11 сакавіка – 100 гадоў са дня нараджэння беларускага савецкага пісьменніка Міколы Гамолкі
Апошнім часам у мяне нярэдка пытаюць: як навучыць цяперашніх дзяцей, сённяшнюю моладзь, якія “заселі” ў інтэрнэтнай мутнай прасторы, сапраўднаму патрыятызму, любові да бацькоўскай зямлі, і галоўнае — думаць і дбаць аб будучыні сваёй краіны? Я шчыра адказваю: найлепшым чынам можа дапамагчы добрая мастацкая кніга. Прывучайце, нават прымушайце дзяцей чытаць! І раю: спытайце ў бібліятэцы, напрыклад, творы майго земляка, паэта, празаіка, драматурга, перакладчыка Міколы Гамолкі. Гэта сапраўдная школа патрыятызму! На жаль, крыху намі забытая.
З адной зямлі
Адразу скажу: мне не пашчасціла асабіста ведаць Гамолку. Аднак у маёй сям’і творцу вельмі паважалі. Так сталася, што маю бабулю і маму ў час акупацыі фашысты выгналі з роднай зямлі, і іх прытуліла сям’я Голас з вёскі Найда. Галасы суседнічалі з Гамолкамі (Мікола быў на фронце). Найдзянцы абагрэлі, выратавалі ад голаду, не пакрыўдзілі ніколі, хоць цяжка было выжываць самім, аж тры гады. Ад таго нейкай духоўнай повяззю мы былі звязаны з сям’ёй і Мікалая Іванавіча, на творах якога я, прызнацца, вырас. Толькі ў 2008 годзе, сустрэўшыся з яго жонкай і сынам у Жыткавічах (на здымку), змог падзякаваць яго родным за ўсё — ад сябе і маіх родных.

Яго творы чыталі ўсе ў маёй сям’і. Я ж “глытаў” аповесці Міколы Гамолкі і здавалася, што ўсё адбываецца на нашым прылеску, каля нашага Князь-возера. А добрыя ўчынкі юных, па гадах тады блізкіх мне герояў — простых дзяўчынак і хлопчыкаў — не маглі не ўразіць дзіцячую душу, не адгукнуцца жаданнем быць падобнымі на іх! Многае значылі для мяне асабіста аповесці пра вайну – “Дзяўчына ішла па вайне”, “Лясная крэпасць” – творы не проста захаплялі, падзеі проста стаялі ў памяці, быццам сам быў на месцы подзвігу, удзельнічаў разам з Нінай Воранавай (“Дзяўчына ішла па вайне”), Цітком Калядой (“Лясная крэпасць”), імкнуўся дапамагчы ім у выключна небяспечнай сітуацыі… Быў такі перыяд, калі на кожны ўрок пазакласнага чытання спецыяльна са згоды настаўніцы Г.І. Жыткавец чытаў і расказваў (канешне, не аналізаваў — перадаваў змест, гэта больш падыходзіць!) пра чарговую прачытаную мной кніжку земляка — аднак не ўсё можна было і знайсці ў небагатых школьнай і калгаснай бібліятэках. Так, бясспрэчна, і прачытаныя аповесці “Лета ў Калінаўцы”, “Добры дзень, школа!”, фантастычны раман “Шосты акіян” — гэта была, па вялікаму рахунку, выдатная школа выхавання, фарміравання светапогляду. Сведчу: кніжкі Гамолкі “зачытваліся” да такой ступені, што амаль кожная старонка была падклеена газетнай паперай, а на вокладках цяжка было разабраць, хто яе аўтар.
Па біяграфічных сцежках
Будучы паэт і празаік нарадзіўся 11 сакавіка 1922 года ў вёсцы Брынёў на Петрыкаўшчыне. Праз два гады асірацеў — памерла маці, хлопчыка часова даглядалі бабуля і дзядуля па лініі бацькі. Бацька прыстаў у прымы да ўдавы ў суседнюю Найду Жыткавіцкага раёна. Міколка на ўсё жыццё запамятаў, як ладзіўся той пераезд “да новай мамы”: “Падвода, нагружаная сялянскім скарбам, паволі валюхаецца па вузкай і змрочнай дарозе. А вакол лясы, лясы…”
Агрыпіна Фёдараўна аказалася добрай жанчынай — Міколка не адчуваў сябе чужым у доме на ўскрайку вёскі, да якога падступаліся векавыя дубы. Вось як успамінае сваё школьнае дзяцінства пісьменнік: “Добра помню сваю пачатковую школу, дзе навучаў нас, дзяцей, ветлівы і чулы настаўнік Рыгор Мультан. Пазней ён прапаў у засценках ГПУ. Там, у чацвёртым класе, я напісаў сачыненне на вольную тэму, якое настаўніку надта спадабалася, і ён адзначыў, што гэта больш, чым сачыненне, сапраўды мастацкае апавяданне…”
І — наступнае — таксама з яго дзяцінства: “Помню дні калектывізацыі — гэта былі суровыя і горкія дні. Сялян тузалі, трывожылі пагрозамі, запалохвалі турмой і Салаўкамі. Хоць бацька запісаўся ў калгас, на нас наклалі “цвёрдае заданне”. А значыла яно тое, што аднойчы ранкам у двор заехалі дзве падводы, якія суправаджаў упаўнаважаны сельсавета. Па яго камандзе панятыя хуценька вынеслі з хаты і клеці пудоў пятнаццаць жыта і пудоў дзесяць проса, наогул для сям’і ў пяць чалавек не пакінулі ніводнага гарца збожжа. Жыць давялося на адной бульбе…”
У 1934 годзе прыйшло ў іх хату няшчасце — па паклёпу быў арыштаваны органамі НКУС бацька. Мачыха кожны тыдзень несла ў Жыткавічы перадачы для бацькі, плакала, гаравала. Праўда, усё абышлося шчасліва: разбор бацькавай справы паказаў, што абвінавачванні яго, як кажуць, шыты белымі ніткамі, яго адпусцілі…
Усё сваё жыццё пасля Мікола Гамолка будзе згадваць тыя няпростыя гады, і думаць, каб напісаць і пра Найду, пра Жыткавічы, дзе ён завяршаў вучобу ў сярэдняй школе, пра Чырвонае ці Князь-возера, якое надта любіў.
Шлях да творчасці
Пісаць вершы будучы пісьменнік пачаў яшчэ ў школе, і даволі ўдала. Першы апублікавала газета “Піянер Беларусі”, затым ажно два бабруйская акружная газета “Камуніст”. Амаль у гэты ж час “Чырвоная змена” публікуе на сваіх старонках верш “Любімаму Кліму”. Гэта акрыляе юнака. Ён працягвае дасылаць свае творы ў абласныя і рэспубліканскія газеты, іх таксама друкуюць. Пачынаючага паэта з Жыткавіч запрасілі ў 1938 годзе на творчы семінар маладых пісьменнікаў, які адбыўся ў Мазыры. Там хвалілі яго вершы, Мікола пазнаёміўся з пісьменнікам Ус. Краўчанкам і ўдзельнікам семінара І.Мележам, з якімі пасябраваў на ўсё жыццё.
“Захапленне паэзіяй — не выпадковае ў палескага хлопца. Ёсць талент!” – заўважыў і Якуб Колас, якому без ведама аўтара па пошце з рэдакцыі жыткавіцкай райгазеты “Прымежны камунар” даслалі цыкл новых вершаў. Народны паэт даслаў у Найду ліст, у якім падтрымаў семнаццацігадовага паэта.
1939 год. Юнак паступае на філфак Белдзяржуніверсітэта, заканчвае першы курс, а з другога яго прызываюць у армію. Трапіў у войскі хімабароны. Прайшоў усю вайну, у 1946 годзе дэмабілізаваўся камандзірам узвода з лейтэнанцкімі пагонамі. І важкім сшыткам — на цэлую кнігу — добрых вершаў. У гэтым жа годзе, адрэдагаваныя М.Лужаніным, яны вышлі ў першай кнізе “Зварот шчасця”, а праз некалькі гадоў Гамолка трымаў у руках другі зборнік “Б’юць куранты”.
Адразу пасля дэмабілізацыі Мікола вярнуўся ў Найду да бацькоў. Цяжкае і складанае тут было жыццё, аднаўляўся калгас. Праз нейкі час ён едзе ў Мінск, уладкоўваецца на працу рэдактарам ў Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі. Пад уплывам Я.Маўра, А. Якімовіча ў Гамолкі зарадзілася жаданне пісаць прозу, і пры гэтым пісаць для дзяцей. Ён спрабуе сябе ў жанры апавядання. Удала. Дзіцячая газета “Зорька” з задавальненнем іх друкуе. Праз некаторы час Гамолка “размахнуўся” на аповесць. “Лета ў Калінаўцы” прынесла першы поспех, нават маскоўскі “Детгиз” выдаў яе перакладзе ў 1956 годзе. Нягледзячы на першы літаратурны поспех, пісьменнік многа вучыўся ў сваіх калег, і шукаў сваё. Неўзабаве напісаў аповесць “Добры дзень, школа!”. Янка Маўр па-бацькоўску шчыра “прайшоўся” па ёй, але ўвогуле даў высокую ацэнку втору, які хутка ўбачыў жыццё.
Майстар усіх жанраў
Таленавіты празаік хутка ўжо працуе ў “Чырвонай змене”, потым — у “Літаратуры і мастацтве”. І асвойвае жанр фантастыкі — піша цудоўныя творы пра палёты ў космас савецкіх касманаўтаў. Вядома, тады касманаўтаў рэальных не было — гэта ж былі 1953-54 гады. Дзве аповесці “За вялікую трасу” і “Цытадэль неба” выйшлі ў 1959 годзе як раман “Шосты акіян” асобным выданнем. Цікава тое, што ўсе падзеі новай касмічнай эры, якая пачалася 4 кастрычніка 1957 г., развівалася амаль так, як паказана ў гэтым навукова-фантастычным рамане.
У былога салдата, які ў канцы вайны становіцца афіцэрам, узрасло жаданне пісаць пра вайну, хацелася па-свойму асэнсаваць яе, выказацца адметна. Амаль цалкам заснаваную на рэальных фактах ён піша аповесць “Дзяўчына ішла па вайне”. Поспех ў чытача быў вялікі: маладыя і сталыя людзі былі ўзрушаны лёсам семнаццацігадовай дзяўчыны, якой выпала прайсці суровыя будні вайны. Подых вайны прысутнічае амаль ва ўсіх далейшых творах пісьменніка – аповесцях “Лясная крэпасць”, “Сокалы-сакаляты”, “Партызанскія сёстры”. Іх вызначаюць захапляльны, выдатна распрацаваны сюжэт, прыгодніцка-рамантычная яго аснова як сродак рэальна магчымых абставін, у якіх фарміруецца характар героя. Кожная аповесць напісана старанна і дасканала, нібы выверана на вагах душы і сэрца.
Але ж, разам з тым, складаныя ўзаемаадносіны былі ў аўтара з крытыкай. Кнігі выходзілі “са скрыпам”. І добра, што своечасова і станоўча адзываліся аб творах Гамолкі вядомыя пісьменнікі В. Быкаў, В. Казько, У. Дудзінцаў, і кнігі яго выходзілі ў свет.
Спрабаваў сябе М.Гамолка і ў драматургіі — па яго п’есе “Бітва ў космасе” ў 1963 годзе рэспубліканскі тэатр юнага гледача паставіў спектакль. З 1967 года ён працаваў адказным сакратаром часопіса “Бярозка”, пасля адказным сакратаром камісіі па Дзяржаўных прэміях Савета Міністраў БССР. Ужо будучы на пенсіі працаваў сакратаром камісіі па прыёму ў Саюз пісьменнікаў. У гонар 60-годдзя выдавецтва “Мастацкая літаратура” выдала яго творы ў двух тамах. Адзін з апошніх закончаных пры жыцці твораў — аповесць “Голуб у акне”, прысвечаны паказу жыцця старшакласнікаў у перадваенныя гады, аб першым нясмелым каханні і аб подзвігах на вайне.
На малой Радзіме
Да апошніх дзён жыцця Мікола Гамолка цікавіўся справамі на сваёй малой радзіме, не аднойчы наведваў Палессе. Жыхары вёскі Ляхавічы ды і суседніх вёсак, што размешчаны побач з Чырвоным возерам, дагэтуль памятаюць, як у 1974 годзе іх наведалі пісьменнікі-сябры Іван Мележ і Мікола Гамолка. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Іван Мележ рабіў справаздачу перад сваімі выбаршчыкамі, а Мікола Гамолка проста хацеў пабыць з землякамі, пагутарыць з імі аб жыцці-быцці, бо яму ўсё было цікава ведаць. Ён шмат пісаў пра сваіх землякоў, пра іх жыццё, заўсёды з радасцю сустракаў у мінскай кватэры.
Пасля яго раптоўнай смерці (няма ўжо 30 гадоў) творцу не забыліся на малой радзіме. Па ініцыятыве літаратараў Гомельшчыны ў 2003 годзе парку ў Жыткавічах прысвоена імя пісьменніка-земляка. Дзякуючы намаганням аўтара гэтых радкоў і начальніка аддзела адукацыі Ганны Лукашэвіч у будынку сярэдняй школы № 1 г. Жыткавічы ў 2010 годзе створаны мемарыяльны музей. Абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” з 2006 года штогод праводзіць літаратурныя конкурсы для дзяцей і дарослых “Табе пяю, малая Радзіма”, прысвечаныя памяці М. Гамолкі, вынікі якіх і майстар-класы для лаўрэатаў і фіналістаў падводзяцца ў Жыткавічах. З 2019 года на тэрыторыі парка імя М.Гамолкі райцэнтра праходзіць абласны літаратурны фестываль “На зямлі Кірылы Тураўскага”. І ў дзень 100-гадовага юбілею пісьменніка тут адбудзецца адкрыццё інфармацыйнай дошкі і ўрачыстыя юбілейныя мерапрыемствы ў яго гонар.
Галоўнае: творы Міколы Гамолкі жывуць, не пакідаюць нікога раўнадушнымі. Гэта сапраўдная літаратура, у якой выкарыстаны багаты жыццёвы матэрыял свайго часу. Творы пісьменніка закранаюць саму сутнасць чалавека, яго мінулага і будучыню, заклікаюць чалавека быць чалавекам.
Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, пісьменнік.
На фота: жонка і сын пісьменніка передаюць у будучы мемарыяльны музей друкарскую машынку і кнігі – іх прымаюць дырэктар школы Алена Птушко і старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” Уладзімір Гаўрыловіч (2008 год). Фота аўтара.
