Сапраўды, цікава, хто мацнейшы ў творчасці для дзяцей: Яўген Шастакоў ці Максім Шастакоў – бацька ці сын? У абодвух у адзін год і ў адным і тым жа выдавецтве выйшлі кнігі казак.
Дзеці малодшага школьнага ўзросту будуць, безумоўна, у захапленні ад кнігі, адрасаванай ім маладым гомельскім пісьменнікам Максімам Шастаковым – “Памылка Разіньі, або Вялікае падарожжа маленькіх чалавечкаў” (“Ошибка Разиньи, или Большое путешествие маленьких человечков”) (Мінск: Звязда, 2024. – 72 с.). Гэта казачная гісторыя аб тым, як маленькія дамавікі шукалі сабе добрых гаспадароў, каб ахоўваць іх дабрабыт, утульнасць і парадак у іх дамах. На шляху да сваёй мэты міфічным істотам даводзіцца пераадолець шмат выпрабаванняў, пазнаёміцца з рознымі незвычайнымі персанажамі.
Кніга старэйшага Шастакова – Яўгена Пятровіча “Гісторыя Міхайлы Патапыча” (“История Михайлы Потапыча”) (Мінск: Звязда, 2024. – 64 с.) адрасавана дзецям сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту. Галоўны герой апавяданняў гэтага зборніка – звычайны мядзведзь. Ён ужо дастаткова пажылы, можна нават сказаць, што стары, але які яшчэ не страціў цікавасці да жыцця. Зразумела, не ўсё яму падабаецца, а сёе-тое ён наогул не хоча ўспрымаць. Праяўляючы наіўнасць, ён часта трапляе ў смешныя сітуацыі, але заўсёды выходзіць з іх дастойна, захоўваючы лепшыя якасці мядзведзя.
Трэба сказаць, што абедзве разглядаемыя намі кнігі цікавыя, займальныя. Маюць усе адметнасці, каб прыцягнуць увагу і спадабацца чытачам адпаведных узростаў. У творах дзейнічаюць казачныя героі – звяры, птушкі, іншыя насельнікі прыроды. А самае галоўнае – творы гэтыя вучаць дзяцей быць добрымі, сумленнымі, спагадлівымі, справядлівымі.
Кнігі маюць цудоўныя ілюстрацыі мастакоў Галіны Івановай і Дар’і Чарняўскай, іх малюнкі ўдала дапаўняюць тэксты. Таму абедзве кнігі даставяць эстэтычную асалоду не толькі сваім зместам, але і афармленнем. А на пытанне, хто лепшы казачнік, можна смела адказаць так: і бацька, і сын Шастаковы выдатна справіліся з задачай – напісаць добрыя, крэатыўныя, захапляльныя творы, якія, без сумнення, прынясуць карысць чытачам. Не выпадкова ж выпуск іх ажыццёўлены па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Міхась СЛІВА