(ПРА КНІГІ МІХАСЯ СЛІВЫ «ТРЭБА Ў НЕБА ГЛЯДЗЕЦЬ ЧАСЦЕЙ», «СЮЖЭТ ДЛЯ РАМАНА»)


Нядаўна пісьменнік з горада Рагачова Міхась Кавалёў (Сліва) даслаў мне свой  невялікі паэтычны зборнік “Трэба ў неба глядзець часцей”, які пабачыў свет у сталічным выдавецтве “Каўчэг”. Гэта вельмі ўразіла і здзівіла, таму што шаноўны Міхась Мітрафанавіч увесь час пісаў толькі прозу — апавяданні, гумарэскі, сатырычныя мініяцюры, а тут нечакана вершы. Праўда, у сваім аўтографе ён зрабіў шчырую прыпіску: “Безумоўна, паэт я ніякі, але ж хацелася штосьці выказаць…”. І выказаў, скажу таксама шчыра, даволі няблага. На радкі геніяльнага рускага паэта Аляксандра Пушкіна: “Не тот поэт, кто рифмы плесть умеет…” у самым пачатку кніжачкі напісаў сваё асабістае чатырохрадкоўе:

“Мне здаецца, што я не старэю,

Хоць старэюць жанчыны кругом.

Як часта яшчэ я дурэю —

Асалоду жыцця п’ю нагбом”.

Падобных вершаў на беларускай і рускай мовах нямнога, але, прачытаўшы іх, пачынаеш разумець стан душы аўтара, яго сённяшнія думкі, філасофскае прызнанне-пажаданне чытачам часцей глядзець у неба, каб разумець жыццё. Спадзяваўся, што абавязкова прачытаю падобнага зместу верш сябра. Не дарэмна ж ён менавіта так назваў свой зборнік. На вялікі жаль, не знайшоў. Магчыма, аўтар яшчэ напіша тое, аб чым не паспеў (ці не захацеў?) сказаць зараз.

Міхасёвы вершы вельмі ўдала дапаўняюць перакладзеныя ім на родную мову вершы паэтаў Чэхіі, Славакіі, Украіны. Асабліва ўдала, як мне падалося, пераклаў радкі ўкраінскага творцы Дзмітра Пічкура:

“Рассталіся яны… Ў адну хвіліну

Усё закрэслілі, што дарагім было:

І песню жаўрука, і неба сіняе,

Што ім валошкамі цвіло.

Усё, здаецца, роўна падзялілі,

І раз’ядноўвае іх зло.

Падумаць жа ім не хапае сілы:

А неба як, што на дваіх — адно?”.

Удала хутчэй за ўсё таму, што перакладчык адчуў у думках украінскага калегі па літаратурнаму цэху тое, чаго пакуль не сказаў сам пра наша агульнае неба, прыроднае і духоўнае, у якое, нібы ў віртуальнае люстэрка, трэба і сапраўды глядзець часцей кожнаму чалавеку, задумвацца аб таямнічасці Сусвету, аб сваім , няхай сабе і зусім сціплым, нават нязначным, але годным месцы ў жыцці на ягоных бяскрайніх абсягах.

Падобныя разважанні пісьменніка праследжваюцца і ў дасланай мне яшчэ адной новай кнізе, кнізе прозы шаноўнага Міхася Мітрафанавіча пад назваю “Сюжэт для рамана”, якую адкрывае аповесць “Ты мне вясною прыснілася…”. Пасля яе прачытання адразу складваецца ўражанне, што ў аўтара гэтага твора ёсць рэальная магчымасць раскруціць апісаныя ў ім падзеі, дадаць альбо ўвесці новыя, новых герояў і персанажаў, каб атрымаўся раман. Хутчэй за ўсё так яно ў перспектыве і будзе. А пакуль пагамонім пра аповесць, сюжэт якой вельмі просты. І распачынаецца з таго, што ў Мінску пад час вучобы сустракаюцца зусім маладыя людзі — Іван, студэнт факультэта журналістыкі ўніверсітэта, і Галя, навучэнка паліграфічнага вучылішча. Прыгажуня Галя адразу закахалася ў Івана, у чым ледзь не адразу прызналася. У Івана ж такое высакароднае пачуццё не ўзнікла , хаця дзяўчына з вялікімі блакітнымі вачыма і касою ніжэй пояса яму вельмі спадабалася. Потым іхнія шляхі-дарогі разышліся. Напачатку не назаўсёды. Хлопец з дыпломам прафесійнага журналіста па размеркаванні пачаў працаваць карэспандэнтам раённай газеты на Гродзеншчыне, а ягоная сімпатыя за сотню кіламетраў у іншым райцэнтры гэтай жа вобласці, хаця яе пакідалі пасля вучобы рабіць па спецыяльнасці ў сталічным паліграфкамбінаце. Але не захацела, паехала бліжэй да свайго каханага. Аднойчы яны нават сустрэліся ў абласным цэнтры, доўга гулялі па вуліцах, успамінаючы юнацтва. Але толькі аднойчы. Болей не сустракаліся. Да таго ж Івану давялося з камсамольскімі актывістамі паехаць на экскурсію ў Адэсу. Там, калі ўладкаваліся ў пансіянаце на начлег, наладзілі вечарынку і вельмі добра ўрэзалі. Ды так, што журналіст прачнуўся раніцай з камсамолкаю Тамараю ў адным ложку і ў касцюмах Адама і Евы. Тамара пасля таго выпадку аказалася актывісткаю ў поўным сэнсе гэтага слова. Яна ўчапілася ў хлопца мёртваю хваткаю, пазнаёміла па прыездзе дамоў са сваімі бацькамі, а тыя паклапаціліся як мага хутчэй наладзіць вяселле. І яно адбылося.

Галіна, калі пра ўсё даведалася, таксама не засталася ў дзеўках. Выйшла замуж за дыпламата, нарадзіла дваіх дзяцей, вырасціла іх і разам з мужам жыла за акіянам, у ЗША. Іван жа са сваёю жонкаю скасаваў шлюб, бо жыццё ў іх так і не склалася.

Праз трыццаць гадоў ён, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях, наведаўшы неяк сталіцу, зайшоў у кватэру, дзе калісьці жыла Галіна…

Як разгортваліся падзеі далей, вы даведаецеся, калі прачытаеце гэтую цікавую аповесць з непрадказальнай развязкай.

 Асабіста ў мяне склалася ўражанне, што аповесць гэтая некалькі аўтабіяграфічная, бо, калі  восенню 1972 года прыехаў у Быхаў працаваць карэспандэнтам раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”, Міхась Кавалёў з гэтай пасады ад’язджаў на працу ў сталіцу. Мяне ж ён па просьбе тагачаснага рэдактара раёнкі Георгія Ерамеевіча Барысава завёў туды, дзе кватараваў сам — да гаспадароў Катруліных, чыя хата месцілася зусім непадалёку ад рэдакцыі. А ў аповесці, калі сястра Галі — Марыя — чытае пакінуты ёй Іванам асабісты дзённік, у якім занатаваны выказванні знакамітых людзей пра жанчын, нечакана чытаю наступнае: “Валодзя Харланчук, следчы мясцовага аддзела ўнутраных спраў, з якім мы пэўны час жылі на кватэры ў адных гаспадароў, пабачыўшы першы раз нас з Тамарай разам, папярэдзіў: “Глядзі ж, сябра, у сямейным жыцці многае залежыць ад цябе самога. Вобразна кажучы, як настроіш гітару, так і будзеш іграць”. Ад сябе ж Міхась дапаўняе: “Хоць і сам ён (Валодзя значыць — М.Л.) быў у той час не вельмі салідны — усяго дваццаць восем гадоў — але ж мудры. Цяпер вось часта ўспамінаю яго словы і кусаю сабе локці”. І што тут можна сказаць? Толькі тое, што ў Катруліных, акрамя мяне, яшчэ недзе каля года ці, можа, крыху болей, па-ранейшаму жыў кватарант і следчы мясцовага РАУС … Уладзімір Харланчук! Яго потым перавялі ў следчыя органы ўпраўлення ўнутранных спраў Магілёўскага аблвынанкама. Выпадковае супадзенне прозвішчаў? Наўрад.

У кнізе, адзначанай Гомельскай абласной літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага, акрамя ўпамянутай аповесці, твораў пра каханне хапае. Іх назвы сведчаць самі за сябе: “Прыгожыя караблі”, “Васількі”, “Мары пра Рыгу”, “Змей-спакушальнік”, “Ішла прыгажуня па праспекце”, “Вып’ем за жанчын”, некаторыя іншыя. Усе яны таксама цікавыя, павучальныя, але апавяданне “Сюжэт для рамана” выдзяляецца асаблівай адметнасцю, бо таксама , як і вышэй названая аповесць, можа скласці кампазіцыю для пабудовы і напісання  такога маштабнага твора, як раман. Але мяркуйце самі. Неяк у кавярні пісьменнік Мікола Фядотаў сустракаецца з інжынерам праектнай прганізацыі Яўгенам Аляксеевічам, які распавядае свайму суразмоўцу незвычайную гісторыю. Яе сутнасць у тым, што пад час Першай сусветнай вайны беларускі хлопец Віктар Данцоў, узнагароджаны за мужнасць Георгіеўскім крыжам, у крытычных абставінах, калі грымеў жорсткі бой, пераапрануўся ў афіцэрскую форму загінуўшага камандзіра і ўзяў камандаванне на сябе. Нашы абавязкова перамаглі б, але да немцаў падышло падмацаванне, і невялікі атрад рускіх, якія засталіся жывымі, захапілі ў палон. Палонных накіравалі працаваць у розныя нямецкія маёнткі. У тамашняга бауэра апынуўся і адважны герой-беларус, якога прынялі за царскага афіцэра. А прыгожы, статны хлопец да сялянскай працы быў здатны. І ў яго адразу закахалася Эльза, дачка гаспадара. Каханне аказалася ўзаемным, моцным, і бацька немкі, мудры чалавек, не стаў пярэчыць.

Адзін за адным у маладых нарадзіліся два хлопчыкі, фотаздымкі якіх Віктар пастаянна насіў пры сабе ў кішэні. І ўсё ішло добра, калі б кайзераўская Германія і бальшавіцкая Расія не дамовіліся абмяняцца палоннымі — нямецкіх салдат на царскіх афіцэраў. Для таго, каб афіцэраў затым расстраляць. Але яны, небаракі, аб гэтым толькі здагадваліся.

Па дарозе за Урал Расіі, у Мінску, Віктару пашчасціла збегчы, вярнуцца ў родную вёску, наладзіць новае жыццё. Ён ажаніўся, займеў дачку і сына, якія, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сталі на абарону Бацькаўшчыны. Калі ж у вёску прыехалі на матацыклах немцы, мясцовы здраднік данёс ім, што сям’я Данцовых ваюе з фашыстамі: сын — на фронце, дачка — ў партызанах. Першым у хату адразу ўвайшоў гітлераўскі афіцэр з пісталетам у руцэ. Агледзеўся, скіраваў позірк на раму з фотаздымкамі, пачаў іх разглядаць. Потым зняў яе са сцяны і чамусьці асабліва пільна ўгледзеўся ў фотаздымак, на якім гаспадар, яшчэ зусім малады мужчына, разам з двума малымі дзецьмі.

  • Адкуль у вас гэтая фатаграфія? — звярнуўся ён па-нямецку да гаспадара.

—  А гэта мае дзеткі! — рашуча адказаў Данцоў.

Афіцэр ад нечаканасці прысеў на лаву каля стала.

 — А вы не здагадваецеся, хто я ? — дрыжачым ад хвалявання голасам спытаў ён.

Данцоў прыжмурыўся, стаў углядацца ў твар афіцэра…

Празаік Мікола Фядотаў так і не даведаведаўся, чым жа скончылася тая непрадбачаная і не прадказальная сустрэча ў хаце Данцовых, бо ягонаму апавядальніку раптам стала кепска, давялося выклікаць машыну “хуткай дапамогі”, а пабачыцца з ім зноў болей ужо не давялося.

Значыць, па ўсяму відаць, хвалюючае апавяданне можна лічыць не скончаным, бо ягоны сюжэт  сапраўды для рамана…

Мікола Леўчанка,

 член Саюза пісьменнікаў Беларусі,

 Ганаровы грамадзянін Быхаўскага раёна.

Яндекс.Метрика