Больш дзесяці гадоў у горадзе над Сожам па ініцыятыве пісьменнікаў абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” працуе гурткова-пазакласнае фарміраванне – школа-студыя “Малады літаратар”. Днямі з пачаткоўцамі на базе абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна сустрэўся кіраўнік Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

Тэма сустрэчы, як адзначыў заслужаны дзеяч культуры Беларусі, вядомы беларускі празаік і публіцыст, – больш актыўнае ўзаемадзеянне аматарскага калектыву, дзе школьнікі, студэнцкая і рабочая моладзь абласнога цэнтра і прыгарадных раёнаў, атрымліваючы неабходныя веды, па словах беларускага класіка, як “абрабляць” яго трэба (свой твор – удакл.аўт.) з цярпеннем” і дзе аўтары-пачаткоўцы атрымліваюць магчымасць першага абнародавання сваіх творчых набыткаў, з прафесійнымі аўтарамі аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Пісьменніцкая абласная арганізацыя актыўна працуе з творчай моладдзю і ўсімі аўтарамі, якія спрабуюць заявіць аб сабе ў творчасці, адзначыў далей Уладзімір Гаўрыловіч. Каб выявіць і падтрымаць пачаткоўца, штогод праводзяцца шэраг абласных і міжраённых творчых конкурсаў для розных узроставых груп і нават прафесій. А вынікам іх становіцца Форум маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці, які праводзіцца штогод пісьменніцкай арганізацыяй. Такіх форумаў, дарэчы, за апошнія гады прайшло пяць. Лаўрэаты і фіналісты запрашаюцца на майстар-класы, гутаркі, атрымліваюць кансультацыі, разборы мастацкіх твораў, дасланых на конкурсы. А праводзяць усё гэта найбольш вопытныя пісьменнікі, можна сказаць, майстры слова вобласці. Калі ж у пачаткоўца заўважаецца не толькі жаданне пісаць, ёсць здольнасці, цярпенне і жаданне працаваць у жанрах паэзіі ці прозы, то іх лепшыя творы прапануюцца для размяшчэння як у выданнях аддзялення ці рэкамендуюцца для публікацыі ў часопісе “Маладосць” ці, нават, з дапамогай прафесіяналаў-рэдактараў, выходзіць іх першая кніга. Маладыя аўтары, якія наведваюць як гэтую студыю, так і іншыя аматарскія літаратурныя аб’яднанні пры ўстановах адукацыі і культуры, многія з якіх узначальваюць пісьменнікі аддзялення, вылучаюцца да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсах, і перамагаюць там. У 2019 годзе абласная пісьменніцкая арганізацыя наладзіла нават першы злёт аматарскіх аб’яднанняў Беларусі, Расіі і Украіны, у якім прынялі удзел 12 каманд. Такая праца будзе і надалей прадоўжана.

Кіраўнік пісьменніцкай суполкі прыйшоў на сустрэчу з пачаткоўцамі не з пустымі рукамі: ён уручыў пераможцам розных гадоў Фестываля рускай паэзіі ў Рэспубліцы Беларусь “Сугучча слоў жывых” альманах гэтага форуму, які толькі што выйшаў з друку з творамі маладых аўтараў. Сёлета першае месца ў гэтым конкурсе заняла гамальчанка Аліна Рыцік, у мінулыя гады пераможцамі станавіліся маладыя аўтары Іван Краўцоў і Фёдар Бусел. Гэта адна з прыступак да прафесіяналізму, якіх у моладзі будзе яшчэ шмат. Галоўнае – працаваць!

Старшыня абласнога аддзялення СПБ падзякаваў паэтцы Ніне Шкляравай за шматгадовую плённую працу на ніве падтрымкі маладых крылаў. Ён таксама падзяліўся вынікамі і задачамі, пастаўленымі перад адной з самых вялікіх у СНД творчай пісьменніцкай структурай на 25 з’ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі, агучыў планы пісьменніцкай арганізацыі на бягучы год. У прыватнасці, ён запрасіў пачаткоўцаў удзельнічаць у новых конкурсах і акцыях, у літаратурных фестывалях новагоддзя, а маючых ужо значныя набыткі нават “пашукаць шчасця” у конкурсе рукапісаў на саісканне абласной прэміі імя Кірылы Тураўскага.

Адбылася таксама шчырая размова аб удзеле юных аматараў ў аўтарскіх літаратурных вечарынах, аб прадстаўленні іх набыткаў абласному чытачу на старонках альманаха “Літаратурная Гомельшчына”, аб удзеле ў святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Добрушы, і іншым. Уладзімір Гаўрыловіч, а таксама прысутныя на сустрэчы пісьменнікі Тамара Кручэнка, Лідзія Долбікава, Алег Ананьеў і Наталля Шэмяткова адказалі на шматлікія пытанні маладых аўтараў. Маладыя аўтары і пісьменнікі-прафесіяналы дамовіліся разам да восені падрыхтаваць вечарыну “Калейдаскоп славянскага гумару” (па выніках першага конкурсу сатырычнай і іранічнай прозы і паэзіі імя В.Ю.Ткачова). Няхай ім спрыяе поспех!

Улад ПРЫАЗЁРНЫ.

Фота прэс-службы Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Яндекс.Метрика