У літаратурнай гасцёўні Гомельскай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя А. Герцэна прайшоў творчы вечар паэта Міхаіла Болсуна, ганаровага члена Саюза пісьменнікаў Беларусі, ганаровага грамадзяніна Чачэрскага раёна

Ураджэнец вёскі Балсуны Чачэрскага раёна, дзіця вайны Міхаіл Міхайлавіч  і распачынаў свой працоўны шлях на малой радзіме, пазней шчыраваў тут і ў Буда-Кашалёўскім раёне журналістам, рэдактарам раёнкі, затым на розных пасадах у Гомельскім тэлерадыёаб’яданні. Паэзію любіць з дзяцінства, але  пісаць сам пісаць вершы стаў ужо ў сталыя гады, з’яўляецца аўтарам шасці зборнікаў паэзіі “Яблыня ў фаце”, “Там, дзе задумлівы Сож”, “Спатканне з поўняй”, “Пад сузор’ем дабрыні”, “Роднае, блізкае”(гэта кніга ўганаравана абласной літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага).

Паэт непарыўна звязаны з роднай Чачэршчынай, няма там населенага пункта, школы, бібліятэкі, дзе б не гучала яго натхнёнае патрыятычнае слова. Сваім шчырым творчым пісьменніцкім пяром ветэран-журналіст  Міхаіл Болсун занатаваў не толькі геаграфічныя пазнакі сваёй радзімы, але і навукоўцаў, ураджэнцаў краю, напісаўшы кнігу публіцыстыкі “Чачэрскі след у навуцы”.

Невыпадкова, што і на творчы вечар завіталі родныя, землякі Міхаіла Міхайлавіча, калегі-пісьменнікі, работнікі культуры: 23 лютага віноўніку ўрачыстасці споўнілася 84 гады. Шчырыя віншаванні і пажаданні творцу адрасавалі доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Юрый Плескачэўскі, навукоўцы  БелДута Віктар Камісараў і  Таццяна Власюк, дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Святлана Богдан, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2025 года паэт Мікола Ждановіч, празаік Мікалай Дзямчыхін і многія іншыя.

Сам віноўнік урачыстасці прадставіў на суд чытачоў свае новыя вершы, пачаўшы з прысвячэння калектыву бібліятэкі-гаспадыні: сёлета тут адзначаюць 30-годдзе гасцёўні, гэтага па-сапраўднаму літаратурнага дома , дзе гасцінна, шчыра, душэўна.

Міхаіл Болсун падзяліўся пранізлівымі вершамі- успамінам пра бацькоў, чытаў радкі, прысвечаныя ўдовам Вялікай Айчыннай вайны, між якіх рос і сталеў, а таксама сучасніцам жанчынам-творцам.

Вядучы спецыяліст абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Кручэнка, віншуючы калегу Міхаіла Болсуна, перадала яму прывітанне ад старшыні абласнога аддзялення СПБ, парламентарыя Уладзіміра Гаўрыловіча і паведаміла прыемную навіну: Уладзімір Мікалаевіч занатаваў у сваім новым гістарычным рамане “І, запаліўшы свечку” верш Міхаіла Болсуна “Якое гэта шчасце – жыць!” Быў на вечары  і музычны падарунак: песню “Спявала ціха самапрадка”(верш Міхася Болсуна, музыка Алы Навумавай) выканала Наталля Кадзетава.

Запамінальным момантам літаратурнай сустрэчы з паэтам стаў і дакументальны фільм, зняты ў літаратурнай гасцёўні “герцэнкі”  на юбілеі Міхаіла Болсуна дзесяцігоддзе таму.

Тамара Віктарава

Яндекс.Метрика