Адзін выдатны беларускі літаратуразнавец аднойчы сказаў так (безумоўна, з вялікай доляй іроніі): “Ці шмат пісьменніку трэба, каб стаць знакамітым? – Напісаць раман, бо што гэта за пісьменнік, калі ў яго няма рамана, апублікаваць у часопісе…”

Дык вось пісьменнік Алег Ананнеў, які жыве і працуе ў Гомелі, і без рамана адбыўся як прафесіянал. Паэт, мастацтвазнаўца, ён аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў, кніг пра мастакоў Гомельшчыны, ініцыятар і аўтар многіх літаратурна-мастацкіх праектаў, двойчы быў удастоены абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага, лаўрэат міжнародных і абласных конкурсаў. Даўно ўжо трывала замацаваў за сабой славу не толькі таленавітага паэта, але і празаіка, драматурга…

Тым не менш Алег Валянцінавіч замахнуўся і на раман. Мяркую, гэта ў яго атрымалася. Бо кніга “Княгіня” (“Княгиня»), якая выйшла ў 2025 годзе ў выдавецтве “Чатыры чвэрці”, сведчыць, што пісьменнік паспяхова справіўся з задачай, якую ставіў перад сабой – стварыць раман, у якім была б адлюстравана гісторыя цудоўнага горада над Сожам.

Як вядома, сапраўдны мастацкі твор – гэта заўсёды адкрыццё новага, невядомага. І Алег Ананнеў у сваім рамане адкрыў для нас,  чытачоў, шмат цікавых і павучальных фактаў і звестак, падзей, якія мелі месца ў жыцці гамяльчан у пераломную эпоху – у канцы XIX – пачатку ХХ стагоддзя. Як жывыя паўстаюць перад намі галоўныя героі кнігі – князь Фёдар Іванавіч Паскевіч і яго джонка Ірына Іванаўна, якія атрвымалі ў спадчыну гомельскі палац. Добрая, разумная княгіня шчодра дорыць мясцовым жыхарам сваю любоў і ўвагу, займаецца арганізацыяй адукацыі, будуе школы, стварае медыцынскія ўстановы, дапамагае сіротам, абяздоленым людзям, нават рэвалюцыянеру, які ўцёк з турмы! Не дарэмна ж і да цяперашняга часу жыве ў памяці ўдзячных гамяльчан вобраз гэтай неардынарнай жанчыны. Дарэчы, адна з прыгожых гарадскіх вуліц названа Ірынінскай, у гонар княгіні, якая клапацілася аб простых людзях.

У рамане паказаны  воблікі і справы многіх выдатных людзей таго часу, расказваецца пра подзвігі камунараў пад кіраўніцтвам Івана Ланге. Ёсць у творы і такія тыпы, як злодзей Мішка Нос. Зразумела, жыццё неадназначнае….

Прыемна, што аўтар памятае пра мастацкую меру і эстэтычны густ, бо калі іх занядбаеш, то можна збіцца і на хлусню. Цудоўна апісаны ў кнізе Парыж і сустрэчы княгіні Ірыны Іванаўны з выдатнымі творчымі асобамі. Чытаеш – і такое ўражанне, быццам аўтар там прысутнічаў  у той час і ўсё назіраў. Нават больш таго, адчуваеш сябе сведкам падзей і размоў. Дарэчы, пісьменнік паказаў  майстэрства ствараць дыялогі, што, па словах Максіма Горкага, самае цяжкае пры напісанні прозы. Арганічна ўплятаюцца сюды прыказкі, прымаўкі, крылатыя народныя выслоўі. Гэта робіць мову персанажаў  багатай, яркай, запамінальнай. Прычым у кожнага героя яна свая, адметная.

Трэба адзначыць, што Алег Ананнеў не толькі мастак слова, але і майстар пэндзля, можна сказаць, два творцы аб’ядналіся ў адным. Як мастак, ён бачыць усё ў формах і фарбах. Таму і ўсе мясціны, дзе знаходзяцца і дзейнічаюць героі твора, быццам паўстаюць перад табой.

Уражваюць гістарычныя веды аўтара. Велізарны аб’ём вельмі цікавай і карыснай інфармацыі даносіць ён да чытачоў, прычым ненавязліва, заўсёды да месца ў тэксце. Пісьменнік такім шляхам уносіць свой уклад у захаванне гістарычнай памяці народа.

У кнізе праўдзіва адлюстравана паўната думак і жыцця, а гэта сведчыць аб тым, што раман Алега Ананнева – сапраўдная проза. І невыпадкова гэты твор пабачыў свет у новай серыі “Сучасная проза”.

Міхась СЛІВА

Яндекс.Метрика