З друку выйшла новая кніга члена СПБ Васіля Ткачова ( “БАРК” , г.Гомель, цвёрдая вокладка, 152 стар.) У ёй дапытлівы чытач знойдзе для сябе шмат цікавага. А вось на што звяртае ўвагу сам аўтар:

“У свой час я напісаў апавяданне “Макар і дарога”. Яго надрукаваў штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”, і, будучы ў Мінску, пачуў камплімент ад аднаго з вядомых пісьменнікаў:”У адным апавяданні ты ўмясціў столькі жыцця, што ў мяне склалася ўражанне, быццам я прачытаў раман.” З лёгкай, як кажуць, рукі старэйшага таварыша я пачаў пісаць жыццёвінкі – зусім кароткія творы, на старонку, а тое і менш. Адзін крытык папракнуў мяне, што я “разбазарваю” цікавыя сюжэты, маўляў, з асобных жыццёвінак можна зрабіць не толькі прыстойнае апавяданне, але і аповесць напісаць. Не шкада хіба? Ніколечкі! Затое я эканомлю час паважанага чытача. Пры гэтым, заўважу, калі ўдаецца чарговая жыццёвінка, я на сёмым небе ад шчасця – радуюся, быццам раман напісаў! Так што, паважаны чытач, на сёмым небе я быў ажно 110 разоў! Менавіта столькі жыццёвінак вы і знойдзеце ў гэтай кнізе.
Ні ў якім разе не стаўлю кропку. Ахвотна працягваю працаваць у некалі абраным мною жанры. Тым больш, што жыццёвінкі, перш чым стаць асобнай кнігай,  ахвотна друкавалі часопіс “Полымя”, газеты “Звязда” і “Літаратура і мастацтва”, адкуль мне паведамляюць, што людзі не шкадуюць добрых водгукаў…”

Чытайма, “Жыццёвінкі”!

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення СПБ

Яндекс.Метрика