бесчалавечнага гітлераўскага  генацыду. На яго думку, з-за перанесеных у гады жудаснай вайны нечуваных гора, бяды і страт у кожным родзе беларусаў на генетычным узроўні навечна застаўся адбітак супрацьстаяння злу – фашызму. Таму недапушчальна, каб сёння мы, нашчадкі, раптам забыліся, бо так камусьці захацелася, і выкраслілі з памяці перажытое, як і адракліся ад векавых нацыянальных традыцый, прыгожай мовы і найбагацейшай культуры, не цанілі зробленае папярэднікамі дзеля росквіту роднай зямлі.  “Беларусы – самыя мірныя людзі. Яны, нягледзячы ні на што, заўсёды былі добрымі суседзямі, дружалюбна і годна жылі ў сям’і славянскіх і іншых народаў, адначасова паказваючы прыклад супрацоўніцтва на роўных з усім светам. Пры чым, разумеючы, што без чалавечнасці, духоўнасці і дабрыні адзін да аднаго ў нашым агульным доме немагчыма будаваць далейшую будучыню. І ўсё гэта вельмі важна захоўваць нам надалей…”, канстатаваў літаратар.

Юныя чытачы змаглі завочна “прайсціся” па родных сцежках пісьменніка. Яны даведаліся, што жыццё празаіка і публіцыста на працягу чатырох дзесяцігоддзяў ў глыбінцы Палесся, у турава-жыткавіцкім краі, моцна адбілася на яго творчасці. Практычна ўсе літаратурныя героі звыш трох дзясяткаў кніг – палешукі, звычайныя простыя людзі. Аўтар заўсёды пільна ўглядаецца ў з’явы рэчаіснасці, даследуе паводзіны людзей у канкрэтных жыццёвых сітуацыях, і такім чынам “падказвае” чытачу, як пры няпростым жыцці заставацца чалавекам.

Творца, напрыклад, распавёў, як ствараліся яго творы буйных жанраў (“трылогія “Палешукі”, раман “Цяпло маладзіка” і інш), так і асобныя аповесці, апавяданні, п’есы, падзяліўся ўспамінамі пра дзяцінства, згадаў настаўніцкую і журналісцкую працу ў Жыткавічах і ў горадзе над Сожам, распавёў пра знакавыя творчыя сустрэчы і асветніцка-рэдактарскую дзейнасць (два дзясяткі год рэдагуе і выдае літаратурныя альманахі). І, зразумела, пра тое, што хвалюе яго сёння, у няпросты ва ўсіх адносінах час. Так, майстар вострасюжэтнай прозы падзяліўся са слухачамі інфармацыяй пра новы набытак: толькі што завяршыў працу над раманам-версіяй “Па веры вашай…” (асобныя раздзелы з’явяцца ў 5-7 нумарах часопіса “Полымя”), у якім галоўныя героі, жывучы ў розных стагоддзях, пастаўлены ва ўмовы, калі вымушаны выбіраць паміж чалавечнасцю і бездухоўнасцю альбо быць верным сям’і і роду, Радзіме ці здрадзіць ім. “Раман няпросты, як і няпростае наша жыццё, але, спадзяюся, што многія з тых, хто яго прачытае, на нейкія падзеі нашага жыцця паглядзіць іншымі вачыма. Для мяне важна, каб людзі часцей задумваліся аб сваім лёсе і аб лёсе свайго народа…”, падвёў рысу літаратар.

На развітанне Уладзімір Гаўрыловіч падарыў ліцэістам некалькі сваіх кніг прозы з аўтографам-пажаданнем любіць свой горад і ганарыцца сваёй краінай, а вучні і педагогі навучальнай установы шчыра падзякавалі літаратару  за вельмі цікавы і карысны ўрок. І правялі з ім фотасесію. На доўгую і добрую памяць.

         Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках прэс-службы ГАА ГА СПБ : у час творчай працы У.Гаўрыловіча ў гарадскім ліцэі №1 г. Гомеля.

Яндекс.Метрика