У Гомельскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” падвялі вынікі чытальніцкага конкурсу, прысвечанага Году гістарычнай памяці і 140-годдзю беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа і Дню беларускага пісьменства ў Добрушы.

Аргкамітэт і члены журы конкурсу
Дырэктар бібліятэкі Таццяна Забіяка і Уладзімір Гаўрыловіч адкрываюць абласныя этапы конкурсу «Захаваем свет разам!»

XVI абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” стартаваў у студзені бягучага года. На працягу чатырох месяцаў, па ініцыятыве абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі творчае спаборніцтва, мэта якога стымуляванне чытацкіх інтарэсаў школьнікаў, павышэння цікавасці да выразнага чытання мастацкіх твораў,  “крочыла” ва ўсіх раёнах Гомельшчыны. Тут праходзілі школьныя, а пасля і раённыя конкурсы па зададзенай тэматыцы – вучні агульнаадукацыйшых школ ад 12 да 17 гадоў у дзвюх намінацыях самастойна выбіралі для выразнага чытання мастацкія творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і сучасных гомельскіх творцаў. Лепшыя ў раёнах юныя чытальнікі вызначаліся ў сакавіку-красавіку і адзначаліся спецыяльнымі дыпломамі аддзелаў адукацыі,  а пасля пераможцы раённых конкурсаў мелі магчымасць заявіць пра сябе і на абласным конкурсе.

Вельмі няпроста прыйшлося журы пад кіраўніцтвам старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча, бо пасля праслухоўвання кожнага пераможцы раённага конкурсу можна было засведчыць: практычна ўсе юныя чытальнікі сапраўды палюбілі мастацкі твор, які выбралі да чытання. Не выпадкова, падводзячы вынікі праслухоўвання Уладзімір Гаўрыловіч згадаў вялікага крытыка Вісарыёна Бялінскага: “Мы на свае вочы мелі магчымасць пабачыць, як дзеці разумелі творцу, знаходзіліся пад яго выключым уплывам, глядзелі праз вобразы і герояў мастацкага твора  яго вачамі, размаўлялі яго мовай… Юныя чытальнікі адчулі, засвоілі ўсё багацце і глыбіню зместу твора, яны перапакутвалі пакутамі герояў, упіваліся іх радасцю і перамогамі, і, безумоўна, узялі ў сваю душу ўсё самае лепшае. А гэта значыць, што мэта конкурсу больш чым дасягнута…”

Аднак умовы конкурсу прадугледжваюць выбар найлепшых канкурсантаў, нават калі гэта выбар лепшых з самых лепшых. І журы іх вызначыла.

Так, лаўрэатамі XVI абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прысвечанага Году гістарычнай памяці і 140-годдзю народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа (сярод чытальнікаў твораў беларускіх класікаў) сталі:

Борсук Расціслаў, вучань 10 «А» класа, дзяржаўная установа адукацыі “Сярэдняя школа №16 г.Мазыра”. Янка Купала. Верш “Беларускім партызанам”. Настаўнік – Бялецкая Валянціна Фёдараўна;

Іванюценка Аляксандра (11 клас), Прышчэп Глеб (9 клас), ДУА “Казялужская сярэдняя школа”, Хойніцкі раён. Янка Купала “Сын і маці”. Настаўнік – Валенчыц Наталля Фёдараўна;

Хандожка Ілларыён, ДУА “Сярэдняя школа № 24 г.Гомеля”, 6 «С» клас. Якуб Колас “Спатканне і знаёмства”, настаўнік – Ларцава Кацярына Генадзьеўна;

Саханаў Мікалай, вучань VII класа, ДУА “Матнявіцкі яслі-сад- базавая школа Чачэрскага раёна”. Я.Колас, урывак з паэмы “Сымон-музыка”; настаўнік – Радзькова Ганна Іванаўна;

Блошкін Віталь, вучань 7 класа, ДУА “Крупецкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”, Добрушскі раён. Якуб Колас. “Савось-распуснік”; настаўнік – Кароткая Кацярына Аляксандраўна;

Назаранка Ірына, 6 клас, ДУА  “Сярэдняя школа №3 г.Хойнікі”. Якуб Колас “Песня аб вясне”. Настаўнік – Лебядзеўская Марына Пятроўна;

Лысы Арсеній, 9 клас, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Камунараўская сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна». Якуб Колас, урывак з паэмы “Новая зямля”.  Настаўнік – Жгарова Валянціна Мікалаеўна.

Адначасова асобнай намінацыяй праходзіў конкурс чытальнікаў, прысвечаны Дню беларускага пісьменства ў старажытным Добрушы. Яго задачай стала павышэнне цікавасці да выразнага чытання мастацкіх твораў літаратараў Гомельшчыны – членаў абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, прысвечаных роднаму краю і духоўнаму багаццю рэгіёна. Яго лаўрэатамі сталі:

Саханава Юлія, IX клас, ДУА “Матнявіцкі яслі-сад-базавая школа Чачэрскага раёна”.  У. Гаўрыловіч, раман “Сэрца сваё не падманеш…”, урывак з часткі  “У снежную буру”. Настаўнік – Радзькова Ганна Іванаўна;

Смялоў Уладзіслаў, VII клас, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Губіцкая базавая школа Буда-Кашалёўскага раёна». Васіль Ткачоў. “Бульбашы”. Настаўнік – Белянок Ірына Валер’еўна;

Піцунік Анастасія, 9 «А», ДУА “СШ №6 г. Рэчыцы імя С.В.Сыча”. Васіль Ткачоў. “Хаткі”. Настаўнік – Куляшова Алена Аляксандраўна;

Федаровіч Дзіяна, 10 клас, Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Ленінскі дзіцячы сад–сярэдняя школа”, Жыткавіцкі раён. Урывак з аповесці Уладзіміра Гаўрыловіча “Глыбокія карані”. Настаўнік – Русая Алена Іванаўна;

Яроцкая Кацярына, ДУА “Сярэдняя школа № 19 г.Гомеля”, 9 “Б”клас. Шэметкова Наталля Генадзьеўна “Свет стане больш”. Настаўнік – Лагвіненка Ганна Віктараўна;

Адзінец Вікторыя, 8 клас, ДУА “Акцябрская раённая гiмназiя”. Віктар Лоўгач. “Тэлефон падвёў”. Настаўнік – Філіповіч Жанна Анатольеўна.

Згодна сумеснага рашэння аргкамітэта і журы, узнагароджванне лаўрэатаў конкурсу адбудзецца 29 мая на базе абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна ў час правядзення фестывалю кнігі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ. Акрамя спецыяльных дыпломаў, школьнікі атрымаюць у падарунак кнігі сучасных гомельскіх пісьменнікаў з аўтографамі. Таксама ім будзе прадастаўлена магчымасць яшчэ раз данесці сваю любоў да мастацкіх твораў як класікаў, так і сучасных пісьменнікаў да шырокай публікі горада над Сожам і адначасова пазмагацца за атрыманне двух Гран-пры абласнога конкурсу чытальнікаў. А ўладальнікаў Гран-пры арганізатары ўзнагародзяць увосень на свяце беларускага пісьменства ў Добрушы, дзе яшчэ раз прагучаць радкі мастацкіх твораў любімых аўтараў самых лепшых юных чытальнікаў вобласці.

Сёлета Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі” арганізавала  XVІ абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта,  Гомельскага абласнога аддзялення Фонда Міра і абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна, таму некаторыя фіналісты і лаўрэаты  атрымаюць падарункі і ад гэтых структур.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

На здымку: у час правядзення пасяджання аргкамітэту і журы конкурсу.

Яндекс.Метрика