Дэкада сучаснай беларускай літаратуры “Пра нас і мастацкае слова” распачынаецца з 19 красавіка на Гомельшчыне.

Як паведамілі ў савеце абласнога аддзялення, нараўне з сельскагаспадарчай сяўбой ў другой палове красавіка літарататурна-чытацкае “поле” Гомельшчыны будзе “засявацца” і  асабліва якасным зернем – мастацкім словам, якое вучыць дабрыні, чалавечнасці, міласэрнасці. І гэта не выпадкова, бо Дэкада сучаснай беларускай літаратуры, якая праводзіцца пры падтрымцы сістэмы адукацыі і культуры вобласці, сёлета прысвечана як Году гістарычнай памяці, так і 140-годдзю класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама вераснёўскаму Дню беларускага пісьменства ў Добрушы.

Літаратурная падзея якраз і распачне свой шлях са старажытнага Добруша,  – адзначае яе ініцыятар – старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч культуры Беларусі, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. – Тут, у сталіцы будучага ХХІХ Дня беларускага пісьменства, адбудзецца першая сумесная сустрэча кіраўніцтва абласной пісьменніцкай суполкі і абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна з супрацоўнікамі бібліятэчных ўстаноў і культуры, удзельнікамі літаратурнага аб’яднання “Натхненне” і чытачамі райцэнтра. На ёй мы не толькі перададзім цэнтральнай раённай бібліятэцы першую частку новых кніг, якія сабраны ў межах міжнароднай акцыі “Кніга ў дар – ад шчырага сэрца”, але і павядзем размову пра значэнне мастацкага слова  і яго выхаваўчым патэнцыяле ў бягучы, вельмі няпросты ва ўсіх адносінах час. Ды абмяркуем, як разам будзем прадстаўляць мастацкае слова Гомельшчыны  на Свяце беларускага пісьменства ўвосень, падкрэсліў творца.

У кожны з дзесяці дзён, адзначаюць у савеце аддзялення СПБ, будуць адбывацца некалькі акцый і творчых сустрэч юных і дарослых чытачоў з удзелам гомельскіх літаратараў як па месцы іх жыхарства, так і з выездам у калектывы. У нейкай ступені гэта будуць своеасаблівыя ўрокі патрыятызму. Напрыклад, пройдзе некалькі групавых сустрэч актывістаў пісьменніцкай арганізацыі з юнымі і дарослымі чытачамі – у нядаўна пабудаванай ДУА “Сярэдняя школа №74 г. Гомеля” і абласным ліцэі, ва ўстановах прафтэхадукацыі і ВНУ вобласці.

У рамках Дэкады стартуе і Першы міжнародны конкурс паэтычных перакладаў «Сожскія берагі сяброўства. Сожские берега дружбы», прысвечаны 140-годдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа і 130-годдзю Марыны Цвятаевай, вынікі якога будуць агучаны  ажно ў верасні, на 17 Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя дажынкі-2022”. Прынамсі, па задумцы арганізатараў, ўдзельнікі конкурсу – маладыя аўтары-пачаткоўцы ад 18 гадоў з Гомеля і Бранска, а таксама 100 маладых аўтараў-пачаткоўцаў, якія сёлета ўдзельнічаюць у міжнародным праекце “Берагі дружбы”(Растоўская вобласць, РФ) будуць перакладаць на свае мовы вядомыя творыаў Купалы, Коласа і Цвятаевай, а лепшыя з лепшых перакладчыкаў не проста затым атрымаюць узнагароды, але і змогуць прыняць самы актыўны ўдзел на святах Слова ў Гомелі і Добрушы восенню.  

– Усе аматары мастацкай творчасці, удзельнікі самадзейных аб’яднанняў  Гомельшчыны з 19 па 29 красавіка могуць прыслаць на паштовую скрыню    konkurs.gomel.by@yandex.by свае літаратурныя спробы і задаць хвалюючыя іх пытанні, што датычыцца, зразумела, стварэння якасных мастацкіх твораў, – адзначае У.Гаўрыловіч. – І на працягу дня абавязкова атрымаюць кансультацыі ад творцаў-прафесіяналаў Міхася Болсуна, Тамары Кручэнкі, Ліліі Вялічка, Вольгі Раўчанкі, Валянціны Кадзетавай, Ізяслава Катлярова, Соф’і Шах, Ніны Шкляравай і іншых пісьменнікаў.

Дэкада сучаснай беларускай літаратуры на Гомельшчыне завершыцца вызначэннем пераможцаў 16 абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прысвечаным юбілеям Купады і Коласа – сёлета ў школьным і раённым этапах  прынялі ўдзел звыш 1200 вучняў агульнаадукацыйных школ, а 60 з іх выйшлі ў фінал.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

Яндекс.Метрика