У рамках ініцыятывы дэлегата Усебеларускага народнага сходу, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужанага дзеяча культуры краіны, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзіміра Гаўрыловіча ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна адбыўся абласны семінар, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі розных сфер Гомеля і вобласці, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і творчай моладзі рэгіёна.
У сваім уступным слове Уладзімір Гаўрыловіч павіншаваў прысутных з шэрагам значных падзей – са 105-годдзем Івана Мележа і Івана Шамякіна, з Днём роднай мовы і Днём абаронцаў Айчыны. У прыватнасці, ён падкрэсліў:
Ва ўмовах, калі наша краіна сутыкаецца з масштабнымі знешнімі пагрозамі, менавіта ПАТРЫЯТЫЗМ (а гэта – любоў да роднай зямлі, павага да яе гісторыі і сімволікі, любоў да беларускай культуры, мовы, літаратуры, гэта самадчуванне і здольнасць у цяжкія перыяды абараніць сваю Айчыну, паўсядзённа весці актыўную дзейнасць на яе карысць) становіцца самым галоўным інструментам захавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы, фундаментам нацыянальнай бяспекі і адзінства грамадзян. Менавіта моцная эканоміка ды стваральная праца кожнага дае магчымасць нам утрымліваць моцнае прафесійнае войска, якое, апіраючыся на ўвесь беларускі народ, маючы братэрскае плячо нашай Расіі, здольна зберагчы агульны дом — нашу краіну. І на гэтай ніве, я перакананы, у кожнага з нас, прысутных, дзе б мы ні працавалі, бязмежжа магчымасцяў, каб уносіць свой асабісты ўнёсак. Для творчых людзей, маю на ўвазе пісьменнікаў, гэта, найперш, стварэнне сучасных мастацкіх твораў пра сённяшні дзень нашай краіны і яе патрыётаў…
Далей Уладзімір Гаўрыловіч падвёў вынікі творчага марафону, прысвечанага 105-годдзю народных пісьменнікаў Івана Шамякіна і Івана Мележа, падзякаваў усім работнікам культуры рэгіёна за шматгранную працу па папулярызацыю жыццёвага і творчага шляху сапраўдных патрыётаў Беларусі.
Асаблівыя словы падзякі выказаў дэпутат Парламента за ўдзел у рэспубліканскім мерыпрыемстве «З любоўю да класікаў» у гонар землякоў-класікаў калектывам абласной бібліятэкі, мазырскага драмтэатра імя І.Мележа і Хойніцкаму вакальнаму калектыву “Спадчына”, дзякуючы якім сталічны форум прайшоў на высокім арганізацыйным і творчым узроўні.
На семінары таксама аддадзена даніна павагі пісьменніку-земляку Аляксандру Капусціну: споўнілася 102 гады з дня яго нараджэння і роўна 30 гадоў, як вядомага празаіка і публіцыста не стала, але памяць аб ім свята захоўваецца і на малой Радзіме, памятаюць таленавітага літаратара і ў абласным цэнтры і сталіцы, дзе ён жыў і працаваў.
Затым асаблівая ўвага была ўдзелена творчасці маладых, але перспектыўных аўтараў.
Так, творы аўтара-пачаткоўца Вольгі Якавенка ўжо разглядаліся на мінулых паседжаннях, і гэтым разам пасля станоўчых ацэнак выступоўцаў яна аднагалосна была прынята ў Абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова” пры ГАА ГА “СПБ”.
На семінары прааналізавана кніга рэчыцкага маладога аўтара Яўгена Капбы “Акула пера в СССР”.
З грунтоўным аналізам твора, выдадзенага нядаўна ў расійскім выдавецтве АСТ (названы як асобныя станоўчыя якасці, так, на жаль, і нямала адмоўных) выступіла паэтэса і празаік, публіцыст Тамара Кручэнка, ветэран журналісцкай дзейннасці і член Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
У межах абмеркавання творчасці рэчычаніна адбылася дыскусія, у аснове якой – адказнасць таго, хто бярэцца за пяро, за кожнае сваё надрукаванае слова перад чытачом, перад грамадствам, перад Радзімай.
Затым у цэнтры ўвагі былі новыя творы вядомых, прафесійных аўтараў – членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, празаік, член Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Мікалай Дзямчыхін высока ацаніў краязнаўча-асветніцкую кнігу дакументальнай прозы Алега Ананнева, “Азарычы. Чорныя зоры”, якая выйшла з друку напрыканцы мінулага года ў Мазыры.
Гэтаксама дакладчык выступіў з цікавым водгукам на кнігу Ганны Атрошчанкі “Спатканне” (выдадзена рэдакцыяй газеты “Гомельская праўда” таксама ў 2025 годзе).
Разам са станоўчымі момантамі, эксперт называў і пралікі, якія, здавалася б, для чытача і незаўважныя, але іх можна было б пазбегнуць яшчэ на этапе выдавецтва.
Завяршыўся 30-ы абласны семінар, які штомесячна арганізоўваецца дэпутатам Парламента і кіраўніком абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімірам Гаўрыловічам, абмеркаваннем шэрагу творчых акцый, прысвечаных Году беларускай жанчыны і 85-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны.
Таксама былі абмеркаваны інфармацыі аб удзеле гомельскіх аўтараў у 33-ай Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску, у конкурсах міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню, прагучалі паведамленні аб дзейнасці гарадскіх і раённых літаб’яднанняў.
Мікалай ІГНАТОВІЧ
