Не стала Мікалая Іванавіча Чаргінца…
Пачутаму не паверыў.
Тыдні з тры таму, як размаўлялі па тэлефоне: “Няпроста, браток, з нагамі, цяжкавата, ведаеш, і дыхаецца. Але ж… Што пра мяне – дзякуй, канешне, што цікавішся… У цябе, Валодзя, як справы? Як дома? На працы?..”
Вось гэтае – у цябе, Валодзя, як справы? – ад Мікалая Іванавіча заўсёды найперш, якія б абставіны не здарыліся і якія б пытанні пасля не абмяркоўваліся, я чуў больш двух дзясяткаў год ад нашага першага знаёмства.
…Вясною 2005 года ў маім рэдактарскім кабінеце (тады працаваў у Жыткавічах, галоўным рэдактарам “Новага Палесся”) прагучаў званок. Падняў слухаўку: “Добры дзень, Уладзімір Мікалаевіч. Мінск. Савет Рэспублікі. Чаргінец звоніць…”
Я ад нечаканасці разгубіўся, але адказаў, здаецца, бойка: “Вітаю Вас, паважаны Мікалай Іванавіч. Рады пачуць…”
А хваляванне-такі ўжо робіць сваю справу: што ж спатрэбілася сенатару, вядомаму палітыку ды знакамітаму творцы ад мяне – простага палескага журналіста і маладога празаіка, які хоць і мае некалькі кніг, нават прыняты ў Саюз пісьменнікаў, але яшчэ надта нясмела адчувае сябе ў літаратурнай прасторы краіны.
А ён пачаў здалёк. Спачатку пацікавіўся сітуацыяй ў раёне, чым жывуць людзі, потым – як складваюцца справы ў рэдакцыі (было няпроста, тады мы толькі выходзілі на бездатацыйную працу). Затым у размове нечакана закрануў маю сям’ю, як растуць дзеці (у галаве ж маёй запульсавала думка: а адкуль гэта ён ведае і пра жонку, і пра сына, і пра дачку?). І, нарэшце, ці пішу далей мастацкую прозу (заўважыў, аказваецца, Мікалай Іванавіч мае апавяданні ў часопісе, пахваліў нават за сюжэт і мову!).
А пасля ўжо – ад літпрацэсаў у краіне да канкрэтнай справы: так і так, ствараем новую пісьменніцкую арганізацыю, якая не на словах, а на справе будзе працаваць разам з нашай дзяржавай, Прэзідэнтам і з беларускім народам.
“Вы ведаеце, што адбываецца ў палітычным жыцці краіны. Чулі, як вядуць сябе так называемыя літаратурныя “лідары” і асобныя пісьменнікі, як яны ставяцца да нашай народнай улады. Ганебна чуць, чытаць. Антыпатрыятычна. Супрацьнародна…”
Некалькі слоў сказаў тады Чаргінец пра маю малую Радзіму: “Гомельшчына – асаблівы для Беларусі край. Ваша зямля нарадзіла чатырох нашых класікаў, з многімі, дарэчы, я асабіста сябраваў. Яны самі сваім жыццём і творамі ўславілі нашу краіну… Мы павінны не быць разбуральнікамі, а стваральнікамі, быць годнымі іх паслядоўнікамі…”
Я ж пакуль яшчэ не здагадваюся – да чаго вядзе Мікалай Іванавіч? А ён цяпер пытае прама: “Вы згодны быць арганізатарам творчых літаратурных спраў на тэрыторыі Гомельшчыны?”
Я – маўчу. У роце перасохла. Вось дык паварот!
Ён, відаць, разумее, што я вагаюся.
Чаргінец прадоўжыў: “У літаратурнай сям’і – катастрофа. Зруйнавана нямала добрага, здабытага ў савецкі час, калі не ўсё. І нам будзе, зразумела, няпроста. Трэба пачынаць з нуля. Ды быць падрыхтаванымі: не ўсе будуць рады нашай ініцыятыве. Недабразычліўцы не будуць драмаць. Чарноцця цяпер усякага хапае. Такі, на жаль, час. Але і мы, людзі, адданыя дзяржаве, не павінны маўчаць: трэба браць адказнасць за стан сучаснай літаратуры, імкнуцца спыняць духоўны спад у грамадстве…”
І тут я разумею: нельга ўжо мне маўчаць, трэба нешта адказаць.
Нарэшце, не падбіраючы словы, вымавіў: “Можаце на мяне разлічваць, Мікалай Іванавіч. Буду, як змагу, працаваць на карысць літаратуры і Радзімы!”
Мы доўга тады яшчэ гаварылі: як і што будзе далей.
Развіталіся як даўнія сябры, хаця ж толькі-толькі пазнаёміліся.
Крыху пасля, у лістападзе, прайшоў арганізацыйны сход пісьменнікаў вобласці. Было створана аддзяленне, савет, большасцю галасоў я абраны старшынёй. Чаргінец мяне павіншаваў першым: “Віншую. Будзем, Валодзя, разам працаваць!”
Хутка, падрыхтаваўшы паперы, я зарэгістраваў новую абласную пісьменніцкую арганізацыю як юрыдычную структуру з адрасам па месцы маёй непасрэднай працы, у сэрцы Палесся, у райцэнтры Жыткавічы, па вуліцы Карла Маркса, 8: тут афіцыйна пры падтрымцы старшыні райвыканкама Пятра Савіцкага выдзелены пакойчык для абласной пісьменніцкай арганізацыі. Юрыдычную дапамогу ва ўсім аказваў Мікалай Іванавіч. І пачалася сур’ёзная грамадская праца.
Так, як папярэджваў Мікалай Іванавіч, вельмі і вельмі няпростая…
Пасля прайшоў арганізацыйны, пасля і першы з’езд СПБ. Перад ім мы, нарэшце, пазнаёміліся, што называецца, ужывую. І нават абняліся.
Гэта мяне вельмі кранула: незвычайны чалавек наш Чаргінец!
А ён з трыбуны гаварыў пра такія важныя рэчы! Што сапраўдны пісьменнік не можа быць адарваны ад дзяржаўнага жыцця і палітыкі, ён павінен цікавіцца жыццём народа, грамадства, дзяржавы, ведаць, што адбываецца ў яго краіне…
Не забыць той перыяд: мы перажылі разам многае! Як жа толькі нас былыя калегі-апазіцыянеры не называлі (ды і цяпер некаторыя “забугорнікі” завуць): “лукашэнкаўцамі”, “праўладнымі” і г.д.! Якіх толькі пагроз у наш адрас не прагучала! Але на чале з Мікалаем Іванавічам мы выстаялі і стаім на сваім: працуем разам, суладна, на карысць нашага народа і нашай Айчыны.
Так, больш за 20 гадоў таму нас звёў лёс…
Усё, што я задумваў і ўдалося мне і маёй камандзе зрабіць за гэтыя гады на грамадска-культурнай ніве па папулярызацыі кнігі і чытання (а гэта і шырокі фестывальны літаратурны рух на Гомельшчыне, шматлікія акцыі, творчыя конкурсы, выданні альманахаў і кніг, многае другое) заўсёды бласлаўлялася Мікалаем Іванавічам. Ён быў, што называецца, “у курсе ўсяго”. І калі ты працуеш як дыхаеш, то ён падтрымліваў кожнага ўсім сваім сэрцам. Цаню гэта ў ім найбольш!
Як кіраўнік аддзялення заўсёды адчуваў сапраўды бацькоўскае стаўленне, павагу і падтрымку чалавека, які здзейсніў, на мой погляд, сапраўдны подзвіг дзеля кансалідацыі літаратараў рэспублікі. Да апошняга дыхання ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі паказваў нам, маладзейшым, прыклад працаздольнасці і патрыятызму, вучыў, як трэба любіць нашу Радзіму. Як выдатны творца, народны пісьменнік ён шмат часу аддаваў грамадскай працы, сустракаўся з моладдзю, студэнтамі. Штогод прыязджаў і да нас у Гомель, выступаў у розных калектывах. Сучасных літаратараў заклікаў валодаць станам спраў, разбірацца ў эканоміцы, разумець сутнасць усяго, што адбываецца ў свеце, каб рабіць высновы і клікаць за сабой, выкарыстоўваючы сілу свайго таленту.
Так, сёння не ўсё пакуль вырашана так, як ён марыў. Але асноўнае зроблена: наша пісьменніцкая арганізацыя – адна з самых дзейсных у краіне! І працуе вельмі годна: праводзім форумы, літаратурныя сустрэчы, удзельнічаем у афіцыйных імпрэзах і супрацоўнічаем з пісьменніцкімі саюзамі іншых краін. А галоўнае, ствараем годныя мастацкія кнігі, выданне якіх падтрымліваецца нашай дзяржавай. Гэтыя творы вартыя ўвагі не толькі беларускага, але і замежнага чытача. Мы падтрымліваем творчую моладзь і працуем з дзецьмі – нашай будучыняй. Пачатак такой працы з зусім новымі падыходамі мы амаль два дзесяцігоддзі ажыццяўлялі дзякуючы ініцыятывам, у тым ліку, і М.І.Чаргінца.
Я заўсёды даражыў даверам гэтага выдатнага чалавека, нашага народнага пісьменніка. Знаходзіў магчымасць пазнаёміцца з яго новымі творамі і выказаць яму сваю думку. І яшчэ нядаўна ў яго кабінеце ў Доме літаратара мы доўга, цёпла гутарылі пра былое і сённяшняе, пра палітыку (Чаргінец «цяжкавагавік» у беларускай палітыцы і мне, які толькі асвойвае гэтую сферу, ягоны досвед карысны!) і, натуральна, пра бягучыя літпрацэсы ў краіне. Быў шчаслівы атрымаць новыя аўтабіяграфічныя кнігі «Цяжкія дарогі жыцця» з надзвычай цёплымі аўтографамі…
Балюча, што больш не будзе гэтых сустрэч з мудрым чалавекам.
Больш не пачую яго голас у слухаўцы: “У цябе, Валодя, як справы? Як дома? На працы?..”
Але Мікалай Іванавіч назаўсёды застанецца ў маім сэрцы.
Светлая памяць аб ім назаўсёды застанецца ў гісторыі краіны і ў сэрцах беларусаў.
Уладзімір Гаўрыловіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
