Награду за лучшее произведение драматургии получил Василь Ткачев со сборником пьес «Характеры». Церемония чествования лауреатов литературной премии состоялась 3 сентября на Дне белорусской письменности в Полоцке.
Автором лучшего произведения поэзии жюри конкурса назвало Анатолия Аврутина — за сборник «Поэзия просветления», а Валерий Назаров с книгой «Тайнопись Андрея Мрыя» удостоился звания лауреата премии как автор лучшего критического произведения.
за лучшее произведение публицистики — Зиновий Пригодич, автор сборника «Постаці» («Фигуры»), за лучшее произведение для детей и юношества — Михаил Поздняков с книгой сказок «Озеро Диво». Маргарита Латышкевич со сборником «Яблоки» стала победителем в номинации литературных дебютантов.
Михаил Поздняков, выступая от имени всех лауреатов, отметил, что «слово и книга всегда были, есть и будут источником образования, просвещения, основой культуры и той почвой, на которой зарождается, расцветает и крепнет душа человека и его народность».+
«На нашей земле на протяжении десятилетий и столетий развивалась и создавалась письменность на двух языках — на нашем родном белорусском и на таком же, наверное, родном русском. Мы, белорусы, должны это признавать и беречь, потому что мы миролюбивый, открытый и гостеприимный народ», — заявил литератор.
Совет Гомельского областного отделения ОО «СПБ» сердечно поздравляет Василия Ткачева с заслуженной наградой.

Пресс-служба Гомельского отделения СПБ
Пісьменнік – птушка вольная

ВАСІЛЬ ТКАЧОЎ

Васіль Юр’евіч Ткачоў нарадзіўся 1 студзеня 1948 года ў вёсцы Гута Рагачоўскага раёна ў сям’і вясковых настаўнікаў.
Вучыўся ў Ісканскай васьмігадовай школе Быхаўскага раёна. Пасля заканчэння Ільічоўскай сярэдняй школы Рагачоўскага раёна (1966) працаваў у раённых газетах (г. Івацэвічы, г.п. Карма). У 1967 годзе прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча (1973). Служыў ваенным карэспандэнтам у Сярэдняй Азіі. З 1980 года жыве і працуе ў Гомелі – карэспандэнт шматтыражкі «Сельмашавец», стыліст і спецыяльны карэспандэнт абласной газеты «Гомельская праўда», у 1989 – 2005 гадах – старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.
З 1989 года – член Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. Цяпер – член Саюза пісьменнікаў Беларусі. Удзельнічаў у рабоце ІХ з’езда Саюза пісьменнікаў СССР (Масква, 1992).
Член Саюза тэатральных дзеячоў (2006).
Лаўрэат прэміі Саюза беларускіх журналістаў і міжнароднай прэміі «Дружба» за лепшы публіцыстычны твор (нарыс «Сонцам хлеб на стале»). Пераможца літаратурнага конкурсу часопіса «Вясёлка» на лепшае апавяданне. П’еса «Стары і дарога» адзначана першай прэміяй на Рэспубліканскім конкурсе ў 1985 годзе. Прымаў удзел на ўсесаюзных нарадах драматургаў у Піцундзе, Рызе і Дубултах.
Першае апавяданне надрукаваў у 1966 годзе (часопіс «Вясёлка»). Выдадзены кнігі для дзяцей – «Хітры Данік» (1975), «Партрэт салдата» (1984), «Вятрак – птушка вольная» (2003), «Незвычайны дыктант» (2004), для дарослых – «Дзень у горадзе» (1985), «Мой рай зямны» (1997), «Тратнік» (2002), кніга публіцыстыкі «Пахвалі пражыты дзень» (1988), кнігі гумару «Смех на прызбе» (1995), «Карасі на пяску» (1977) і «Крутыя хлопцы» (2001), а таксама зборнікі п’ес «Сівы бусел» (1996), «Непаразуменні» (1997) і «Кто-то ходит за окном…» (2003). Выдаў кнігу нарысаў «Вячыстыя лясы Гомельшчыны» (2005).
Аўтар п’ес «Сівы бусел» (пастаўлена ў 1985), «Вокны» (1985), «Прыгоды з Канапухіным» (1988), «Кветкі-ягадкі» («Курорт для зяця») (1990), «Усміхаўся месяц белай вішні» (1996), «Шкірдзюкі займаюць абарону» (1996), «Перапалох» (2004), «Нехта ходзіць за акном…» (2006); п’ес-казак «Два мяхі цукерак» (2005), «Вушасцік» (2006), «Дзе жыве Некукарэка» (2007); тэлеп’ес «Добрае стаўленне да сабакі» (1996) і «Следчы эксперымент» (1999).
У народных тэатрах краіны пастаўлены спектаклі па п’есах «Лесвіца», «Кветкі і тайнае каханне Макізара», «Дублёр», «Курорт для зяця» і «Банкамат».
Аўтар радыёп’ес «Стары і дарога» і «Ігнатаў рубеж».
Пераклаў на беларускую мову п’есы «Маскоўскі хор» Л. Петрашэўскай (1989), «Сцэны каля фантана» (1990) С. Злотнікава і казку Л. Усцінава «Старамодныя цуды» (2003). Усе гэтыя п’есы пастаўлены ў НАДТ імя Я.Коласа.
Укладальнік і рэдактар шматлікіх калектыўных літаратурна-мастацкіх зборнікаў, у тым ліку «Настрой», «Вуліца Настаўніцкая», «Магістраль», «Пад небам Палесся» і іншых.
Творы пісьменніка перакладаліся на рускую, украінскую, польскую, туркменскую, удмурцкую і марыйскую мовы.
Асобныя апавяданні ўключаны ў чытанкі для вучняў малодшых класаў.
Узнагароджаны Ганаровай граматай міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь (2007).
Вось як згадвае гэтыя і іншыя жыццёвыя вехі пісьменнік у згадках:
“У мяне было шчаслівае дзяцінства. Жыла наша сям’я не сказаць каб шыкоўна, але ў працавітых бацькоў кусель хлеба заўсёды меўся. Да таго ж, бацька нярэдка прывозіў з горада кнігі, тады мы чыталі іх усе разам, падключаліся і сябрукі. Дзверы нашай хаты былі адчынены для кожнага, я ганарыўся, што да нас заходзяць людзі. Маіх бацькоў – вясковых настаўнікаў – паважалі, прасілі напісаць тую ці іншую паперку, раіліся, дзяліліся людзі і сваім болем, і радасцю.
Ад бацькоў, ад дзядоў і бабуль я стараўся ўзяць усё лепшае. Нешта ўдалося, нешта – не. А нарадзіўся я ў в. Гута Рагачоўскага раёна 1 студзеня 1948 г. Нарадзіўся ў хаце, на палацях. Гэта хата майго дзеда Якава і бабы Палагеі…
Вось напісаў: «У мяне было шчаслівае дзяцінства». Дзяцінства, мабыць, заўсёды шчаслівае, хоць і несытае, бывае, і нават галоднае. Відаць, так. Бо ўсе няшчасці і выпрабаванні абрынуцца на чалавека потым, калі мінуць першыя гады твайго жыцця, калі надыдзе час зарабляць кавалак хлеба, калі сустрэнешся з людской чэрствасцю, хлуснёй, жорсткасцю. Было ўсяго і ў мяне. Але гэта, як правіла, надавала толькі больш моцы, духу. І ў сэнсе самаго жыцця і непасрэдна творчасці.
Што найбольш запомнілася з дзяцінства?
…Вельмі багата снегу на вуліцах, малеча з больш дарослымі пацанамі капае тунэлі. Зайцы ў капканах. Абгрызеныя імі яблыні. Вечарамі шум і гам на гары: хто на чым едзе з яе ўніз, здаецца, тут уся вёска. Каталіся ў асноўным на драцянках. Канькі – рэдкасць. Пазней працавалі на школьнай трусагадоўчай ферме. Падарунак – кашуля. Я і цяпер яе помню. Прыгожая. Уручаў сам дырэктар школы нябожчык Іван Іванавіч Хамічкоў. Бацька купіў фотаапарат, веласіпед «Арляня». Нарадзіўся брат Міша. Збіраў грошы, каб выкупіць яго ў радзільным доме. К таму часу, калі з’явілася на свет сястра Таня, паразумнеў. Потым нараджэнне двайнюкоў Валодзі і Сашы. Вось усе яны, я ды плюс мама Вольга Якаўлеўна і бацька Юры Трафімавіч – мая любімая сям’я. У нас цяпер у кожнага свае сем’і, але і гэтая не распадаецца: усе, дзякуй богу, жывы і здаровы, не ачарствелі душамі… Збярог сяброўства і з многімі вясковымі хлопцамі, з якімі разам раслі. Валік Юрчанка, Міша Лапчанка, Барыс Поляк, Лёня Шурмялёў, Толік Ганчароў… Валодзя Панадысёў памёр да балючага рана.
Эх, дзяцінства, дзяцінства! Вярнуць бы цябе хоць на дзянёчак! Апрануць бы тыя лахманы, з’есці праснак з мёрзлай калгаснай бульбы, пакатацца б на крыгах у лёдаход. Не вернеш. Прынамсі, не ўсё і вярнуць хочацца. Тут успомніш што-небудзь такое – і вушы чырванеюць. Але то былі ўрокі. На ўсё жыццё. Узяць іх трэба было абавязкова. Хапала гэтых урокаў і потым, калі вучыўся ў школе (Ісканская васьмігодка Быхаўскага раёна, там настаўнічалі бацькі, там і сёння яны жывуць; Ільічоўская СШ Рагачоўскага раёна), калі служыў у арміі. Пра армію хочацца сказаць усё ж некалькі слоў. Яна – асаблівая старонка ў маёй біяграфіі. Закончыў вучэбнае падраздзяленне, у званні малодшага сяржанта трапіў служыць на касмадром Байканур у хімічную лабараторыю, дзе давялося рабіць самыя сапраўдныя аналізы ракетнага топліва, ды яшчэ на той пляцоўцы, адкуль узляцеў Юрый Гагарын. Затым быў інструктарам палітычнага аддзела па камсамольскай рабоце, перад стартамі касманаўтаў наязджала ў Ленінск (ён пры мне і Сонцаградам быў) шмат вядомых журналістаў (Я. Галаванаў, Ю. Лятуноў, В.Пяскоў). Даводзілася з імі сустракацца, размаўляць. А тым часам акруговая газета «Фрунзевец» рэкамендавала мяне на факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. Паступіў. Скончыў. Трапіў у дывізіёнку, у Ашхабад. Але не мог я без Беларусі, без бярозак, без роднай мовы. Праз 13 год блукання па свеце вярнуўся дадому, тут някепска прыжыўся. Шмат пісаў. Нешта выдаў. Але большасць – не, пакуль адлежваецца ў шафцы стала. Няхай. Усяму свой час. Да чытача дайшлі кнігі «Хітры Данік» (1975 г.), «Партрэт салдата» (1984 г.), «Дзень у горадзе» (1985 г.), «Пахвалі пражыты дзень» (1988 г.). Глядач убачыў спектаклі па маіх п’есах «Сівы бусел», «Вокны», «Прыгоды з Канапухіным», «Лесвіца», «Кветкі-ягадкі». Тэатры? Магілёў, Гомель, Віцебск, Йошкар-Ала, Рагачоў… Апошнюю п’есу «Ваўчар» надрукавала шматтыражка «Сельмашавец». Працуючы над п’есамі, давялося пабываць на Усесаюзных семінарах у Дубултах, Піцундзе, Рузе, дзе сустракаўся з вядомымі пісьменнікамі. То былі непаўторныя хвіліны. Непаўторныя!
Жыву ў Гомелі. Былі запрашэнні на перспектыўную працу ў Мінск, прапаноўвалі паехаць вучыцца на курсы сцэнарыстаў у Маскву, але я чамусьці перакананы, што само жыццё і тыя людзі, сярод якіх я праводжу залаты свой час, навучаць пісьменніка лепш за любых прафесараў.
Задумак шмат. Спадзяюся, што яны здзейсняцца. Дай Бог нам толькі ўсім здароўя!”
Нават проста пералік усяго зробленага В. Ткачовым уражвае – настолькі пладавіты пісьменнік. Праявы ў самых розных, падчас нават супрацьлеглых і, здавалася б, неспалучальных жанрах. А калі дабавіць сюды і грамадска-творчую дзейнасць (шмат гадоў Васіль Юр’евіч вёў на абласным тэлебачанні перадачу «На прызбе», дапамагаў як старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў выходзіць у людзі маладым творцам), то дзіву даешся працаздольнасці аўтара.
Пачынаў ён з твораў для дзяцей, дзе паказаў сябе някепскім псіхолагам, які добра разумее душу маленькага чалавека, што жыве па ўласных законах, і пра што, на жаль, забываюцца дарослыя дзядзькі. Кнігі ягоныя для дзетак чыталіся з цікавасцю, лёгка, бо Васіль Ткачоў часцей за ўсё выступаў не ў якасці злоснага і патрабавальнага педагога, а добразычлівага, які клапаціцца пра ўнутраную чысціню сваіх падапечных. Спрыяла цікавасці да апавяданняў і заўсёдная інтрыга, што абавязкова прысутнічала ў творах, дынамічнасць падачы падзей, імклівасць у развіцці сюжэту, нечаканая канцоўка. Разам з тым дзядзька Васіль не сюсюкаў з патэнцыяльнымі чытачамі ці слухачамі, не дзяцінеў, а схіляючыся нібы да іх, пераймаў непасрэднасць, шчырасць і наіўнасць, што і складаюць аснову сапраўднай творчасці.
Зусім іншым паўстаў Васіль Ткачоў у грунтоўнай і цікавай кнізе-дзённіку публіцыстыкі «Пахвалі пражыты дзень». Напісаная практычна адразу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, яна ўздымала актуальныя праблемы таго часу. Асабліва вылучаўся нарыс «Шчасце табе, дом!» («Блакнот Чарнобыльскай бяды»), у якім аўтар усхвалявана і разам з тым глыбока-пераканаўча расказаў пра свае сустрэчы з роднымі пажарнага Васіля Ігнаценкі, які загінуў у час ліквідацыі пажару на ЧАЭС. Нарыс, адзін з першых у тагачаснай савецкай перыёдыцы, аказаўся вельмі актуальным. Чытач адчуваў, што аўтар – не абыякавы пратакаліст, а жывая асоба, якой баліць не менш, чым героям твора. Сказалася тут і шматгадовая праца журналіста, выпрацаваўся адпаведны вопыт, пісьменнік умее разгаварыць сваіх герояў, зазірнуць ім у душу. Ягоныя развагі, маляўнічыя апісанні заўсёды падмацоўваюць дакумент, маналогі вядомых і аўтарытэтных людзей, што і прыносіць адпаведны плён. Не менш паспяхова піша ён і пра сціплыя мірныя падзеі, але заўсёды на першым плане не надоі ці прыбаўкі ў вазе, не колькасць выпушчаных камбайнаў, а рэальныя людзі з іх актуальнымі праблемамі. Паэтычны пачатак Ткачова-публіцыста асабліва праявіцца ў кнізе нарысаў «Вячыстыя лясы Гомельшчыны», дзе з любоўю раскажа аб цудах роднай прыроды, спалучыўшы яе з душою чалавечай.
Апавяданні для дарослых, калі можна правесці і такую градацыю, таксама адметныя, ткачоўскія. Гэта ў нейкай ступені і не зусім апавяданні, калі падыходзіць з даволі строгімі літаратуразнаўчымі патрабаваннямі. Хутчэй перад намі нейкі творчы сплаў замалёвак, імпрэсій, абразкоў, тых формаў, якія некалі існавалі ў нашаніўскі перыяд развіцця нацыянальнай літаратуры. Ды і героі яго незвычайныя, адразу згадваеш дзівакоў, чудзікаў Шукшына ці нашага Дударава. Яны непадобныя на правільных герояў айчыннай прозы, ім сумна жыць па законах, што прыдумалі вучоныя ад літаратуры. Ім хочацца на волю – невыпадкова адзін зборнік так і называецца «Вятрак – птушка вольная». Такія і персанажы прозы Васіля Ткачова, якія і ў жыцці, безумоўна, сустракаюцца, але на іх заўсёды паглядаюць з засяроджанасцю, падазронасцю.
Вось як характарызуе свайго героя з апавядання «Тратнік» (такая назва і ўсёй кнігі, што даволі сімвалічнае): Ён быў цвярозы, а рабіў заўсёды так, быццам выпіў. Не. Проста характар такі ў чалавека – несур’ёзны, крыху дзівацкі, ці што. Таму сваю ролю – бесклапотнага, добрага і вясёлага дачніка – Ціханчык выконваў без рэпетыцый, усё ў яго ішло як бы само сабой, без напружання. І ў той дзень маленькі спектакль у Беражках пачаўся сярод белага дня. Драматургам, рэжысёрам і выканаўцам галоўнай ролі быў адзін чалавек – вы здагадаліся, хто.
Якому ж нармальнаму чалавеку ні з пушчы, ні з поля ўзнікне ідэя аддаць каму-небудзь, проста так, задарма, лішні радыёпрыёмнік. Хай людзі карыстаюцца, бо ў героя два. Але мы развучыліся верыць у дабро, вось чаму усе з падозрай глядзяць на новага траянскага каня з рук вядомага дачніка. Наадварот, успрымаюць яго са свайго ўласнага погляду і жыццёвага вопыту – выпіць захацеў чалавек і таму гандлюе хатнімі рэчамі.
І ўсе такія героі Васіля Ткачова. То ў стажок залезуць, каб лячыць радыкуліт, то са стратай для сябе прадаюць самагонку жончыну, то, нібы героі бессмяротнай паэмы Якуба Коласа, трапляюць з вёскі ў гарадскія ўмовы, дзе не заўсёды адэкватна сябе адчуваюць. У іх і зяці адмысловыя, бо ім патрэбна нібы таму цыгану на левую руку каса, прылада адпаведная не толькі канечнасцям, але і сацыяльнаму статусу.
Ім, героям, сумна ў штодзённай вясковай будзённасці, хочацца нечага светлага, таямнічага, далёкага. Што канкрэтна, яны і самі не ведаюць. Вось чаму іх пошукі падчас і прымаюць самыя недарэчныя формы, ну, не раўнуючы, як у Ядвігіна Ш. (дарэчы, таксама земляка, бо нарадзіўся класік у маёнтку Добасня былога Рагачоўскага павета). Аднак Васіль Ткачоў стварае падобныя сітуацыі не толькі для таго, каб нязлосна пакпіць са сваіх крыху шалапутных і падчас нягеглых персанажаў. Гэты смех часцей за ўсё ідзе праз слёзы, бо вельмі часта якраз умовы жыцця і штурхаюць да падобнай недарэчнасці, а таму яны заслугоўваюць калі не спагады, то разумення.
Нечаканасцю для тых, хто сочыць за творчасцю Васіля Ткачова, стаўся выхад ягонага рамана «Дом камуны» (зборнік «Снукер», 2009). У эпіграфе пісьменнік пазначыў: У кожнага дома ёсць свая гісторыя. Яна непарыўна звязана з гісторыяй горада, з гісторыяй краіны… Сапраўды, аўтар знайшоў цікавы мастацкі ход, зрабіўшы па сутнасці галоўным героем твора адметнасць гарадской архітэктуры. Дом, які цяпер ахоўваецца законам, сапраўды сімвалізуе жыццё ўсяго горада ў мінулым стагоддзі. Сама задума будовы дома абумоўлена тагачаснымі падзеямі. Лічылася, што дом сімвалізуе будучыню грамадства, у якім будуць агульнымі сталоўкі, кухні, дзіцячыя садкі, кінатэатры, што можна не выходзіць з будынку, нібы з карпусоў МГУ, які на Вераб’ёвых гарах у далёкай Маскве, а людзі будуць жыць адзінай агульнай сям’ёй. Аднак не ўсё ў жыцці адбываецца так, як хацелася, як марылі аб тым кремлевские і іншага гатунку, больш дробнага, мечтатели. Таму Дом з сімвалу будучыні, светлай і ўзнёслай, ператвараецца ў свой антыпод, дзе ў сутарэннях жывуць бамжы, а ў адным з крылаў будынку пачынае панаваць дух нажывы і ўседазволенасці. Васіль Ткачоў, нібы галоўны герой аповесці Сцяпан Данілавіч Хамянок, глядзіць з вышыні суседніх дамоў на ўсё, што адбываецца ў былым слаўным будынку, і ўзнаўляе гісторыю канкрэтных людзей, спрабуючы прасачыць эвалюцыю чалавечых адносін і памкненняў, узважыць, што залежыць ад чалавека ў віхуры складанейшых абставін.
Трэба прызнаць, што пісьменнік умее заінтрыгаваць чытача, ён стварае дынамічны, напружаны сюжэт з элементамі нават готыкі (таямніцы, схаваныя шкатулкі, тайнікі ў сценах, нечаканыя сустрэчы, трагічныя калізіі, каханне і смерць, нават, а як жа без яго, прывід з’яўляецца, хаця ўрэшце рэшт сам Дом болей становіцца падобным спачатку на жабрака, а потым і на здань былой велічы). Умее Васіль Ткачоў і ствараць дакладныя партрэты персанажаў, прычым адной, дзвюма рысамі, як мастак-графік, дзеянне ў яго заўсёды на першым плане, што надае твору ў цэлым імпульсіўнасць і энергію. Пісьменнік шчодра выкарыстаў свае папярэднія дасягненні, нават уключыў некаторыя фрагменты (ці развіў іх) з папярэдніх твораў (гісторыя Мордуха Смолкіна); прынцыпы будовы твора і ягоную стылістыку. Менавіта ўсе персанажы жывыя, менш за ўсё яны нагадваюць марыянетак (хаця Ткачоў-драматург раз-пораз умешваецца ў развіццё дзеяння).
Імпануе (але гэта толькі гамяльчанам, ды і толькі тым, што ўжо шмат пажылі на гэтым свеце і мелі сякія-такія адносіны да вярхоў горада і вобласці, ці творчай (і калятворчай) інтэлігенцыі) і той факт, што тут вельмі многа алюзій на гарадскія падзеі, учынкі вядомых у межах горада людзей, і плёткі, што спадарожнічаюць ім (людзям і іх учынкам). Хаця некаторым з прадстаўленых тут герояў не ўсё спадабаецца, тым болей у аўтарскай ацэнцы.
Добра вядомы Васіль Ткачоў і як драматург, аб чым можна ўжо нават пісаць асобнае навуковае даследаванне. У апошні час з’явілася шмат арыгінальных ягоных драматургічных твораў, якія друкуюцца і іх з ахвотай ставяць народныя калектывы (у прыватнасці некалькі спектакляў зрабіў народны тэатр «Зеркало» пры ГДУ імя Ф. Скарыны).

Яндекс.Метрика