Грамадская Школа міру, мужнасці і патрыятызму пры Гомельскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі існуе другі навучальны год. У мінулым, 2022-2023 навучальным годзе больш тысячы школьнікаў і навучэнцаў горада над Сожам практычна з усіх мікрараёнаў горада над Сожам наведалі ўрокі, праведзеныя дырэктарам грамадскай Школы, заслужаным дзеячам культуры Беларусі, старшынёй абласнога аддзялення СПБ У.Гаўрыловічам і яго калегамі-пісьменнікамі.

Як адзначаюць у Савеце аддзялення СПБ, такі фармат працы з дзецьмі заслугоўвае ўвагі, бо робіцца дзеля таго, каб у юных душах землякоў-гамяльчан на прыкладах літаратуры сфарміраваць патрыятычную пазіцыю грамадзяніна-патрыёта Беларусі. У абласную бібліятэку запрашаюцца вучні 9-11 класаў школ з усіх мікрараёнаў горада над Сожам. Тут пры падтрымцы бібліятэкараў краязнаўчага аддзела і кіраўніцтва ўстановы арганізоўваецца экскурсія ў Музей літаратуры рэгіёна, а пасля пісьменнікі даюць тэматычны ўрок. І, як паказаў мінулы навучальны год і першыя дзве чвэрці 2023-24-га, справа гэта надта патрэбная і карысная для выхавання падрастаючага пакалення.

У Музеі літаратуры Гомельшчыны

19 студзеня на камбінаваны ўрок “За мір на зямлі. Ён важны мне і табе…” прыйшлі вучні 11-ай гарадской сярэдняй школы. Пра творчасць класікаў і сучасных творцаў расказала ім супрацоўніца краязнаўчага аддзела Ніна Мікалаеўна Канавалава. А затым на працягу больш чым дзве гадзіны са старшакласнікамі працаваў кіраўнік пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Гаўрыловіч. Пазнаёміў Уладзімір Мікалаевіч старшакласнікаў з творчасцю пісьменнікаў-землякоў І.Катлярова, Л.Севера, В.Ткачова і інш., а таксама са сваімі новымі творамі: чытаў урыўкі з новай, яшчэ не апублікаванай аповесці, прысвечанай трагедыі ў Азарычах, якая адбылася роўна 80 гадоў назад…

Для школьнай бібліятэкі падарунак ад пісьменніка-земляка

Урок завяршыўся апладысментамі і падзякамі вучняў.  У большасці старшакласнікаў вочы па  яго завяршэнні — асветленыя, напоўненыя дабрынёй. Значыць, сапраўды дастукаліся да іх сэрцаў!

            Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення

ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Яндекс.Метрика