У Гомельскім гісторыка-краязнаўчым музеі, што ў Пакалюбічах Гомельскага раёна, напярэдадні 80-годдзя Вялікай Перамогі адкрыта перасоўная літаратурна-дакументальная выстава “Пятрусь Броўка. Маё ХХ стагоддзе…” , прысвечаная народнаму паэту Беларусі, удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, Герою Сацыялістычнай працы, Лаўрэату Ленінскай прэміі, акадэміку АН Беларусі…

Выстава — а гэта 8 рол-ап стэндаў пра жыццёвы і творчы шлях Петруся Усцінавіча Броўкі,  аўтара знакамітай паэмы “Голас сэрца” прыехала з Мінска, з філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры – “Літаратурнага музея Петруся Броўкі”. 25 чэрвеня гэтага года будзем адзначаць 120-годдзе з дня нараджэння незабыўнага паэта, ураджэнца Віцебшчыны.

Дзесяцікласнікам і педагогам Пакалюбіцкай сярэдняй школы было надзвычай цікава паслухаць навуковага супрацоўнікагэтага  музея Дарыю Валер’еўну Карчашкіну. Адбыўся адметны ўрок літаратуры. Адчувалася глыбокае веданне не толькі біяграфіі творцы, але ўлюбёнасць і паглыбленасць у яго творчасць. Гэта бывае тады, калі чалавек займаецца той справай, якую любіць. І ў гэтым таксама быў адпаведны ўрок прафарыентацыі для школьнікаў.

У сустрэчы бралі ўдзел паэты, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Кручэнка і Валерый Вятошкін. Тамара Віктараўна падзялілася аўтографам, які студэнткай узяла ў Петруся Усцінавіча Броўкі ў купалаўскай Вязынцы. Згадала і роднага брата паэта, Аляксандра Усцінавіча, які лёсава быў звязаны з Гомельшчынай.

Прэс-служба ГАА ГА “СПБ”

Яндекс.Метрика