Напярэдадні Дня бібліятэк ў гомельскай бібліятэцы-філіяле №5 (абанемент абслугоўвання інвалідаў па зроку на вуліцы Савецкай) адбылося пасяджэнне аматарскага творчага аб’яднання “Ліра”.
Людміла Шэрамет, загадчыца абанемента, шчыра прывітала гасцей, чытачоў, большасць якіх знаёміцца з літаратурай са шрыфтам Брайля. І сама Людміла Антонаўна пачула самыя шчырыя словы прывітання напярэдадні свята горада Гомеля, вершы дэкламатараў Зінаіды Машкоўскай, Ліліі Гетманавай, Ірыны Назаравай, песні ў выкананні Ірыны Калеснай і Алы Дайнека ў музычным суправаджэнні Уладзіміра Дарнапыха.
Пра знакавы ў сваім асабістым лёсе Дзень народнага адзінства, які святкуем 17 верасня, падзялілася ветэран-журналіст, паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Кручэнка (Купрэвіч), ураджэнка райцэнтра Мядзел, што на Міншчыне. Тамара Віктараўна прадставіла новыя літаратурныя выданні, расказала пра ўражанні ад сустрэч з беларускімі і рускімі пісьменнікамі, гасцямі XX Міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя Дажынкі” , што прайшло ў Гомелі і на Палессі. “Яго ініцыятарам і арганізатарам з’яўляецца наш зямляк, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь , парламентарый, вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Гаўрыловіч, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, – адзначыла паэтэса. – Да юбілейнага фестывалю было прымеркавана шмат яркіх знакавых падзей, дзе пісьменнікі прадставілі свае сёлетнія творы і найлепшыя з якіх былі ўганараваны абласной літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага. Незабыўныя для нас шчырыя сустрэчы з чытачамі адбыліся ў Гомелі, Тураве, Жыткавічах, Азарычах. А на рэспубліканскім свяце – 32-м Дні беларускага пісьменства ў горадзе Ліда на Гродзеншчыне – Нацыянальная літаратурная прэмія ўручана тром лёсава звязаным з Гомельшчынай пісьменнікам: Міколу Чарняўскаму, Міколу Ждановічу, літаратурнаму крытыку Аляксандру Бярозка, і гэта ўсцешыла нас як годны працяг традыцый чатырох народных пісьменнікў Беларусі, ураджэнцаў Гомельшчыны Івана Мележа, Івана Шамякіна, Андрэя Макаёнка і Івана Навуменкі”.
Вядомы народны ансамбль народнай песні “Крынічанька” парадаваў усіх удзельнікаў сустрэчы шчырымі святочнымі песнямі.
Прэс-служба ГАА ГА «СПБ»