
У мемарыяльнай зале А. Я Макаёнка прэзентавалі свае новыя кнігі і творы пісьменнікі абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” пад кіраўніцтвам вядомага беларускага празаіка, публіцыста, парламентарыя, заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Гаўрыловіча.
Уладзімір Мікалаевіч шчыра прывітаў калег і ўдзельнікаў фестывалю “#ЧытайГомель”, падзяліўся радасцю прадставіць на гэтай сустрэчы ў галоўнай кніжніцы вобласці ўласны зборнік “Выбраныя творы”, які выйшаў сёлета ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” у серыі “Лаўрэаты Нацыянальнай літаратурнай прэміі”. Гэты шыкоўны фаліянт – раманы “Цяпло маладзіка” і “Па веры вашай…” — Уладзімір Гаўрыловіч днямі прэзентаваў у Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага пісьменнік Аляксей Бычкоў прадставіў свой новы твор – драму ў 2 актах “Бумеранг, или Пока ты помнишь обо мне”. Кніга выдадзена ў Мазыры.. Аляксей Міхайлавіч шчыра падзяліўся балеснай, вельмі хвалюючай яго тэмай генацыду беларускага народа, якую ён па-мастакоўску і дакументальна-выразна пастараўся наблізіць да чытача і гледача.
Алег Ананьеў, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэт, празаік, публіцыст, аўтар рамана “Княгиня”, выдадзенага ў сталічным выдавецтве “Чатыры чвэрці” прысвяціў свой твор лёсу знакавай ў гісторыі Гомеля жанчыны – Ірыны Іванаўны Паскевіч. Раман выклікаў ужо вялікую цікавасць, вытрымаў перавыданне.
Паэтычны марафон, прысвечаны Году беларускай жанчыны, пісьменнікі Гомельшчыны пачалі з твора “Спявала ціха самапрадка” аднаго са старэйшын творчай арганізацыі, Ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхася Болсуна. Працягвалі зададзеную шчырую лірычную танальнасць лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі “Паэзія” Мікола Ждановіч, лаўрэаты абласнога літаратурнага конкурса імя Кірылы Тураўскага і шматлікіх міжнародных конкурсаў Наталля Шэмяткова, Таццяна Чараухіна (Дарошка), Людміла Яськова, Наталля Шастакова, Ганна Атрошчанка, Аляксандр Белік, Алег Ананьеў, Аляксей Бычкоў, член літаб’ядання “Слова” Уладзімір Чараухін і інш. аўтары.
Прэс-служба ГАА ГА “СПБ”
