4 студзеня 2024 года – 95 гадоў з дня нараджэння Івана Кірэевіча Сяркова (4 студзеня 1929, в. Пакалюбічы, Гомельская вобласць — 27 мая 1998) — выдатнага беларускага і савецкага  дзіцячага пісьменніка,  члена Саюза пісьменнікаў СССР з 1970 года.

Іван Сяркоў — лаўрэат рэспубліканскіх конкурсаў на лепшую дзіцячую кнігу, а таксама Усесаюзнага конкурсу на лепшы твор мастацкай літаратуры для дзяцей і юнацтва. «Мы з Санькам у тыле ворага», «Мы — хлопцы жывучыя», «Мы з Санькам — артылерысты» —самыя вядомыя творы айчыннай дзіцячай літаратуры Івана Сяркова. Тут пісьменнік адкрывае своеасаблівы свет рабят-падлеткаў, равеснікаў аўтара, дзяцінства якіх было апалена ваенным ліхалеццем.
          Літаратар нарадзіўся 4 студзеня 1929 года ў вёсцы Пакалюбічы Гомельскага раёна ў сялянскай сям’і. З 1948 года служыў у Савецкай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Гомельскай раённай газеце «Маяк». Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта імя У.І. Леніна. З 1961 па 1989 год быў галоўным рэдактарам Гомельскай абласной студыі тэлебачання, а з 1977 года адначасова і сакратаром Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР. Літаратурную працу пачаў з гумарыстычных твораў, якія друкаваў у часопісе «Вожык». Шырокую вядомасць яму прынеслі менавіта аповесці, якія ён напісаў для дзяцей. Памёр 27 мая 1998 года. 
       Пры жыцці гэты таленавіты чалавек быў сціплы, прынцыповы, патрабавальны да сябе і да іншых. Ён не любіў слоў пахвалы ў свой адрас, не любіў красавацца, быў раўнадушны да славы. Іван Кірэевіч адразу ж, як споўнілася яму 60 год, пайшоў на пенсію. І амаль адразу ж захварэў: мікраінсульт. Ен вельмі пакутваў, але побач былі любячыя яго людзі — жонка Любоў Андрэеўна і сыны — якія клапаціліся аб ім да апошніх хвілін яго жыцця. Іван Сяркоў валодаў рэдкім дарам — уменнем пісаць з гумарам пра сур’ёзныя рэчы. 

Дзеля ўшанавання памяці І.К.Сяркова Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” заснавала літаратурную прэмію імя Івана Сяркова, якой раз на пяць гадоў адзначаюцца дзіцячыя пісьменнікі Гомельшчыны, якія ў сваіх творах працягваюць мастакоўскую традыцыю свайго земляка. На доме, дзе жыў пісьменнік у г.п. Пакалюбічы, да 85-годдзя выдатнага беларускага савецкага пісьменніка, намаганнямі абласной пісьменніцкай арганізацыі ўсталявана мемарыяльная дошка, там жа быў праведзены ўрачысты мітынг з удзелам калег-пісьменнікаў і прыхільнікаў творчасці. Таксама  былі праведзены шэраг творчых конкурсаў у гонар літаратара-земляка. Да 90-годдзя са дня нараджэння пісьменніка на тэрыторыі Гомельскай вобласці быў аб’яўлены Год Івана Сяркова, і ўсе мерапрыемствы абласной творчай арганізацыі праводзіліся пад знакам памяці І.К. Сяркова.

З нагоды 95-годдзя з дня нараджэння Гомельскім абласным аддзяленнем СПБ аб’яўлены: абласны конкурс юных мастакоў па творах Івана Сяркова, заснавана намінацыя па прозе ў 18 абласным чытальніцкім конкурсе “Захаваем свет разам!”, пройдуць абласныя літаратурныя чытанні на абласным семінары прозы, публіцыстыкі і драматургіі. 3 студзеня ў краязнаўчым музеі ў Пакалюбічах пройдзе памятная вечарына, прысвечаная юбілею І.К.Сяркова.

І.К.Сяркоў пакінуў значны след у журналістыцы і літаратуры Беларусі і Гомельшчыны, яго творы высокапатрыятычныя, асабліва актуальныя  сёння, калі падымае галаву акрыялы фашызм. Творы мастака слова карыстаюцца цікавасцю ў дзяцей, моладзі і дарослых.

Чытайма і мы творы нашага выдатнага земляка!

Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь.

Яндекс.Метрика