Урокі патрыятызму для вучняў 4 “Б” і 8 “А” класаў гомельскай СШ №47 правёў паэт Міхаіл Болсун, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, у філіяле-бібліятэцы №8.
Шчыра прывітала госця і ўдзельнікаў сустрэчы загадчык філіяла Антаніна Уварава, зазначыўшы, што Міхаіл Міхайлавіч — ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, часта выступае са сваімі патрыятычнымі вершамі ў самых розных аўдыторыях, прапагандуючы сапраўдную літаратуру, любоў да роднай Беларусі.
Міхась Міхайлавіч падзяліўся сваімі згадкамі пра незабыўную сустрэчу з бацькам, які прыйшоў з фронту. “Я хаваўся за дзеда, бо не ведаў, не мог ведаць дзядзьку, які хацеў мяне ўзяць на рукі… Я ж нарадзіўся ў 1942-м, калі бацька ўжо быў на Вялікай Айчыннай…”
Асабліва ўразіў малодшых школьнікаў аповяд пра тое, як пасляваенныя дзеці хадзілі босымі ці ў лапцях у школу, самі выраблялі чарніла з соку “шарыкаў” з –пад маладога дубовага лісця ці соку буракоў, займаліся пачаргова па адным на ўсіх у класе падручніку “Роднага слова”, які быў у настаўніцы…
Міхась Болсун шчыра расказаў пра шлях яго, юнака з вёскі Балсуны, у газетную і радыё-журналістыку, пазней – у сталую літаратурную творчасць, чытаў вершы, прысвечаныя роднай Чачэршчыне, жанчынам-працаўніцам пасляваеннага адраджэння вёскі, гумарыстычныя занатоўкі пра сучасную моладзь.
Апладысментамі сустрэлі школьнікі і песню “Чечерянка” на верш Міхася Міхайлавіча ў рускамоўным варыянце, створаную пісьменнікамі і музыкантамі расійскага горада Краснадара ў межах праекта “Берагі дружбы”. Зацікавіліся дзеці і прадстаўленымі паэтам яго зборнікамі “Яблыня ў фаце”, “Там, дзе задумлівы Сож”, “Пад сузор’ем дабрыні”, “Спатканне з поўняй”, “Роднае, блізкае” і іншымі.
У рабят было шмат пытанняў пра працу ў бытнасць М. Болсуна самым маладым рэдактарам “раёнкі” у Беларусі, пра асвятленне пастчарнобыльскіх падзей, і, канешне, пра блогерства, наколькі яно звязана з журналістыкай.
Міхась Міхайлавіч пажадаў школьнікам ажыццявіць свае жыццёвыя планы, каб дасягненні ўсіх былі плённымі, радаснымі, светлымі, садзейнічалі далейшаму росквіту роднай Беларусі.
Прэс-служба ГАА ГА «СПБ»
