Паэтычныя здабыткі Соф’і Шах вельмі ўражваюць. І не колькасцю кніг, што выйшлі з-пад яе пяра за чатыры дзесяткі гадоў творчай працы – больш 20-ці, (у кагосці і за меншы час — пад сотню, а чытаць няма чаго), а сваёй значнасцю для літаратуры. А значыць, для ўсіх нас. І гэтая значнасць асаблівая. Пачнем з таго, што на сёння Соф’я Шах у нас, і ўвогуле ці не ва ўсёй літаратуры адзіны творца, які стварыў вянок вянкоў вянкоў санетаў. Не, я не агаварыўся, менавіта так і гучыць гэты класічны санетны жанр. І законы яго вельмі строгія, не прымаюць ніякіх адхіленняў. А вобразная структура складаная і захапяючая, патрабуе незвычайнага майстэрства і ведаў.
Што такое санет, вядома са школы. Найперш па творчасці Янкі Купалы, Максама Багдановіча, Змітрака Бядулі, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна. А калі наогул гаварыць пра яго ў нашай літаратуры, дык пасля ўзораў санета, пададзенага класікамі, ужо ў не такія далёкія ад нас часы, ды і ў нашы, у гэтым жанры з розным поспехам працавалі і працуюць многія аўтары розных пакаленняў. І ўсім ім – вялікая пашана: жанр развіваецца. А гэта дае глебу для новых твораў такога накірунку. Назапашваецца і ўласны творчы вопыт аўтара, і агульналітаратурны. Ды і Соф’я Шах, паэтэса надзвычайнага таленту, свой творчы шлях да вянка вянкоў вянка санетаў, а потым і да дыядэмы санетаў, (тлумачэнне пасля) пачынала з санетаў. І як заўважаў ізяслаў Катляроў, наш выдатны рускамоўны паэт, глыбокі знаўца літаратуры наогул, санеты і прывялі Соф’ю Шах датакога творчага выніку. У свой час ён напісаў прадмову да адной з першых кніг вянкоў санетаў паэтэсы, быў рэдактарам кнігі “Азарычы”. А ў 2021 годзе ў газеце “Літаратура і Мастацтва” у нумары ад 5 чэрвеня ён паведаміў, што С.Шах стварыла “Дыядэмную споведзь”. Як факт, здаецца, падобнага пакуль не існуе ў літаратуры наогул. (Кніга рыхтуецца ў адным з выдавецтваў). Хаця, як падае “Паэтычны слоўнік” Вячаслава Рагойшы, ёсць звесткі, што ў 1994 годзе рускі паэт С.Мінтаіраў “стварыў дыядэму санетаў – архітэктурную канструкцыю з 15 вянкоў вянкоў санетаў”, аднак чамусці пакуль іх нідзе немагчыма адшукаць.
Але вернемся да артыкула І.Катлярова “У беларускай літаратуры створаны вянок вянкоў вянкоў санетаў”. Што гэта такое? Цытую: “гэта 15 узаемазвязаных вянкоў вянкоў санетаў, або 224 вянкоў”. І калі падлічыць – 3375 таксама вельмі ўзаемапераймальных санетаў.
У нас стваралі (дапоўню раней сказанае пра тых, хто пісаў санеты) не толькі санеты, але і вянкі санетаў. А хто і вянкі вянкоў. Напрыклад, Змітро Марозаў і Міхаіл Віняцкі. Яны, ды і ўсе, хто працаваў і працуе ў гэтым накірунку, кожны, несумненна, унёс свой уклад ў літаратуру. І ўнёсак Соф’і Шах у яе развіццё, безумоўна, асаблівы. Створанае ёй у гэтым накірунку выходзіць далёка за межы ўласна нашай літаратуры. Паўтараю: пакуль ні даследчыкі, ні чытачы, ні яе калегі па пяры падобнага не выявілі ні ў адной з вядомых нам літаратур. І тут думаеш, што гэтае ўласнае творчае дасягненне паэтэсы Соф’і Шах, якое стала здабыткам усёй нашай літаратуры, як і кожнае дасягненне нашых суайчыннікаў у любой сферы дзейнасці, сведчыць пра невычэрпнасць і рознасць талентаў народа наогул. Спынімся, асэнсуем: выявіцца, што мы, беларусы, і людзі ўсіх нацыянальнасцей, што жывуць у нас у братнім адзінстве і згодзе, надзвычай багатыя і матэрыяльна, і духоўна…
Нарадзілася Соф’я Мікалаеўна Шах 29 лістапада 1947 года ў вёсцы Лясец Калінкавіцкага раёна. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Азарычах. Вучылася, працавала настаўніцай. Першы верш “Осень” надрукавала ў 1972 годзе ў мясцовай райгазеце “Прыпяцкая праўда”. Першая кніга паэзіі “І не пакіне спадзяванне” (1989) выйшла ў знакамітай “Бібліятэцы часопіса “Маладосць”. Сведчу (якраз працаваў там) — адразу прызнанне чытачоў і калег. І … паўсядзённая творчая праца. А ў 1999 годзе выйшаў яе зборнік вянкоў санетаў “Аадухаўленне”. Затым амаль кожны год паэтэса стварала новую кнігу ў гэтым жанры. Назаву некаторыя: “Прысвячэнне”, “Увасабленне”, “На ўсё дабро ў адказ”, “Спасціжнне”, “Азарычы”… Увогуле на сёння паэтэсай створана 229 вянкоў санетаў для дарослых і 26 для юнага чытача! (І для дзяцей – упершыню, і не толькі ў нас). Вядома, каб мець больш менш поўнае ўяўленне аб ўсёй непаўторнай творчасці паэтэсы, трэба прачытаць усё, што выйшла з-пад яе пяра. Паколькі яе кнігі вянкоў вянкоў санетаў у асноўным выходзілі ў прыватных выдавецтвах за кошт аўтара і спонсараў, апроч таго не вялікімі тыражамі, дык такую магчымасць маюць далёка не ўсе аматары літаратуры, настаўнікі, калегі. Таму хачу звярнуцца да дзяржвыдавецтваў: зыходзячы са значнасці створанага паэтэсай для грамадства, можа, знойдзецца магчымасць выдаць усё створанае ёй у гэтым жанры ў адным, ці двух тамах?..
А зараз канкрэтна пра тое, аб чым піша паэтэса. Найперш пра зрухі душы дачкі сваёй зямлі, пра пошукі сябе сярод людзей. Пры гэтым спавядальнасць перад Айчынай найшчырэйшая: такая ёсць, так думаю, так бачу… Скажы, ці так як трэба… (Між іншым, цудоўнейшая рыса класічнай рускай літаратуры, і ў многім нашай таксама.) І пра каханне. Тое сапраўднае, якое акрыляе душу і ўзносіць да нябёс стваральнасці… А калі пра жыццёвы шлях самой паэтэсы, дык пра шчырае яе жаданне служыць роднай зямлі. Вось, напрыклад, пачатак вянка вянкоў санетаў “Увасабленне”: “Дазволь тваёй заступніцаю быць, // мая ты яснаціхая Радзіма. // Святая прад душою і вачыма, // о, не спяшайся просьбу адхіліць!..”
Жаданне служыць Радзіме і быць яе заступніцай, калі ў цябе лёс быць паэтэсай, дык усё адно не толькі сваім жыццёстваральным словам, але і рэальнай, патрэбнай працай (у прыватнасці, настаўніцы). Адказна: наша будучыня. І словам адказна. Яно ж можа быць не толькі светлым, але і цёмным, разбуральным… (У гэтым пераканаліся падчас непрымальных грамадствам падзей мінулага года, якія ў многім былі выкліканы “гнілым” словам, якое авалодала розумам некаторых людзей.)
Чытаеш “Азарычы”( выдадзена ў аўтарскім мастацкім афармленні) і разумееш , як паступова ў дзіцячай душы пад уздзеяннем мудрасці і прыгажосці душы яе маці, вечнай працаўніцы, а таксама добрых людзей, сярод якіх расла, у гэтым куточку нашай зямлі выспяваў паэтычны талент. Той талент, які здолеў падняць над будзеннасцю жыццягляд паэтэсы, які дазволіў ёй асэнсаваць існавання свайго народа, каб потым сказаць усяму свету, што і на нашай зямлі жыве прыгажосць і дабро. І гэта нашы святыні, як і ўсё астатняе наша… А значыць, мы ўсе павінны быць іх заступнікамі…
І яшчэ думалася пра наступнае. А менавіта: здараецца, пэўныя групкі дзялкоў ад літаратуры стараюцца зневажаць творы вялікіх майстроў нацыянальнага мастацкага слова. Нават абражаюць класікаў. Пры гэтым бессаромна раскручваюць “пісанні” якого псеўдалітаратара, які, каб дагадзіць нашым незычліўцам, спрабуе культываць, асабліва юным, нянаскія жыццёвыя нормы. Духаразбуральныя. А мы не вельмі зважаем. Маўляў, што з таго?.. Многае. І найперш – падмена сапраўдных адвечных каштоўнасцей народана пачварнымі. І не кожны, як напрыклад, Соф’я Шах і многія іншыя нашы цудоўныя літаратары, у падобных умовах можа сказаць пра сябе і свае памкненні, так як сказала яна ў прыведзенай вышэй цытаце. Маўляў, хачу быць тваім заступнікам, Радзіма… Але талент часам патрабуе грамадзянскай мужнасці. Без яе няма любові да Айчыны. І без мужнасці душа не ўздымаецца ўвысь. Туды, куды ўзнялася ў творчасці мужная, чуйная да ўсяго свету душа надзвычай таленавітай паэтэсы Соф’і Мікалаеўны Шах, якая падаравала нам тое, чаго яшчэ не было ў літаратуры, і не толькі нашай… Веру, і яшчэ падорыць шмат новых твораў.
Уладзімір Саламаха, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.
