Роздум вядомага беларускага пісьменніка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Саламахі пра паэта Уладзіміра Шпадарука
Пра няпросты лёс паэта Уладзіміра Шпадарука я даведаўся ў 1997 годзе. Адкрыў яго першую кнігу вершаў “Весна на подоконнике” з уступным словам вядомага паэта Міколы Янчанкі, які жадаў аўтару “новых поспехаў на паэтычнай ніве, а таксама мужнасці ў паўсядзённым жыцці…” (У свой час ён, адказны сакратар рагачоўскай райгазеты, надрукаваў там першыя вершы юнака У.Шпадарука). А далей фота аўтара і аўтабіяграфія. Уладзімір Мікалаевіч піша, што нарадзіўся ў 1950 годзе ў вёсцы Бабічы Рэчыцкага раёна. І – сцісла пра працу да хваробы, пра тое, што з 1980 года інвалід 1-й групы. А таксама гэта: “Женат. Жену мою зовут Нина. Мы делим пополам все наши радости и горести вот уже на протяжении десяти лет». Тады і адкрылася, каму паэт прысвячае свае вершы пра жанчыну і каханне, якія раней я чытаў у газетах і часопісах. Напрыклад, “Без цябе”: “Мне цяжка нават уявіць, // Што магло б здарыцца са мною, // Калі б цябе сярод спакою // Мой дух не здолеў паланіць. // О, як удзячны лёсу я // За тваю шчырасць, твае рукі, // Што наваколля чую гукі, // Што ў сэрцы неба і зямля. // Не плач, прашу, і не сумуй, // Што восень лісце абрывае… // Я побач, я цябе кахаю, // А за астатняе даруй”. Сваёй жонцы — каханай, сяброўцы, дарадчыцы. Нядаўна святкавалі 70-ці гадовы юбілей Ніны Уладзіміраўны — шчыра віншуем яе і мы, зычым усяго найлепшага…

Той зборнічак вершаў Уладзіміра Шпадарука па паліграфічным выкананні больш нагадвае прыватнае альбомнае выданне, чым тады яшчэ звыклае нам прафесійнае. (Але сапраўдная паэзія не знікае з часам – чытаю і цытую сёння тое яго ранняе.) Выдаць кнігу паэту дапамаглі некаторыя прадпрыемствы, а таксама тыя, хто ведаў і ведае яго і як чалавека, і як творцу.
Зноў з біяграфіі. Ён змалку працаваў, як і ўсе мы ў той час, дома, у полі – вясковец жа… Вершы пачаў пісаць з 17-ці гадоў. Вучыўся ў ПТВ. Служыў у Савецкай Арміі — надзвычай ганарова для хлопцаў яго і майго пакалення. (Пахвальна, што і ў сённяшнім нашым жыцці для многіх і многіх унукаў і праўнукаў былых абаронцаў Айчыны служба ў войску – гонар.) Ды праца: матажнік, шафёр, карэспандэнт раёнкі, газавыратавальнік. І … цяжкая хвароба. Але, як бачым, яна не зламала яго чалавечы дух, а паэзія стала тым непарыўным жыццёвым звяном, якое і яднае Уладзіміра Шпадарука з людзьмі. І не толькі з тымі, якія яго ведаюць, а паўсюль на нашай зямлі. (Друкаваўся амаль ва ўсіх раённых газетах рэспублікі, у літаратурна-мастацкіх часопісах, на яго рахунку шэраг кніг паэзіі).
Чытаеш вершы гэтага мужнага і чалавека і паэта і разумееш, што ён не баіцца ніякіх нягод, перамагае іх. Страшна толькі дарэмна пражыць жыццё, у чым прызнаецца ў вершы “Жыву як жывецца…”, ды “згубіць сваё сэрца” (Маё сэрца”), страціць незаўважна для сябе чалавечую годнасць і шчырасць. Бо сэрца яго для таго, “каб нехта мог у ім сагрэцца, // Інакш нашто яно тады!” І калі паэт думае так, то асабістае аддаляецца ад яго, і тады, як кажуць, на першы план выходзіць наша агульначалавечае. Цытую: “…каб толькі, нібы на паверцы, // Стаялі мір і дабрыня”. (“Мне не патрэбна срэбра зіхаценне”…)
Верш напісаны ў канцы 1990-х, калі паўсюль многае, здзейсненае рознымі пакаленнямі нашых людзей, рушылася. Асобныя з нас кінуліся прысвойваць агульнанароднае, а паэт прадбачыў, што можа здарыцца, калі стане ўладарыць бессаромнасць. І ён, як былы салдат, клікаў у вершах “на паверку” сумленне, каб не страціліся дабрыня і чалавечнасць. І гэтыя яго творы актуальныя і сёння: сапраўдная паэзія не знікае ў часе… Сваю грамадзянскую пазіцыю да рэчаіснасці ён ярка выказаў у вершах “Мне не патрэбна срэбра”, “Голас Радзімы”, “На чым трымаецца зямля?” і іншых.
Увогуле ж тэматыка твораў Уладзіма Шпадарука ахоплівае многія аспекты не толькі яго асабістага жыцця, але і нашага агульнага. Так, у зборніку “Крыніца кахання” — вядома ж, асабістае каханне яго і яе або яе і яго. І людзей наогул. А таксама – чалавек і прырода, праблемы рэчаіснасці і любоў да Радзімы… А ўрэшце рэшт, усё наша існае, такое няпростае, але менавіта наша, дзе і радасць, і сум. І як заўважае пісьменнік Міхась Сліва (таксама горада Рагачова), які часта наведвае калегу па пяры, якраз менавіта такія творы Уладзіміра Шпадарука вызначаюцца яго асабістай спавядальнасцю перад чытачом. І ў гэтым бязмежны давер да людзей.
Увогуле, аўтарская “спавядальнасць” у нашай паэзіі сустракаецца даволі часта. Так, лірычны герой (сам паэт) у некаторых жыццёвых сітуацыях спавядаеца за ўсё, зробленае ім, перад людзьмі, сваёй зямлёй, увогуле перад Радзімай як найвышэйшымі суддзямі для яго. Пры гэтым хоча ведаць, ці патрэбны людзям. Зноў цытую: “Знать бы мне, что кто-то где-то // Все же помнит обо мне, // Я б зимой, весной и летом // Эту жизнь любил вдвойне.”
Разумееш, што такое звычайна гаворыцца ў вельмі няпростыя хвіліны жыцця. Можа, у адчаі нават… Здараецца, нясцерпна гняце адзінота… Але промнем святла блісне разуменне, што ад усяго гэтага можа ўратаваць толькі тое, што ты патрэбны камусці. Таму і з”яўляюцца такія радкі. І калі яны кладуцца на паперу, а потым выходзяць да людзей і адгукаюцца ў іх сэрцах, тады адступаюць уласныя беды…
Цытаваў верш паэта, напісаны напачатку яго хваробы і адзіноты. Але ён не скарыўся бядзе і зноў, як да гэтага, пачаў пісаць вершы. І яны, ужо больш сталыя, чым у юнацтве, з роздумам пра сябе, пра час, пра людзей у часе, акрэслілі паэтычнае крэда: самае каштоўнае ў жыцці – “калі ты патрэбны камусці…” (“Нашы каштоўнасці”).
Час засведчыў: яго паэзія патрэбна народу. Гэтаксама, як была патрэбна ім яго праца мантажніка,шафёра, газавыратавальніка… Таму ў многіх творах не толькі стан сваёй душы, пошукі свайго месца сярод людзей, але наогул стан душы чалавека ў самых розных жыццёвых сітуацыях. Адметнасць паэзіі Уладзіміра Шпадарука і ў тым, што яна надзвычай шчырая, з бязмежнай даверлівасцю да чытача: “Вось свет маёй душы — аддаю яго вам. Можа, патрэбны каму, як некалі была патрэбна іншым мая рэальная праца, якой аддаў маладыя гады… І калі чытаеш яго кнігі вершаў “Крыніца кахання”, “Мне назначено судьбою”, “Паміж цемрай і святлом”, “У згодзе з сумленнем” (дарэчы, піша на беларускай і рускай мовах), дык згаджаешся з калегамі па пяры, якія ацэньвалі творчасць Уладзіміра Шпадарука. Так, напрыклад, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч сцвярджае, што яна жыццядайная. А празаік Валянціна Кадзетава ў прадмове да адной з кніг паэта піша, што “поэзии Владимира Шпадарука одинаково свойственны и философичность, и лиризм, и романтичность, и ирония…” (Удакладню: асэнсаваная самаіронія сведчыць пра тое, што паэт сапраўды не дае сябе “поблажки” ні ў жыцці, ні ў творчасці. А гэта выдатная чалавечая якасць!) А вось і яго асабістае прызнанне: “Ад нягод не хаваюся і не бягу. // Як належыць, усё прымаю. // Я шукаю сябе, а інакш не магу. // Сваё месца ў жыцці шукаю”.
Пастаянна шукаць сваё месца ў жыцці, не спыняцца на дасягнутым могуць толькі моцным духам. І калі чытаеш пра У. Шпадарука ў Ізяслава Катлярова (“ён піша сваё жыццё”, “паэзія яго настолькі праўдзівая, настолькі праўдзівае само жыццё”), таксама згаджаешся з гэтым…
Безумоўна, паэт Уладзімір Шпадарук знайшоў сваё месца сярод людзей, звярнуўшыся да іх радком, напоўненым жыццём ва ўсіх яго праявах.
—————————————————————————————————-
Уладзімір Шпадарук
РАДЗІМА ЗАЎСЁДЫ ПОБАЧ
Вёсны, леты, восені і зімы –
Час ідзе, спяшаецца кудысь,
Толькі маці любая Радзіма
Не знікае ні ў даль, ні ўвысь.
Яна побач зранку да змяркання
Спевам птушак, кропелькай расы.
Ветрыку лагоднага дыханнем,
Пахам неразбаўленым лясным.
Яна побач кожнаю рачулкай,
Кожнаю травінкай, мурашом –
Усім тым, што бачым мы і чуем,
Што ўсмакталі з першым малаком.
Яна побач. Будзе так заўсёды,
Покуль сонца, неба і зямля
Напаўняюць прыгажосці соты,
Як унёскам рупная пчала.
“Сельская газета”, № 118, 9 ктября 2021г.
