Парадавалі сваім зместам чарговыя нумары альманаха “Літаратурная Гомельшчына” (№ 27 – 28 за 2026 год). Тут прадстаўлены новыя творы членаў Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У цэнтры ўвагі – творы лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага 2025 года.
Знамянальнай даце – 20-годдзю міжнароднага фестывалю “Славянскія літаратурныя дажынкі” прысвечаны артыкул члена савета аддзялення СПБ, вядомай паэтэсы і публіцыста Тамары Кручэнкі. Расказваючы пра гэты вельмі важны і карысны міжнародны форум, яна падкрэслівае, што яго ўдзельнікі заўсёды нясуць у грамадства ідэі дабра і стварэння.
Алег Ананнеў у дакументальнай аповесці “Азарычы”. Чорныя зоры” перанеосіць чытача ў тыя страшныя дні, калі на Гомельшчыне нацысты гітлераўскай Германіі стварылі лагер смерці. Фашысцкія нелюдзі знішчалі не толькі дарослых, але і дзяцей. Аўтар аповесці заклікае не забываць пра генацыд беларускага народа, прыкладаць усе намаганні да захавання міру на зямлі.
Перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне прысвечана аповесць Мікалая Дзямчыхіна “Хлапчукі становяцца ў строй”. Таленавіты празаік і журналіст яскрава адлюстроўвае гераізм і адвагу падлеткаў, якія нароўні з дарослымі змагаліся за свабоду і незалежнасць роднага краю, выхоўвае патрыятызм, прывівае пачуццё адданасці Радзіме.
Не пакінуць нікога раўнадушным і новыя творы паэтаў Гомельшчыны – Тамары Кручэнкі, Міхася Болсуна, Міколы Ждановіча, Веры Квяткоўскай, Лідзіі Долбікавай, Людмілы Яськовай, Галіны Рагавой, Ніны Шкляравай, Ганны Атрошчанкі, Валерыя Вятошкіна, Аляксандра Каляды, Галіны Нячаевай, Аляксандра Беліка. Іх вершы сведчаць аб тым, што паэтычнае майстэрства аўтараў з кожным годам узрастае, удасканальваецца.
Асобны раздзел альманаха прысвечаны Году беларускай жанчыны. На гэтую тэму тут змешчана шмат паэтычных і празаічных твораў.
Проза ў кнізе прадстаўлена таксама новымі творамі Уладзіміра Гаўрыловіча, Валянціны Кадзетавай-Арэставай, Наталлі Шастаковай, Наталлі Шамятковай, Аляксандры Крупадзёравай, Максіма Шастакова, Андрэя Мацвеенкі, Таццяны Маісеевай і іншых літаратараў.
Па добрай традыцыі, у альманаху ёсць і раздзел “Пачытаем дзецям”. Юным чытачам і слухачам прыйдуцца даспадобы творы прызнаных майстроў дзіцячай літаратуры Яўгена Калашнікава, Іны Зарэцкай, Наталлі Шастаковай, Алы Бяльковай.
Адлюстравана таксама творчасць удзельнікаў літаратурнага аб’яднання “Слова”, якое працуе пры абласным аддзяленні СПБ, дзейнасць членаў народнага калектыву аматарскай творчасці “Пегас” з Мазыра.
Як заўсёды, змястоўным і цікавым атрымаўся і раздзел публіцыстыкі.
Міхась СЛІВА
