Упэўнены, што пра гэтую кнігу будуць многа гаварыць і пісаць, а самае галоўнае – яе будуць чытаць! Асабліва дзеці малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту, бо чытаць яны будуць менавіта пра сябе, пра сваё школьнае жыццё. І многія будуць пазнаваць сябе сярод шматлікіх герояў гэтага надзвычай захапляльнага твора (Наталья Шестакова. Секретная экспедиция Васи Ванечкина и Платона Березкина. – Минск: Беларусь, 2024. – 287 с.). Кніга на рускай мове, стала пераможцай літаратурнага конкурсу LitUp, фінал якога адбыўся ў рамках юбілейнай ХХХ Мінскай міжнароднай выстаўкі-кірмашу.
Пераможцай у такім прэстыжным конкурсе гэтая кніга стала невыпадкова. Таму што нікога не пакіне раўнадушным яе змест. А ён такі цікавы, займальны і змяшчае столькі неабходнай і карыснай для дзяцей інфармацыі, што смела можна назваць своеасаблівай энцыклапедыяй паводзін для малышоў. А самае важнае – твор нясе пазітыўны настрой, вучыць дабру і справядлівасці.
Па майму меркаванню, ён дастойны сапернік, працівага нашумеўшай калісьці кнігі пра Гары Потара. Дзякуй богу, сціх ажыятаж вакол тых тэкстаў, у якіх галоўны герой – хлапчук − вядзе сябе дзёрзка, нахабна, прапагандуецца непаслухмянства, можна сказаць, хуліганства. Карацей, нічога добрага. Але ж пэўныя сілы настойліва прасоўвалі таго яўна адмоўнага персанажа ў якасці героя для дзяцей…
Дык вось пісьменніца Наталля Шастакова стварыла праўдзівы калектыўны вобраз героя – гэта дапытлівыя, сумленныя, настойлівыя ў дасягненні высакародных мэт, добра выхаваныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія паважаюць сваіх бацькоў і старэйшых людзей. Яны дрэнна сябе пачуваюць, калі побач хтосьці робіць нешта нядобрае, імкнуцца быць справядлівымі і прынцыповымі. Безумоўна, дзеці ёсць дзеці, у кожнага – свой характар, а ў асобных з рабят часам прарываюцца негатыўныя паводзіны, але ж яны самі або з дапамогай сяброў-аднакласнікаў ці настаўнікаў прыходзяць да ісціны, выпраўляюць хібы ў сваіх паводзінах. Да прыкладу, адзін з персанажаў кнігі – Дзіма Шурупаў − непрыгожа паводзіў сябе ў школьнай сталовай, нават скінуў на падлогу катлету ды яшчэ звярнуў віну на іншых. Тут ужо праявілася рыса таго самага Гары Потара. Але ж аднакласніца смела выкрыла гэты агідны ўчынак Дзімы. Тут аўтар умела выкарыстоўвае выхаваўчы момант.
А галоўныя героі – Платон Бярозкін і Вася Ванечкін – могуць быць узорам для дзяцей: любяць і шануюць родную прыроду, яе насельнікаў. Без сумнення, запомніцца юным чытачам эпізод, як гэтыя хлапчукі хвалююцца, перажываюць, калі па іх віне загінуў прыгожы матылёк. Аднак і яны не ідэальныя, і сярод іх здараюцца непаразуменні. Так, калі бацькі купілі мабільны тэлефон для Васі, а ён не адразу дазволіў сябру Платону пакарыстацца ім, адбыўся непрыемны інцыдэнт, дружбакі на нейкі час пасварыліся.
Каштоўнасць кнігі яшчэ і ў тым, што па ходу разгортвання крэатыўнага, насычанага падзеямі сюжэта аўтар дае юным чытачам шмат карысных звестак, прычым такім чынам, што яны лёгка запамінаюцца і абагачаюць добрымі ведамі аб самым важным рабят малодшага і сярэдяга школьнага ўзросту. Яны могуць, напрыклад, даведацца пра Міжнародны дзень абароны дзяцей і захавання міру на Зямлі, засвоіць асновы фатаграфавання і карыстання камп’ютарам і компасам, навучыцца вызначаць узрост і вышыню дрэў, пашырыць свой кругагляд аб прыродзе, яе флоры і фауне, запомняць, як трэба паводзіць сябе і ратавацца пры неабходнасці на водных аб’ектах, пазнаёмяцца з дзейнасцю выратавальнікаў, з правіламі бяспекі ў розных сітуацыях і з яшчэ многім іншым, што можа спатрэбіцца ў жыцці.
У творы заўсёды да месца выкарыстоўваюцца шматлікія прыказкі, прымаўкі, выслоўі, яны вучаць народнай мудрасці.
Новая кніга Наталлі Шастаковай, якая сама працавала педагогам дадатковай адукацыі ў сельскай школе і выдатна ведае псіхалогію дзяцей, не будзе залежвацца на паліцах у бібліятэках. А калі яе набудуць у крамах бацькі для сваіх дзетак, то не пашкадуюць, бо твор гэты стане надзейным памочнікам у выхаванні падрастаючага пакалення!
Міхась СЛІВА