У сваім мінулым роздуме  “Углядаючыся ў лёсы герояў” (“СГ” ад 5.12.гг.), гаворачы пра агульнанародны подзвіг у гады вайны, а таксама называючы імёны некаторых канкрэтных герояў, у тым ліку і юных, я спыніўся на думцы, што іх дзеянні ў складаных, трагічных жыццёвых сітуацыях людзі ніколі не забудуць. Яны, героі, нашы папярэднікі – прыклад самаадданага служэння Айчыне.  А памяць пра іх перадаецца з пакалення ў пакаленне, часу яна  непадуладна… І нагадваў  подзвіг нашага юнага суайчынніка Мішы Мароза, які ён здзейсніў  у  мірны час, ахвяруючы сваім жыццём выратаваўшы жыцці іншых людзей.

    Безумоўна, тое, што тады, у 1977 годзе  на мірным полі з’явіўся снарад часоў вайны, жудасна.  Здавалася б, такога праз столькі гадоў пасля вайны не павінна быць. Але рэаліі такія, што і сёння, як паведамляецца, усё яшчэ водгаласы  ліхалецця з’яўляюцца на нашай зямлі. На шчасце, без чалавечых трагедый: людзі паведамляюць пра снарады і міны, а воіны, унукі і праўнукі франтавікоў, абязшкоджваюць іх. Вось толькі ў выпадку з Мішам Марозам выйсця іншага не было, як яму, ці каму з аднагрупнікаў, “ступіць першым”: снарад рухаўся па транспарцёру бульбаўборачнай тэхнікі, які спыніць было немагчыма. І Міша Мароз, якому не было і 17,  “ступіў першы”, як мог ступіць сапраўдны воін у вайну, ратуючы іншых людзей – такіх прыкладаў з ваеннай пары шмат.  Несумненна, “ступіць першым” мог кожны з яго таварышаў, калі б быў побач з камбайнам…  Такая выснова найперш не мая, а аўтараў дакументальнага фільма пра подзвіг Міхаіла Мароза “Шагнул первым” беларускіх  рэжысёраў-дакументалістаў  Вадзіма Сукманава  і Рычарда Ясінскага.  Дарэчы, яны дзецьмі перажылі вайну, самі былі сведкамі подзвігаў нашых воінаў пры вызваленні краіны ад ворагаў, а таксама сведкамі працоўных подзвігаў простых грамадзян па аднаўленні мірнага жыцця ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.

   І вось 43 гады пасля подзвігу  Міхаіла Мароза да такой жа высновы, што на яго месцы мог быць кожны з яго таварышаў,  прыходзяць ужо іншыя нашы суайчыннікі. Тыя, што  не ведалі вайны, але чулі пра яе ад прадзедаў, дзядоў і бацькоў, чыталі ў кнігах, бачылі ў кіно. Гэта  ўдзельнікі адкрытага конкурсу Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”, вынікі якога падведзены напрыканцы года.

    Ініцыятыва конкурсу належыць Уладзіміру Гаўрыловічу, слыннаму пісьменніку, кіраўніку Гомельскай абласной пісьменніцкай арганізацыі, земляку героя. Міша Мароз нарадзіўся 28 лістапада 1959 года  ў вёсцы Бярэжцы Жыткавіцкага раёна. (У  Жыткавіцкім раёне ў вёсцы Вятчын ў 1967 годзе  нарадзіўся У.М.Гаўрыловіч. У сваім раёне працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, галоўным рэдактарам райгазеты. Пра Мішу Мароза ведае шмат, пра яго расказвае вучням і студэнтам, збірае матэрыял для кнігі пра героя).

    Але вернемся да конкурсу “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”. У ім прынялі ўдзел як сталыя літаратары,  сярод якіх лаўрэаты дзяржаўных прэмій, так і проста пісьменнікі і журналісты,  работнікі бібліятэк, настаўнікі, спецыялісты сельскай гаспадаркі, і што адметна – беларускія і расійскія школьнікі. Конкурс не абяцаў пераможцам грошай. Адно – адметнае надрукуем у літаратурным альманаху. І гэта, між іншым, не такі ўжо і стымул: сёння надрукавацца з чым хочаш – не праблема… Дык жа што,  скажу так, рухала і сталымі,  і юнымі ў выказвані сваіх меркаванняў  пра подзвіг  Мішы Мароза? Адказ у працах удзельнікаў конкурсу, а іх вельмі шмат у намінацыі прозы і паэзіі для дарослых і дзяцей, адназначны:  у нас, на нашай зямлі, на зямлі нашых братніх народаў памяць перадаецца з пакалення ў пакаленне. І што б не адбывалася ў рэчаіснасці, як бы хто “збоку” не імкнуўся пераіначыць нашу гісторыю, разрушыць вобраз нашага чалавека героя і стваральніка – памкненні марныя. І гэта пры тым, што з часу подзвіга Мішы Мароза іншымі сталі рэспублікі (але засталіся братнімі). Пры тым, што змяніўся грамадскі лад, што ў многім для многіх змяніліся жыццёвыя каштоўнасці, што пастаянна і ўпарта нашай моладзі “збоку” навязваецца зусім не наш светапогляд. Значыць, жыццядайныя карані ў нас моцныя, і жыццёвы стрыжань народа, братніх народаў  не падуладны ніякім чужым памкненням…

     І зноў — да Мішы Мароза. Уладзімір Гаўрыловіч хацеў адшукаць у Беларусі копію фільма пра яго “Шагнул первым”.  Не знайшоў. Фільм пасля выхаду шырока дэманстраваўся, стужкі не захавалася. Але ў той час, як і патрабавалася,  была здадзена копія ва Усесаюзны архіў кінафотадакументаў у Краснагорску, што  пад Масквой.  І У.Гаўрыловіч звярнуўся з просьбай у гэты, цяпер Усерасійскі дзяржаўны архіў кінафотадакументаў,  патлумачыўшы, што да чаго. Неўзабаве вядучы спецыяліст Людміла Дзянісава паведаміла: фільм знайшлі! А  дырэктар Наталля Калантарова дала распараджэнне  БЯСПЛАТНА зрабіць копію і падараваць  яе абласному аддзяленню Саюза пісьменнікаў: хай глядзяць людзі, і не толькі на Радзіме Мішы Мароза.

   Дык вось, і ў Гомелі, і на радзіме героя юныя і дарослыя паглядзелі фільм, які расказвае пра подзвіг Мішы Мароза, свядома здзейснены ім у мірны час на мірным полі. Пра  подзвіг раўназначны подзвігу воіна. І ўзнагарода герою – воінская:  Ордэн Чырвонай зоркі…

  У свой час пра Мішаў подзвіг расказалі  многія цэнтральныя газеты, і мясцовыя выданні – таксама. Тады паўсюль, і не толькі ў нас (і пра гэта ў фільме) школьнікі збіралі матэрыялы пра героя, а піянерскія дружыны спаборнічалі за званне насіць яго імя…   Так, змяніўся час, мяняюцца уклады жыцця, змяняюцца пакаленні людзей. Але зноў жа – людская памяць застаецца нязменнай. І як бачым, не толькі на Мішавай радзіме, малой і вялікай. Якая яна была і ёсць у нас вялікая, наша агульная, ведаем. Як і ведаем, якая яна ў кожнага так званая малая.  А якой яна была тады там, дзе нарадзіўся і рос Міша Мароз? Якія людзі яго акружалі? Сярод каго фарміраваўся яго светапогляд?..

      Мішавы бацькі – звычайныя зямныя людзі. Маці Вольга Іванаўна і бацька Міхаіл Сцяпанавіч,вядома, самыя “галоўныя” людзі ў яго выхаванні. Затым, як было, ёсць і будзе ў нас – суседзі, сябры, настаўнікі, школа, вучэбная установа. І зноў жа тое, пра што мы не аднойчы гаварылі раней: генетычны код народа – рабіць дабро іншым, ствараць на сваю карысць, на карысць людзям і грамадству.

    І пра гэта пісалі канкурсанты, у тым ліку і юныя. І пра гэта гаварылі ўсе тыя, хто помніць Мішу сціплым, надзвычай добрым, зычлівым і ў сваёй вёсцы, і ў школе ў ёй, і ў Хільчыцкай сярэдняй школе, дзе ён скончыў 8 класаў, а пасля паступіў у Аршанскае педвучылішча. А ўвогуле помняць паўсюль, усе, дзе яму давялося быць і з кім сустракацца за такое кароткае жыццё.

    Землякі па праву шануюць яго памяць. На яго магіле – абеліск з чырвонай зоркай. А каля Жыткавіцкай СШ №1 – помнік герою.   Шануем яго і мы ўсе. І калі задумваешся пра прыроду ўвогуле подзвігу, тым больш юнага грамадзяніна Айчыны, такога як Міша Мароз, канешне ж, хочацца каб подзвігі былі толькі мірнымі. Подзвігі працы. Як, без перабольшання, подзвігі нашых суайчыннікаў розных пакаленняў на мірным полі сёння, дзякуючы каму мы маем свойвялікі мірны хлеб… Як подзвіг рабочых, якія ствараюць машыны, будаўнікоў, якія будуюць жыллё, вучоных, палітыкаў, зрэшты ўсіх, хто працуе ў імя сябе і Айчыны. І, безумоўна,  нечувалы дасюль у мірны час подзвіг нашых дактароў, знакамітых і простых, ва ўзросце і юных – студэнтаў медыцынскіх ВНУ і медвучылішчаў, які побач з імі ў няпросты час. І, вядома ж, подзвіг абаронцаў Айчыны, якія надзейна ахоўваюць межы краіны. А таксама тых, хто на варце грамадскага парадку ў нашых гарадах і вёсках.     Мабыць, нехта запярэчыць, маўляў, ва ўсіх нас – проста такая наша праца: ствараць, які ж тут подзвіг?.. Хай і так, але ж… Але ж, безумоўна, на подзвігі здольны толькі тыя, хто можа годна рабіць сваю справу ва ўсе часы жыцця грамадства, хто шануе і любіць Радзіму.

Уладзімір САЛАМАХА, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі.

“Сельская газета” ад 19.12.2020 года.

Яндекс.Метрика