У выніку правядзення 29 мая на фестывалі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ чацвёртага тура XVI абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прысвечанага Году гістарычнай памяці і 140-годдзю беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, а таксама ХХIХ Дню беларускага пісьменства, вызначыліся ўладальнікі Гра-пры папулярнага на Гомельшчыне конкурсу.


На працягу пяці месяцаў бягучага года доўжылася гэтае творчае спаборніцтва паміж вучнямі агульнаадукацыйных школ Гомельшчыны: вучні агульнаадукацыйшых школ ад 12 да 17 гадоў у дзвюх самастойных намінацыях выбіралі для выразнага чытання мастацкія творы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і творы сучасных гомельскіх творцаў, і 14 з іх – лепшыя з лепшых чытальнікаў рэгіёна, якія ўдзельнічалі і перамаглі ў трох турах (школьным, раённым і абласным) – былі прызнаны лаўрэатамі абласнога конкурсу. Аднак аргкамітэт конкурсу вырашыў яго сёлета пашырыць, і правесці яшчэ адзін, чацвёрты тур, у ходзе якога прапанавалі школьнікам пазмагацца за званне ўладальніка Гран-пры і творчую пуцёўку на вялікае восеньскае рэспубліканскае свята ў старажытны Добруш, дзе пераможцаў конкурсу будзе чакаць нямала сюрпрызаў і творчых сустрэч з беларускімі, рускімі і ўкраінскімі пісьменнікамі.
Чацвёрты тур, заўважым, больш нагадваў свята слова, чым нейкае спаборніцтва. Напачатку ўдзячнае слова пачулі 14 педагогаў лаўрэатаў конкурсу – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. Старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч уручыў ім спецыяльныя дыпломы-падзякі і кніжныя падарункі, адзначыўшы, што для яго асаблівы гонар ушанаваць лепшых педагогаў вобласці, чые вучні перамаглі на ўсіх этапах конкурсу.
А затым кожны з юных лаўрэатаў стараўся данесці праз выразнае чытанне аўтарскую задуму, яго пачуцці і думкі, але, безумоўна, не маглі схаваць шчырыя душэўныя хваляванні, выкліканыя ўласным прачытаннем паэтычнага ці празаічнага твораў, таму не выпадкова, што пасля кожнага выступлення канкурсанта ў зале гучалі працяглыя апладысменты. Цёплыя словы ўдзячнасці ім прагучалі затым ад імя членаў аргкамітэта і журы, а таксама кніжныя падарункі з аўтографам-пажаданнем непасрэдна ад аўтараў мастацкіх твораў.

Іванюценка Аляксандра , Прышчэп Глеб
Аднак інтрыга – хто ж атрымае Гран-пры конкурсу – раскрылася толькі праз некалькі гадзін, у час святочнай праграмы “Свята добрыых слоў”, арганізаванай на галоўнай пляцоўцы фестывалю кнігі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ. Яе арганізатар і вядучы, заслужаны дзеяч культуры, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч, пасля ўзнагароджвання спецыяльнымі дыпломамі лаўрэатаў конкурсу, ускрыў канверты з канчатковым рашэннем аргкамітэту і журы конкурсу. Такім чынам, уладальнікам Гран-пры XVI абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”, прысвечанага Году гістарычнай памяці і 140-годдзю народных пісьменнікаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа (сярод чытальнікаў твораў беларускіх класікаў) прызнаны вучань 9 класа дзяржаўнай ўстановы адукацыі «Камунараўская сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна» Лысы Арсеній (настаўнік – Жгарова Валянціна Мікалаеўна), які так вельмі хораша і пранікнёна змог данесці да гледача урывак з паэмы “Новая зямля” Якуба Коласа. А ў намінацыі, прысвечанай Дню беларускага пісьменства сярод чытальнікаў мастацкіх твораў літаратараў Гомельшчыны – членаў абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, прысвечаных роднаму краю і духоўнаму багаццю рэгіёна уладальнікам Гран-пры стала Саханава Юлія, вучаніца IX класа ДУА “Матнявіцкі яслі-сад-базавая школа Чачэрскага раёна” (настаўнік – Радзькова Ганна Іванаўна), якая на ўсіх чатырох турах прадстаўляла ўрывак з радзела “У снежную буру” рамана Уладзіміра Гаўрыловіча “Сэрца сваё не падманеш…”. Уладальнікаў Гран-пры арганізатары ўзнагародзяць спецыяльным дыпломам увосень на свяце беларускага пісьменства ў Добрушы, дзе яшчэ раз прагучаць радкі мастацкіх твораў іх любімых аўтараў.

Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі” арганізавала XVІ абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, Гомельскага абласнога аддзялення Фонда Міра і Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі, таму фіналісты і лаўрэаты атрымаюць падарункі і ад гэтых устаноў і арганізацый.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ.
На здымках: у час падзеі на гомельскім фестывалі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ.
Віншуем лаўрэатаў! І іх настаўнікаў!
Борсук Расціслаў, вучань 10 «А» класа, дзяржаўная установа адукацыі “Сярэдняя школа №16 г.Мазыра”. Янка Купала. Верш “Беларускім партызанам”. Настаўнік – Бялецкая Валянціна Фёдараўна;
Іванюценка Аляксандра (11 клас), Прышчэп Глеб (9 клас), ДУА “Казялужская сярэдняя школа”. Янка Купала “Сын і маці”. Настаўнік –Валенчыц Наталля Фёдараўна;
Хандожка Ілларыён, ДУА “Сярэдняя школа № 24 г.Гомеля”, 6 «С» клас. Якуб Колас “Спатканне і знаёмства”, настаўнік – Ларцава Кацярына Генадзьеўна;
Саханаў Мікалай, вучань VII класа, ДУА “Матнявіцкі яслі-сад- базавая школа Чачэрскага раёна”. Я.Колас, урывак з паэмы “Сымон-музыка”; настаўнік – Радзькова Ганна Іванаўна;
Блошкін Віталь, вучань 7 класа, ДУА “Крупецкі дзіцячы сад – сярэдняя школа”. Якуб Колас. “Савось-распуснік”; настаўнік – Кароткая Кацярына Аляксандраўна;
Назаранка Ірына, 6 клас, ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Хойнікі”. Якуб Колас “Песня аб вясне”. Настаўнік – Лебядзеўская Марына Пятроўна;
Лысы Арсеній, 9 клас, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Камунараўская сярэдняя школа Буда-Кашалёўскага раёна». Якуб Колас, урывак з паэмы “Новая зямля”. Настаўнік – Жгарова Валянціна Мікалаеўна.
Віншуем лаўрэатаў! І іх настаўнікаў!
Саханава Юлія, IX клас, ДУА “Матнявіцкі яслі-сад-базавая школа Чачэрскага раёна”. У. Гаўрыловіч, раман “Сэрца сваё не падманеш…”, урывак з часткі “У снежную буру”. Настаўнік – Радзькова Ганна Іванаўна;
Смялоў Уладзіслаў, VII клас, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Губіцкая базавая школа Буда-Кашалёўскага раёна». Васіль Ткачоў. “Бульбашы”. Настаўнік – Белянок Ірына Валер’еўна і Маслёнчанка Марына Міхайлаўна.
Піцунік Анастасія, 9 «А», ДУА “СШ №6 г. Рэчыцы імя С.В.Сыча”. Васіль Ткачоў. “Хаткі”. Настаўнік – Куляшова Алена Аляксандраўна;
Федаровіч Дзіяна, 10 клас, Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Ленінскі дзіцячы сад–сярэдняя школа”, Жыткавіцкі раён. Урывак з аповесці Уладзіміра Гаўрыловіча “Глыбокія карані”. Настаўнік – Русая Алена Іванаўна;
Яроцкая Кацярына, ДУА “Сярэдняя школа № 19 г.Гомеля”, 9 “Б”клас. Шэметкова Наталля Генадзьеўна “Свет стане больш”. Настаўнік – Лагвіненка Ганна Віктараўна;
Адзінец Вікторыя, 8 клас, ДУА “Акцябрская раённая гiмназiя”. Віктар Лоўгач. “Тэлефон падвёў”. Настаўнік – Філіповіч Жанна Анатольеўна.
