Гомельскія пісьменнікі актыўна выступаюць у розных аудыторыях, але самая цёплая, самая даверлівая атмасфера ствараецца менавіта ў дзіцячых садках – там, як вядома, самы шчыры і непасрэдны глядач і слухач. Ды і для творцаў, як і для бацькоў, выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі гэтыя сустрэчы, акцыі, прэзентацыі вельмі важныя – менавіта з такога ўзросту трэба пачынаць прывіваць любоў да прыгожага пісьменства, да кнігі, пазней можа быць і позна. Пра гэта пераконваюць і нядаўнія творчыя сустрэчы членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі ў дзіцячых садках Гомельшчыны, праводзімыя ў рамкам Года гістарычнай памяці і Года класічнай літаратуры і чытання на тэрыторыі вобласці, які, дарэчы, працягваецца ўжо другі год.

“КНІГА – ВЯЛІКІ ДАР”

Так называлася музычна-літаратурнае свята ў яслях-садзе №161 горада Гомеля, дзе выхаванцы старэйшай групы ўжо знаёмяцца з асновамі нашай праваслаўнай культуры ў межах аднаго з інавацыйных праектаў. А  іх гасцямі днямі была дзіцячая пісьменніца, лаўрэат літаратурнага конкурсу “Праваслаўе – мая надзея” (арганізоўвае Гомельская епархія і аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі – заўв. аўт.) Вера Квяткоўская  і іерэй Аляксандр Пранкевіч.

Адразу скажам: свята, прысвечанае праваслаўнай кнізе, падрыхтаванае загадчыцай садка Алай Грыб і яе калегамі, было вельмі цікавым і насычаным. Найперш, дзеці паглядзелі дакументальны фільм “Гісторыя кнігі” і даведаліся, як з’явілася першая кніга, хто яе пісаў і які яна прайшла шлях да з’яўлення сучаснага кнігадруку, а затым прачыталі падрыхтаваныя дома вершы, прысвечаныя мастацкай кнізе, з задавальненнем развучвалі песні, адгадвалі загадкі, успаміналі прымаўкі і пагаворкі.

Асабліва цёпла дзеці прымалі гасцей. Іерэй храма іконы Божай Маці “Скарапаслушніцы” Аляксандр Пранкевіч расказаў пра кнігу кніг Біблію, аб яе значэнні і важнасці ў нашым паўсядзённым жыцці. У сваю чаргу Вера Квяткоўская паведаміла, што кнігі вучаць дабру і міласэрнасці, дапамагаюць разумець свет і людзей. Паэтэса прачытала дзецям нямала новых сваіх вершаў, прысвечаных духоўнасці і сям’і, а таксама падарыла ўстанове некалькі сваіх кніг. А завяршылася вялікае свята наведваннем выхаванцамі выставы праваслаўнай літаратуры, дзе дзеці не проста з цікавасцю разглядвалі ілюстрацыі, але і задалі нямала пытанняў гасцям запамінальнага прыгожага свята Кнігі.

НЕЗАБЫЎНАЯ СУСТРЭЧА

Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, актывіст Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, празаік, перакладчык, публіцыст, крытык і цудоўны казачнік Міхась Сліва днямі быў галоўным героем творчай сустрэчы ў Рагачоўскім дзіцячым садку-яслях №8.

sdr

Для ўстановы, выхаванцаў і выхавацеляў гэта была надзвычай важная і значная культурная падзея, бо, на жаль, умовы пандэміі патрабуюць захавання пэўных умоў. Але тут разумеюць, што сустрэчы з сапраўдным пісьменнікам  і яго непасрэдны кантакт з дзецьмі найлепшым чынам уплывае на душы дашкалят, яны пакідаюць самыя цёплыя і яркія ўспаміны і дапамагаюць фарміраванню нацыянальнага светапогляду,  прывучаюць любіць мастацкае слова і родную мову.

Дык і аўтар сапраўды пастараўся для малых: прачытаў ім нямала сваіх твораў – арыгінальных казак, а таксама гумарыстычных мініяцюр, у якіх галоўныя персанажы – дзеці, якія сустракаліся шчырымі ўсмешкамі і бадзёрымі воплескамі дашкольнікаў. Выхаванцы з задавальненнем задавалі літаратару пытанні, у падарунак яму чыталі вершы, разам удзельнічалі ў гульнях. Не былі ўбаку і выхавацелі: яны арганізавалі выстаўку кніг пісьменніка-земляка і выканалі песню ў гонар госця сустрэчы. А яшчэ пісьменнік аб творчасці сваіх калег – пісьменнікаў Гомельшчыны. Не абышлося і без узнагарод. Міхась Сліва ўручыў пераможцам конкурсу лепшых юных чытальнікаў Рагачоўшчыны ганаровыя дыпломы, а ў падарунак, зрарумела, пакінуў свае новыя кнігі.

“ПІСЬМЕННІКІ – ДЗЕЦЯМ”

У гомельскім дзіцячым садку-яслях №49 ладзілі духоўна-асветніцкую акцыю “Беларускія пісьменнікі-дзецям”, а святочны настрой для дзетак там стварыла гомельская паэтэса, празаік, публіцыст Ганна Атрошчанка.

Пісьменніца не толькі пазнаёміла выхаванцаў са сваімі новымі кнігамі (а сярод іх і зборнікі казак, вершаў для маленькіх), але і прачытала ім нямала вершаў пра Радзіму, прысвечаных самаму дарагому чалавеку на зямлі – маці, роднаму краю і нашай прыгожай прыродзе. Кранутыя цёплай увагай творцы, дашкольнікі адказалі ёй тым жа: даказалі, што яны самыя найлепгыя чытальнікі яе вершаў і нават артысты! Безумоўна, такая сустрэча назаўсёды застанецца ў іх памяці!

З дашкольнымі ўстановамі і пачатковай школай актыўна працуюць і іншыя пісьменнікі  Гомельскага абласнога аддзялення СПБ, якія пішуць свае творы для дзятвы. Гэта і майстар мастацкага слова, ганаровы член СПБ Яўген Калашнікаў, паэтэсы Людміла Яськова і Алена Мацвіенка, Лідзія Долбікава, маладзейшыя  творцы Іна Спасібіна, Іна Зарэцкая, Ала Бялькова, Андрэй Матвеенка і Таццяна Майсеева. Толькі за апошнія 5 гадоў з-пад пяра гомельскіх дзіцячых пісьменнікаў выйшла больш сарака выдатных кніг, якія з задавальненнем чытаюць нашы дзеці.

Уладзімір ГАЎРЫЛОВІЧ, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

На здымках: у час творчых сустрэч пісьменнікаў Гомельшчыны ў дзіцячых дашкольных установах.

Яндекс.Метрика