Кніга прозы Ганны Атрошчанкі «Абпаленае вайной юнацтва…»; «Гомельская праўда” (2023).
Усе мы родам з дзяцінства. За гэтым зацёртым да дзірак сцвярджэннем – глыбінны сэнс, які не столькі паказвае на ранні перыяд жыцця кожнага з нас, колькі на абставіны той пары, якая фарміравала наш характар, наш светапогляд і нашы ўспаміны на ўсё астатняе жыццё. Гэты асабісты светапогляд і гэтыя асабістыя ўспаміны яскрава праследжваюцца ў новым зборніку прозы Ганны Атрошчанкі “Абпаленае вайной юнацтва…”. Невялічкая кніжачка накладам у 50 асобнікаў, выдадзеная ў 2023 годзе рэдакцыяй газеты “Гомельская праўда”, адносіцца хутчэй да жанру публіцыстыкі, чым да чыстай мастацкай літаратуры, і змяшчае ў сабе 12 нарысаў аб тых, каго аўтар сустракала ў сваім жыцці ў дзяцінстве і юнацтве, у больш сталым узросце. І хто найбольш яскрава ёй запомніўся нейкімі сваімі асаблівасцямі, звязаннымі з той тэмай, якая абазначана ўжо ў самой назве зборніка, гэта значыць з вайной і з пасляваенным часам. Героі нарысаў – простыя людзі, найбольш – былыя землякі аўтара з вёсак Чырвоны Рог і Перарост Добрушскага раёна альбо іх прататыпы. У кожнага з іх – свой асабісты лёс і свае асабістыя акалічнасці, звязаныя з ваеннай парой, свае прычыны быць добрым ці дрэнным чалавекам. Вось гэтыя два бакі чалавечай сутнасці – дабро і зло, добрыя ці дрэнный ўчынкі сваіх герояў і ёсць асаблівы аб’ект даследаванняў аўтара.
