Прадстаўнікі розных сфер Гомеля і вобласці, творчай інтэлігенцыі і творчай моладзі рэгіёна, супрацоўнікі абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна, гарадской сеткі бібліятэк у рамках ініцыятывы дэлегата Усебеларускага народнага сходу, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужанага дзеяча культуры краіны, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзіміра Гаўрыловіча прынялі ўдзел у абласным семінары ў Гомельскай абласной бібліятэцы імя У.І. Леніна, прысвечаным 40-годдзю аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі і 90-годдзю са дня нараджэння вядомага беларускага празаіка Барыса Сачанкі.

У сваім уступным слове Уладзімір Гаўрыловіч акцэнтаваў увагу на падзеях 26 красавіка 1986-га, якія паставілі нашу краіну на шлях выпрабаванняў, перад неабходнасцю прайсці яшчэ адну праверку на ўстойлівасць.

Асаблівую ўвагу парламентарый і пісьменнік звярнуў на аспекты сацыяльнай абароны насельніцтва, якая стала ключавым прырытэтам дзяржаўнай палітыкі Беларусі:


– Больш паловы фінансавых сродкаў, якія накіроўваюцца штогод на мінімізацыю наступстваў аварыі на ЧАЭС, а выканана было ўжо 6 дзяржаўных праграм, фінансаванне якіх склала значную частку бюджэта краіны, накіроўваюцца на абарону насельніцтва пацярперых ад аварыі раёнаў, прычым першаступенная ўвага ўдзяляецца здароўю насельніцтва. Пасля распаду СССР маладая беларуская дзяржава засталася фактычна адзін на адзін з праблемамі па сутнасці сустветнага маштабу. І за 40 гадоў прайшла шлях ад краіны, залежнай ад гуманітарнай дапамогі да краіны, якая сама дзеліцца важкі вопытам пераадолення наступстваў тэхнагеннай катастрофы, у тым ліку сіндрому непрыняцця атамнай энергетыкі – Беларусь пабудавала сваю бяспечную АЭС, чым умацавала сваю энергетычную бяспеку і працягвае атрымліваць кампетэнцыі ў самых перадавых галінах. Атрымалася гэта таму, што, як адзначыў А.Р.Лукашэнка, “…мы апамяталіся, узяліся за галаву і зразумелі, што для беларусаў другой зямлі не будзе і другой краіны таксама не будзе…

Далей  Уладзімір Гаўрыловіч падвёў вынікі міжнароднага літаратурнага конкурсу, прысвечанага 105-гадоваму юбілею Івана Мележа і ўручыў дыпломы лаўрэатаў і фіналістаў прафесійным пісьменнікам, маладым аўтарам, а таксама актыўным удзельнікам творчага марафону, прысвечанага 105-годдзю народных пісьменнікаў Івана Шамякіна і Івана Мележа, шчыра падзякаваў работнікаў культуры рэгіёна за шматгранную працу па папулярызацыю жыццёвага і творчага шляху сапраўдных патрыётаў Беларусі.

На семінары таксама была аддадзена даніна павагі пісьменніку-земляку Барысу Сачанку з нагоды 90-годдзя з дня нараджэння.

З глыбокім аналізам творчасці вядомага беларускага празаіка выступіла пісьменніца, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі Тамара Кручэнка.

Асобна Тамара Віктараўна акцэнтавала ўвагу на падзеях 26 красавіка 1986 года, адзначыўшы:


Гэты дзень навек пазначаны чарнобыльскай

катастрофай. Многіх нашых землякоў, зрушаных гэтаю бядой у іншыя

рэгіёны Беларусі, перасяленцаў, ужо няма ў жывых. Не толькі

наступствы радыяцыі, але і расстанне з роднымі мясцінамі, стала

невыносным для многіх палешукоў.

У жніўні 1986 года ў абласным драматычным тэатры ў Гомелі адбылася сустрэча з пісьменнікамі-землякаміі Іванам Шамякіным, Барысам Сачанкам, Міколам Мятліцкім. Яны ўжо ведалі: глабальная бяда найбольш закранула сваім чорным крылом наш рэгіён.

У сваіх публіцыстычных “Запісках аб радыяцыі”, датаваных 1986-1990 гадамі, Барыс Іванавіч Сачанка згадвае: якраз у другой палове красавіка 1986 года, ён планаваў паехаць да родных у сваю вёску Вялікі Бор на Хойнікшчыне, пажыць там колькі месяцаў, адпачыць ад горада. І тут такая катастрофа…

Вось як пра перажытае ў той час піша Барыс Сачанка ў тых сваіхпубліцыстычных занатоўках:

“Вёска Бабчын, дзе нарадзіўся Мікола Мятліцкі і дзе нарадзілася мая маці, таксама Мятліцкая, вялікая прыгожая, у некалькі вуліц. Каля яе – новы, нядаўна пабудаваны свінакомплекс на некалькі тысяч галоў. З-за яго, гэтага свінакомплексу, вёску і не высялялі, хоць яна засыпана цэзіем і стронцыем больш за некаторыя іншыя, ужо выселеныя. Меркавалі: можа, удасца не выселіць яе, захаваць свінакомплекс, бо калі выселіць людзей, як жа з свінакомплексам быць – адразу ж упадзе працэнт вытворчасці свініны ў рэспубліцы.

Але вучоныя настаялі на сваім: пра людзей трэба найперш думаць, а потым пра свініну ўжо. І ў Гомелі, у абкоме, нам з сумам паведамілі: Бабчындавядзецца высяляць…

У самім Бабчыне, калі мы туды прыехалі, пра высяленне яшчэ ніхто не ведаў.І як мурашкі працавалі – звозілі салому, касілі, граблі сена, поркаліся ў гародах… Глядзець на гэта, а потым і гаварыць з людзьмі, казаць ім праўду было невыносна цяжка…

Бачыць спелыя грушы, яблыкі, слівы, ведаць іх смак – і баяцца сарваць, з’есці… Асабліва з тых дрэў, якія сам садзіў, даглядаў, паліваў, расціў… Я перажыў гэта, стоячы на сваім падворку…

Нарэшце, праз тры гады пасля аварыі, надрукавана карта, дзе і якія грыбы можна збіраць. Мае родныя мясціны ў першай зоне, куды, як сказана ўкаментарыях, у лес “з кошыкам уваходзіць не трэба”. Паўраспад цэзію-137 доўжыцца каля трыццаці трох гадоў… Значыцца, я больш ніколі ўжо не патрымаю ў руках, не з’ем ні баравіка, ні падасінавіка, ні рыжыка, ні якога іншага грыба са свайго лесу. А насіў жа іх калісьці кашалямі. І калі вучыўся ў школе, ды і потым. Бывала, падхопішся з пасцелі на досвітку, яшчэ нацямочку, – і ў лес. Ідзеш па аднаму табе вядомых сцежках, ад грыбовішча да грыбовішча. Збочыш у малады бярэзнік, потым – на хвойнік. Пашастаеш па ягадніку, верасе, выскачыш на дубняк – “дубіну”, як у нас кажуць, і вядома ж, абтупаеш, аббяжыш граду, дзе растуць надта ж прыгожыя, рэліктавыя баравікі з белым тоўстым коранем і чорнай, проста аксамітнай шапкаю… Дадому вяртаешся ў позняе снеданне. І паставіўшы кашэль перад сабою, перабіраеш грыбы – адны сушыць, другія смажыць, трэція саліць. І зноў бачыш сябе ў лесе, успамінаеш, дзе якога грыба браў, як ён сядзеў, як ты яго шукаў…

Няўжо ўсяго гэтага я больш не спазнаю?…”

Далей ўдзельнікі абласнога семінару, які мае як асветніцкі, так і вучэбна-метадычны характар, заслухалі і абмеркавалі рэцэнзіі і новых  мастацкіх твораў, як прафесійных аўтараў, так і маладых, але перспектыўных аўтараў.

Так, паэтэса і перакладчык Алена Мацвіенка глыбока прааналізавала кнігу паэта Міколы Ждановіча “Свечка”, адзначыўшы, што не выпадкова высокамастацкія творы гамяльчаніна былі адзначаны і абласной літаратурнай прэміяй імя К.Тураўскага, і Нацыянальнай літаратурнай прэміяй краіны.

Творы аўтара-пачаткоўца Таццяны Дзяніскавец ўжо разглядаліся на мінулых семінарах. Гэтым разам у цэнтры ўвагі быў рукапіс паэзіі пад агульнай назвай “Зімовыя забавы”, накіраваны аўтарам на саісканне абласной літаратурнай прэміі ў мінулым годзе. Паэтычныя спробы нават выклікалі дыскусію сярод удзельнікаў семінара, якія мелі магчымасць зараней пазнаёміцца з творамі пачынаючай аўтаркі. Агучаны як некаторыя станоўчыя аспекты яе твораў (Р.Дзейкун, В.Раўчанка, Я.Калашнікаў інш.), так і асобныя, але недапушчальныя з пункта гледжання прафесіяналаў, пралікі, калі чалавек вырашыў сур’ёзна заняцца паэтычнай творчасцю (Г.Рагавая, В.Кадзетава-Арэстава, М.Болсун і інш.).

У выніку шырокага абмеркавання здольнаму педагогу і пачынаючаму аўтару рэкамендавана ўсё ж больш адказна і ўважліва працаваць над вобразнасцю мастацкага слова. Агульным рашэннем экспертаў і членаў Абласнога літаратурнага аб’ядннання “Слова” яна прынята ў рэгіянальнае аматарскае літаратурнае аб’яднанне “Слова” пры ГАА ГА “СПБ”.

На семінары абмеркавана фарміраванне новых нумароў абласнога літарутурнага альманаха “Літаратурная Гомельшчына” і міжнароднага альманаха “Літара”, удзел беларускіх творцаў у XI Міжнародным конкурсе паэзіі і паэтычных перакладаў імя Л.Ю.Севера,  V Міжнародным конкурсе “Беларусь-Расія. Сожскія берагі дружбы” імя Л.Ю.Севера, размова ішла і пра плённае супрацоўніцтва творцаў з установамі адукацыі і культуры рэгіёна.

Таксама ў цэнтры ўвагі – новы праект, ініцыяваны Уладзімірам Гаўрыловічам — паэтычны марафон “ У Год беларускай жанчыны”, які пройдзе ў горадзе над Сожам у межах фестывалю “ЧытайГомель”. Прагучалі і паведамленні аб дзейнасці гарадскіх і раённых літаб’яднанняў, з якімі супрацоўнічае абласная пісьменніцкая арганізацыя.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

На здымках: у час абласнога творчага семінара, прысвечанага 40-годдзю аварыі на ЧАЭС. Фота прэс-службы ГАА ГА «СПБ».

Яндекс.Метрика