Літаратурна-музычную праграму “У вянок Гомельшчыне” прадставілі на XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-ярмарцы пісьменнікі Гомельшчыны. На працягу гадзіны гучала слова літаратараў з Палесся, якое сабрала на пляцоўцы “Пісьменнік і час” нямала прыхільнікаў іх творчасці з розных куточкаў Беларусі.

Прывітанне Уладзіміра Гаўрыловіча

Праграму распачаў і вёў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. У прыватнасці, ён адзначыў, што Гомельшчына заўсёды была багатая на таленты, адсюль родам ажно чатыры народныя пісьменнікі Беларусі, і літаратурныя традыцыі на палескай зямлі не згублены, яны развіваюцца па законам высокай маральнасці і духоўнасці.  

Па словах кіраўніка абласнога аддзялення СПБ, літаратары аддзялення СПБ пішуць цікавыя творы, актыўна прапагандуюць мастацкае слова ў розных аўдыторыях, працягваючы слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў, якімі ганарацца. І не толькі ганарацца.   Так, Гомельскае абласное аддзяленне СПБ змагло ажыццявіць шэраг як памятных, так і творчых міжнародных праектаў. Напрыклад, у 2018 годзе за самастойна сабраныя сродкі была ўсталявана мемарыяльная дошка выдатнаму беларускаму пісьменніку Анатолю Грачанікаву. У 13 раз праведзены і Міжнародны фестываль-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі”. Дзякуючы супрацоўніцтву з расійскімі і ўкраінскімі пісьменнікамі выйшлі шэраг калектыўных зборнікаў паэзіі і прозы. Яркай падзеяй стаў удзел маладых аўтараў і пісьменнікаў-прафесіяналаў не толькі Гомельшчыны, але і ўсёй Беларусі ў Міжнародным фестывалі моладзевай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы”. Актыўныя гомельскія пісьменнікі і ў творчых конкурсах як Беларусі, так і Расіі, Украіны, Еўропы.

А на пляцоўцы “Пісьменнік і час” міжнароднай выставы-кірмашу выступілі лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага 2018 года.

У прыватнасці, гледачы вельмі хораша сустракалі вядомага драматурга Васіля Ткачова, паэтку Тамару Кручэнку, празаіка Наталлю Шэмет і дзіцячага аўтара Надзею Дзмітрыеву, якія прэзентавалі свае новыя кнігі, што выдадзены па выніках аўтарытэтнага конкурсу рукапісаў у гонар пісьменніка і святара Кірылы Тураўскага.

Слова Васілю Ткачову

Дарэчы, гэта была першая прэзентацыя твораў палескіх творцаў, бо афіцыйнае ўручэнне абласной літаратурнай прэміі на сесіі Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў таленавітым творцам адбылося літаральна днямі.

Тамара Кручэнка

Дарэчы, на выставе Саюза пісьменнікаў Беларусі ў межах сённяшняй выставы-кірмашу, выдадзеныя кнігі лаўрэатаў, а таксама лепшыя набыткі ўсіх пісьменнікаў Гомельшчыны былі прадстаўлены вельмі шырока.

Надзея Дзмітрыева
Наталля Шэмет

Упрыгожылі літаратурна-музычную праграму “У вянок Гомельшчыне” выступленні таленавітай моладзі – аўтараў і выканаўцаў, шматразовых фіналістаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Дзмітрыя Нілава і Сяргея Старыкава. Маладыя і энергічныя хлопцы парадавалі гледачоў не толькі цікавымі вершамі, але і музычнымі падарункамі, як уласна аўтарскімі, так і створанымі на словы гомельскіх паэтаў.

Свявае Сяргей Старыкаў

Дарэчы,  мінчукам і гасцям прэзентацыйнай пляцоўкі “Пісьменнік і час” запомніцца выступленне гомельскіх літаратараў яшчэ і кніжнымі падарункамі ( яны выдадзены непасрэдна аддзяленнем СПБ — гэта  альманахі “Літаратурная Гомельшчына” і сумесныя кнігі з пісьменнікамі Бранска, Краснадара, Растоўшчыны і Украіны). Кіраўнік абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч уручаў іх пераможцам літаратурнай віктарыны, складзенай спецыяльна да вялікага міжнароднага кніжнага свята.

Дзмітрый Нілаў

Гэтаксама ў час літаратурна-музычнай праграме гамяльчане прывіталі пісьменнікаў-землякоў Міколу Мятліцкага, Анатоля Зэкава, а таксама адзначылі кніжным падарункам уклад лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Саламахі ў падтрымку творчай моладзі Гомельшчыны ў межах прайшоўшых двух Форумаў маладых літаратараў і аматараў мастацкай творчасці “Слова” у 2017 і 2018 годзе.

Творчае сяброўства

Падводзячы вынікі выступлення на пляцоўцы “Пісьменнік і час”, Уладзімір Гаўрыловіч ад імя пісьменніцкай сям’і вобласці падзякаваў  калегам-літаратарам, аматарам мастацкага чытання за гасцінны прыём і  запрасіў усіх на Гомельшчыну, дзе заўсёды рады людзям з адкрытымі сэрцамі.

Цёпла падзякавала пісьменнікам Гомельшчыны за цікавае і разнапланавае выступленне-праграму «У вянок Гомельшчыне» першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах.

Алена Стэльмах

Але ж на гэтым удзел у міжнароднай выставе-кірмашы членаў абласнога аддзялення СПБ не завяршыўся: гомельскія літаратары прынялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах міжнароднага свята.  

З пісьменнікам-земляком А.Зэкавым

У час працы пісьменнікаў у Мінску адбылася сустрэча кіраўніка абласнога аддзялення СПБ Уладзіміра Гаўрыловіча са старшынёй Саюза пісьменнікаў Расіі Мікалаем Івановым і першым намеснікам старшыні СПР Васілём Дварцовым, пад час якой абмеркаваны пытанні далейшага плённага супрацоўніцтва ў межах Міжнароднага фестывалю моладзевай паэзіі і перакладаў “Берагі дружбы”, а таксама абмеркаваны іншыя пытанні творчага супрацоўніцтва.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Яндекс.Метрика