Убібліятэцы–філіяле №8  імя Кірылы Тураўскага ў Любенскім мікрараёне Гомеля праходзіць дэкада духоўнасці “Не згасне лампада Кірылы Тураўскага.

На ўрачыстасці адкрыцця Антаніна Уварава,  загадчыца бібліятэкі, сапраўднага духоўнага і культурнага цэнтра, адзначыла, што творы Златавуста, які ярчэй усіх засіяў на Русі, актуальна гучаць і сёння. Асветнік, прапаведнік, філосаф, паэт Кірыла Тураўскі аж з 12 стагоддзя здолеў многае прадбачыць, і заклікае нас сёння змагацца з цемрай, невуцтвам.

Настаяцель храма Святой Скіткоўскай Божай маці айцец Максім падкрэсліў, што Кірыла Тураўскі заўжды заклікаў славян да ўзаемаразумення, еднасці, выступаў супраць міжусобіц. Пакінутыя ім творы – сапраўдны ўзор высокага пісьменства, да іх будуць звяртацца і ў будучым, каб чэрпаць мудрасць і сілу.

Паэтэса Тамара Кручэнка ад імя старшыні савета абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча павіншавала ўсіх прысутных з майскімі днямі Кірылы Тураўскага, паведаміла пра падрыхтоўку пісьменнікаў рэгіёна да 2-га з’езда праваслаўных пісьменнікаў, які адбудзецца ў верасні ў час міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”, расказала і аб  распачатым зараз творчым конкурсе “Божья тропа”, у якім могуць удзельнічаць і школьнікі.

Для васьмікласнікаў СШ №32 была цікавай экскурсія па бібліятэцы, знаёмства з майстрам Уладзімірам Кукліным і выставай унікальных ікон яго ўласнай  работы – разьбы па дрэву. Школьнікі падоўгу разглядалі партрэт-ікону “Кірыла Тураўскі”, якая сустракае наведвальнікаў бібліятэкі на ўваходзе.

Апладысменты гучалі і ў адрас паэтэс, якія шмат пішуць на тэму праваслаўя і духоўнасці — Веры Квяткоўскай, дарэчы, ураджэнкі Турава,  і Ганны Атрошчанкі: госці прачыталі свае творы. Незабыўным момантам была і тэатралізацыя, падрыхтаваная калектывам бібліятэкі з дапамогай актывістаў-школьнікаў: дыялог двух знакавых асоб нашай гістарычнай мінуўшчыны – Кірылы Тураўскага і Еўфрасінні Полацкай. Гэта яркі своеасаблівы масток з даўніны, зварот да ўсіх прысутных на свяце. Цудоўны музычны фон стварылі ігрой на піяніна юныя выхаванкі ДШМ №3.

Дэкада толькі распачалася, і арганізатары штодзень чакаюць вас у бібліятэцы-філіяле№8 імя Кірылы Тураўскага.

Алена Брусава

Яндекс.Метрика