



Пісьменнікі Гомельшчыны – лаўрэаты абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага – на Міжнароднай кніжнай выставе 12 сакавіка прадставілі літаратурна-музычную праграму-прэзентацыю “Ганарымся нашай Перамогай”, прысвечаную 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, 100-годдзю з днч нараджэння народнага пісьменніка Беларусі І.Я.Навуменкі, 100-годдзю Гомельскай епархіі, 1025-годдзю Тураўскай епархіі, 895-годдзю асветніка Кірылы Тураўскага.
З прывітальным словам да рэспубліканскага чытача на стэндзе Гомельскай вобласці, дзе былі шырока прадстаўленыя новыя творы сучасных аўтараў за 2024 год, а таксама тэматычныя кніжныя праекты выдавецтваў рэгіёна, звярнуўся лідар літаратурнай Гомельшчыны, вядомы беларускі пісьменнік, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужаны дзеяч культуры краіны, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі і шэрагу міжнародных літаратурных прэмій, лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Уладзімір Мікалаевіч Гаўрыловіч.
У прыватнасці, ён адзначыў, што Гомельшчына ганарыцца класікамі беларускай літаратуры, ураджэнцамі Гомельшчыны, народнымі пісьменнікамі-франтавікамі Іванам Мележам, Андрэем Макаёнкам, Іванам Шамякіным, Іванам Навуменкам, што сучасныя літаратары працягваюць ствараць мастацкія творы пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны, падкрэсліваючы, што Перамога, здабытая крывёй мільёнаў савецкіх салдат і мірных грамадзян – гэта наша Перамога, і мы будзем заўсёды ганарыцца нашай Перамогай! Так было, ёсць і будзе на нашай зямлі!
“Так, сапраўды, мы не можам не ганарыцца подзвігамі нашых дзядоў і прадзедаў, як не можам не памятаць пра тое, што мы не бязродныя, што нас аб’ядноўвае тысячагадовая вера, бласлаўляе сам святы Кірыла Тураўскі. Таму нішто – нічые пагрозы, ніякія навалы і войны – не прымусілі беларусаў забыць, якога мы роду-племені, не разарвалі повязі паміж пакаленнямі жывых і паўшых: наступаў час новых выпрабаванняў – і ўсталі сыны Беларусі на абарону дома свайго, веры сваёй, памяці сваёй. Так было скрозь. Так было ў саракавыя. Так будзе давеку…” – канстатаваў Уладзімір Гаўрыловіч.



У час творчага выступлення вядомыя гомельскія літаратары Тамара Кручэнка, Мікалай Ждановіч, Лідзія Долбікава, Іна Зарэцкая, Алег Ананнеў, Наталля Шэметкова прэзентавалі свае новыя кнігі і творы калег па пяру, чыталі антываенныя вершаваныя радкі, — аддалі даніну памяці гераічнаму подзвігу беларускага народа, які змагаўся разам з брацкімі народамі былога СССР супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.



Літаратурную праграму аздобілі песенныя творы на словы гомельскіх творцаў, а таксама агульнавядомыя патрыятычныя песні, якія хораша выканаў аўтар-выканаўца, кампазітар, член Міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтваў Віктар Задарожны. І яму падпявалі многія наведвальнікі выставы!


У час творчага выступлення аддзялення СПБ адбылася яшчэ адна важная падзея. У гонар 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Івана Якаўлевіча Навуменкі рашэннем Савета абласнога аддзялення СПБ за папулярызацыю творчасці класіка, працяг яго мастакоўскай традыцыі, папулярызацыю твораў сучасных пісьменнікаў Гомельшчыны ў рэспубліцы і за яе межамі Літаратурная прэмія 2025 года імя Івана Навуменкі прысуджана вядомаму беларускаму празаіку, публіцысту і крытыку Уладзіміру Пятровічу Саламаху. Лідар абласной пісьменніцкай арганізацыі У.М. Гаўрыловіч уручыў калегу адпаведны дыплом і памятны медаль “За служэнне Слову”. Гэтаксама шэраг гомельскіх аўтараў адзначаны граматамі Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Расіі. А шчырыя віншаванні з выхадам новай кнігі «Княгіня» (першы экзэмпляр аўтару быў уручаны якраз на выставе!) былі адрасаваны Алегу Ананневу.
Падчас працы на Міжнароднай кніжнай выставе адбылося шмат сустрэч гомельскіх творцаў з пісьменнікамі Беларусі і Расіі, з чытачамі Мінска і рэспублікі.
Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» выказвае падзяку Гомельскаму аблвыканкаму, Камітэту па ідэалагічнай рабоце і па справах моладзі, Упраўленню культуры аблвыканкама, Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна за арганізацыю выступленняў і творчых сустрэч пісьменнікаў вобласці на міжнароднай выставе.





Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.