Першая Рэспубліканская чытацкая канферэнцыя “Мая любімая кніга”, якая адбылася ва ўстанове адукацыі “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту” пры падтрымцы Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, засведчыла: мастацкая кніга застаецца ключом да пазнання сябе і свету, яна здольна змяняць да лепшага наша жыццё.
У свой час Францыск Скарына падкрэсліў: “Любіце кнігу, бо яна — крыніца мудрасці, ведаў і навукі, лекі для душы”. Прайшлі стагоддзі, і жыццё пераконвае, што друкаваныя кнігі, асабліва мастацкія, нягледзячы на тое, што значны ўздзейнічае на нас лічбавая эпоха, калі дзеці, падлеткі ды і моладзь больш захопленыя сацыяльнымі сеткамі і гаджэтамі, усё ж не здаюць сваю пазіцыю. На гэтым і іншых аспектах вартасці кнігі і чытання звярнулі ўвагу ў прывітальным слове да ўдзельнікаў чытальніцкай канферэнцыі (сярод іх – студэнты і выклачыкі навучальных устаноў як горада над Сожам, так і са сталіцы) прарэктар па навуковай рабоце БелДУТа Аляксандр Ярафееў, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, дэкан факультэта навучання замежных грамадзян ВНУ Таццяна Власюк. Яны адзначылі, найперш акцэнтуючы ўвагу студэнцкай моладзі, што чытаць мастацкія трэба, паколькі менавіта яны могуць зрабіць асобу ўсебакова развітой, пісьменнай і эрудыяванай, акрамя таго, кнігі маюць значнасць не толькі ў нашым асабістым жыцці, але і ў прафесійнай дзейнасці.


Сугучнасць гэтых думкак, дарэчы, была і сярод шырокага кола выступоўцаў, якія падрыхтавалі на канферэнцыю цікавыя прэзентацыі мастацкіх кніг, якія не толькі для іх “расчынілі” дзверы ў незвычайны і дзіўны свет літаратуры, а – галоўнае — далі адказы на самыя розныя i важкiя для чытача пытанні.
Напрыклад, Таццяна Власюк падрыхтавала грунтоўны аналіз на тэму “Кнігі ў нашым жыцці”. А яе калега, кандыдат тэхнічных навук, дацэнт БелДУТа Аляксандр Галоўніч сваю цікавую прэзентацыю назваў так: “Сума тэхналогій Станіслава Лема”. У сваю чаргу, старэйшы выкладчык тэхнічнага ўніверсітэта транспарту падзяліўся сваімі развагамі на тэму: “Чалавек у соцыуме на прыкладзе фантастычнай аповесці братоў Стругацкіх “Пікнік на абочыне”. А вось кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Анатоль Міхальчанка прапанаваў прысутным крытычны аналіз работы ўпраўленчага персаналу на чыгунцы ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя на прыкладзе рамана “Бесы” Фёдара Дастаеўскага. “Мастацка-вобразнае ўспрыняцце твораў мастацкай літаратуры ў розныя перыяды жыцця жанчыны” – з такім паведамленнем выступіла кандыдат тэхнічных навук, дацэнт і аматар якаснай мастацкай кнігі Алена Галай. Наколькі сугучны сённяшняму дню творы І. Ільфа і Е.Пятрова “12 стульев” і “Золотой теленок”, напісаныя амаль 100 гадоў таму назад? Яны сапраўды вельмі і вельмі актуальныя, чалавеку 21 стагоддзя ў іх можна знайсці адказы на любыя пытанні – эмацыянальна і доказна ў сваёй цікавай прэзентацыі-прадстаўленні любімай кнігі канстатавала і ініцыятар канферэнцыі, дэкан факультэта навучання замежных студэнтаў Таццяна Власюк…


Акрамя пранікнёных выступленняў-прэзентацый любімых кніг, у межах рэспубліканскай канферэнцыі адбылася і дыскусійная пляцоўка “Што бачыць і што хоча бачыць сучасны чытач у мастацкіх творах?”, а таксама абмеркаваны соцыякультурныя аспекты пры фарміраванні каштоўнаснай парадыгмы сучасніка на прыкладзе мастацкіх твораў. Некалькі гадзін працы праляцелі як адно імгненне, бо ўсім удзельнікам канферэнцыі на ёй было вельмі цікава.




Напрыканцы форума Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў кіраўніцтву ВНУ, факультэта навучання замежных студэнтаў, а таксама захопленых аматараў чытання ўстановы і гасцей канферэнцыі за любоў да мастацкай кнігі. У прыватнасці, літаратар адзначыў: “Я надта ўзрадаваны і ўзрушаны падзеяй, якая сёння адбылася. Давайце павернемся да кніг, палюбім іх, як і раней, а яны нам абавязкова аддзячаць. Перакананы, што формы чытацкіх канферэнцый патрэбна нам адраджаць і папулярызаваць мастацкую кнігу, як ніколі раней… ”

Заслужаны дзеяч культуры Беларусі У.Гаўрыловіч уручыў самым актыўным чытачам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту дыпломы і граматы абласной пісьменніцкай арганізацыі, а таксама ў якасці падарунка — аўтарскія кнігі пісьменнікаў Гомельшчыны і абласныя альманахі.
Мікалай ІГНАТОВІЧ
На здымках: у час рэспубліканскай чытачкай канферэнцыі
