OLYMPUS DIGITAL CAMERA
Нарадзіўся 29 ліпеня 1953 года ў в. Старое Грудзінава Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Гомельскім дзяржаўным педагагічным каледжы імя Л.С. Выгоцкага, з 2008 года – настаўнік беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі № 51 г. Гомеля. Аўтар шматлікіх публікацый аб праблемах беларускага настаўніцтва.
Паэт. Піша на беларускай і рускай мовах. Першыя вершы друкаваліся ў раённай газеце ў Міёрах «Сцяг працы». Творы ўключаны ў шэраг калектыўных зборнікаў («Вуліца Настаўніцкая», «Святло шчымлівай памяці» і інш.). З юных гадоў захоплены пародыямі.
Аўтар песенных тэкстаў, пакладзеных на музыку гомельскімі кампазітарамі. Песня «Ода Тэрпсіхоры» з’яўляецца афіцыйным гімнам Міжнароднага фестывалю мастацкай творчасці «Сожскі карагод», да 30-годдзя Кургана Дружбы на мяжы трох братэрскіх рэспублік напісана «Ода-гимн единению трёх славянских народов», песня «Родина» стала дыпламантам Міжнароднага конкурсу песняў пра Радзіму ў Курску (аўтар музыкі згаданых твораў – Валерый Копыл), песня «Журавель надзеі» (музыка Марыны Дадалевай) стала гімнам фінальнага этапа конкурсу «Настаўнік года», які праводзіцца ў Мінску і лаўрэатам якога быў і сам Святаслаў Генадзьевіч. Песня «Добры дзень» не раз гучала па тэлебачанні ў выкананні Дзяржаўнага аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Сам складае музыку да сваіх вершаў («Незнаёмка», «Сінявокі мой Браслаў» і інш.).
Аўтар і вядучы праграмы на Гомельскім тэлебачанні «Вучымся размаўляць па-беларуску» (2009 год).
Жыве ў Гомелі.
У СПБ з 2005 года.

Яндекс.Метрика