Добрай традыцыяй, закладзенай адміністрацыяй і калектывам ДУА “Сярэдняя агульнаадукацыйная школа №40 г. Гомеля” і актыўна падтрыманай абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, сталі творчыя сустрэчы вучняў з сучаснымі беларускімі літаратарамі, правядзенне ўрокаў патрыятызму.

Бягучай вясной, калі заўважна спала хваля каронавіруснай пандэміі, праца па папулярызацыі кнігі і мастацкага слова  з удзелам літаратараў ва ўстанове адукацыі значна актывізавалася. Так,  днямі тут вялікую цікавую размову пра творчыя працэсы ў краіне ўвогуле і ўласныя набыткі юным чытачам і педагогам правяла гомельская паэтэса і празаік Ганна Атрошчанка.  А 15 красавіка, калі ў вобласці стартавала Дэкада сучаснай беларускай літаратуры, госцем навучальнай ўстановы стаў кіраўнік вядучай творчай арганізацыі Гомельшчыны, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, вядомы празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч.

Напачатку творцу віталі старшакласнікі школы, якія падрыхтавалі прэзентацыю жыццёвага і творчага шляху пісьменніка-земляка. А затым два ўрокі патрыятызму на тэму “Захаванне гістарычнай памяці праз прызму сучаснай літаратуры” вучням дзясятых і адзінанаццатых класаў, дзе, дарэчы, беларускую мову і літаратуру выкладае непасрэдна дырэктар школы Алена Коласава, – яркі прапагандыст мастацкага слова, – правёў непасрэдна літаратар.

Выступленне творцы было сапраўды шматгранна-інфармацыйным: размова ішла і пра нашу гісторыю, якую нельга адрываць ад агульнаславянскага кантэксту, пра ўрокі Вялікай Айчыннай вайны для кожнай беларускай сям’і і адлюстраванне на старонках мастацкіх твораў дакладных гістарычных фактаў генацыду беларускага народа з боку фашызму, пры чым, як у творах пісьменнікаў савецкага часу, так і сённяшняга дня. Пры чым, перад юнымі чытачамі У. Гаўрыловіч не хаваў сваёй заклапочанасці:  існуе сур’ёзнае імкненне “перапісаць” праўду на свой лад, прынізіць уклад савецкага воіна ў вызваленне паловы Еўропы, што, на яго погляд, недапушчальна.

Амаль ва ўсіх трыццаці кнігах мастака слова – а гэта апавяданні, аповесці і раманы, –  празаік так ці іначай гаворыць пра страшныя падзеі вайны і аналізуе яе вынікі. Не мае права гэта не рабіць, “…бо не можа не пісаць пра тое, што нават праз восем дзесяцігоддзяў болем адзываецца ў яго родзе”. Вось і новы раман “Па веры вашай…”, які толькі што ім напісаны і хутка будзе надрукаваны, – пра адказнасць нас, сучаснага пакалення,  да таго, што было ў ХХ стагоддзі, і мы, жыхары шматнацыянальнай Беларусі, не павінны забывацца ніколі пра род свой, зямлю сваю, краіну сваю, гісторыю, спадчыну, культуру. І, што важней за ўсё, пра чалавечнасць адзін да аднаго, пра дабрыню паміж людзьмі…

А яшчэ як кіраўнік пісьменніцкай суполкі літаратар праінфармаваў аб шматлікіх творчых конкурсах для дзяцей і моладзі, запрасіў у іх удзельнічаць тых, хто і сам спрабуе пісаць. Завяршыліся вельмі цікавыя і карысныя ўрокі беларускасці праглядам дакументальнага фільма “Ступіў першым” пра юнака-камсамольца Мішу Мароза, у гонар якога на Гомельшчыне ўжо некалькі гадоў праходзяць конкурсы паэзіі і прозы “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”. І шчырай падзякай пісьменніку за яго працу, спадзяваннем на новыя сустрэчы і новыя ўрокі патрыятызму.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Яндекс.Метрика