Міжнародная анлайн-сустрэча, прысвечаная памяці выдатнага рускага паэта, перакладчыка Уладзіміра Сарочкіна, аб’яднала разам напярэдадні яго дня нараджэння беларускіх і рускіх калег, родных і сяброў, супрацоўнікаў бібліятэк Расіі і Беларусі, прыхільнікаў таленту сапраўднага майстра мастацкага слова.

Галоўнай падзеяй міжнароднай сустрэчы стала прэзентацыя электроннага праекта «Дні, як кнігу прагартаеш…”, прысвечанага памяці паэта, створанага на рэсурсах галоўнай кніжнай скарбніцы Браншчыны  – абласной універсальнай бібліятэкі імя Ф.І. Цютчава. Супрацоўнікі гэтай установы культуры пасля смерці выдатнага рускага паэта пастараліся сабраць як мага больш звестак пра яго жыццёвы творчы шлях. Цікавы віртуальны праект, безумоўна, будзе дапаўняцца. Тым больш, што ва Уладзіміра Яўгенавіча было шмат творчых кантактаў не толькі ў Расіі, але і з Беларуссю, Украінай.

Так сталася, што апошняй прыжыццёвай кнігай выдатнага творцы стаў зборнік паэтычных перакладаў з розных моў свету, у тым ліку і твораў паэзіі беларускіх аўтараў “Залатая ладдзя”. Менавіта яго і паэтычны зборнік “Божае калясо” Уладзімір Сарочкін яшчэ ў верасні 2021-га  прэзентаваў  у Гомелі, Тураве і Жыткавічах, у межах двух фестываляў – “Славянскія літаратурныя дажынкі” і “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Беларусаў і беларускую мову, Гомельшчыну Уладзімір Яўгенавіч асабліва любіў,  падтрымліваў пісьменнікаў-гамяльчан, перакладаючы, а затым як галоўны рэдактар друкуючы,  іх новыя творы ў альманаху “Літаратурны Бранск”. Дзякуючы ў тым ліку і яго падтрымцы, на гомельскай зямлі  за апошнія 15 гадоў знайшлі прапіску цудоўныя літаратурныя акцыі і фестывалі славянскага гучання, нараджаліся сумесныя праекты, у якіх удзельнічалі гомельскія і бранскія паэты, празаікі, публіцысты і драматургі. Не выпадкова і адну з апошніх прыжыццёвых творчых узнагарод  – памятны медаль “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру” – Уладзімір Яўгенавіч  атрымаў менавіта на малой радзіме Кірылы Тураўскага. А калі ж паэта не стала, пасмяротна яму была прысуджана перамога міжнароднага літаратурнага конкурсу “Пераадоленне”, арганізаванага ў горадзе над Сожам… 

Цёплыя словы ў адрас так рана пайшоўшага з жыцця сябра і калегі ў час анлайн-сустрэчы выказалі кіраўнік Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Рэшатнёў, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, гомельскія пісьменнікі-супрацоўнікі абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Алег Ананнеў і Наталля Шэмяткова, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ А.Казека, бранская паэтэса Вольга Шаблакова, а таксама вучоныя-даследчыкі творчасці У.Я.Сарочкіна, прадстаўнікі Бранскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Ф.І. Цютчава. Дачка паэта, Марына Уладзіміраўна, выказала ўсім шчырую падзяку за памяць аб бацьку. Размова ішла і аб разгортванні шматграннай працы па ўвекавечванні імя сапраўднага майстра рускага слова і прапаггандыста славянскага яднання, а таксама далейшым творчым супрацоўніцтве паміж пісьменнікамі і вядучымі абласнымі бібліятэкамі дзвюх краін у межах Саюзнай дзяржавы Беларусь-Расія.

21 студзеня бранскаму літаратару, аўтару шматлікіх паэтычных зборнікаў, арганізатару і актыўнаму ўдзельніку многіх міжнародных і ўсерасійскіх праектаў-конкурсаў, фестываляў, дэкад, настаўніку пачаткоўцаў і шматгадоваму кіраўніку Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі У.Я.Сарочкіну споўніўся б толькі 61 год. 14 лістапада 2021 года яго сэрца было разбіта інсультам. Пахаваны паэт і культурны дзеяч Расіі на Цэнтральных могілках у г. Бранску.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

Фота прэс-службы Гомельскай абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Яндекс.Метрика