
Стварэнне высокамастацкіх, глыбокіх па змесце твораў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі, больш увагі ў сваёй творчасці і грамадскай дзейнасці надаваць тэмам генацыду беларускага народа, ушанаванню памяці пра ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, папулярызацыі твораў знакамітых пісьменнікаў-землякоў – гэтыя і шмат іншых задач паставілі перад сабой пісьменнікі Гомельшчыны на выніковым сходзе.
Спачатку крыху статыстыкі…
Пісьменніцкі калектыў рэгіёна – не маленькі. Налічвае амаль 60 творцаў. Напрыканцы мінулага года аддзяленне папоўнілі яшчэ тры празаікі — Уладзімір Міроненка, Яніна Бераснёва і Ляман Багірава, у пісьменніцкую сям’ю ўліўся таксама літаратуразнаўца, крытык Іван Афанасьеў. Звыш 1350 творчых сустрэч розных фарматаў, прэзентацый кніг пісьменнікаў абласнога аддзялення ва ўстановах культуры, адукацыі, працоўных калектывах рэгіёну прысвячаліся Году міру і стварэння ў Рэспубліцы Беларусь, 85-годдзю Гомельскай вобласці, Году сучаснай патрыятычнай літаратуры на Гомельшчыне, а таксама ладзіліся ў гонар 85-годдзя беларускага паэта-земляка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР А.С. Грачанікава, 75-годдзя драматурга Васіля Ткачова, а таксама пісьменнікаў савецкага перыяду ў гісторыі БССР і Рэспублікі Беларусь – ураджэнцаў Гомельшчыны. У практыку работы ўвайшлі розныя формы эмацыянальнага ўздзеяння на чытача: прэзентацыі і творчыя сустрэчы, урокі міру і патрыятызму, сустрэчы-гульні, майстар-класы і многае іншае.
За год выйшла з друку больш амаль 30 высокамастацкіх аўтарскіх кніг, якія сведчаць пра рост творчага патэнцыялу пісьменнікаў рэгіёна. У перыядычным друку краіны надрукавана звыш 400 твораў, у тым ліку і буйных жанраў, паэтычных цыклаў і падборак, на розных электронных рэсурсах змешчана звыш 3,5 тыс. публікацый, 56 разоў пісьменнікі выступілі на тэлебачанні і радыё (рэспубліканскім, абласным, мясцовым)…
Актывам пісьменніцкай арганізацыі рабілася шмат для таго, каб данесці да чытачоў, як да дарослых, так і дзяцей, да выхаванцаў садкоў, вучняў школ, навучэнцаў, студэнтаў рэгіёна мастацкае слова. І гэтая справа не перапыняецца ні на дзень, падкрэсліў на выніковым сходзе старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

“Ды захоўваем памяць”
Як не перапыняецца праца па захаванні памяці пісьменнікаў, якія сышлі ад нас назаўсёды. Так, у сёлетнім альманаху “Літаратурная Гомельшчына” змешчаны асобны раздзел, прысвечаны памяці 16 пісьменнікаў-землякоў. Надрукаваны іх творы. А да 75-годдзя са дня нараджэння драматурга Васіля Ткачова, на доме, дзе ён жыў, дзякуючы падтрымцы ВА “Гомсельмаш”, усталяваны памятны знак у яго гонар. Дзеля захавання памяці пра казачніка Анатоля Караленку правялі конкурс казкі. Школьнікі рэгіёна малявалі свае ўражанні ад прачытання мастацкіх твораў літаратараў і даслалі звыш 600 малюнкаў на V абласны конкурс “Родныя вобразы. Вясёлка над Тураўскай зямлёй”. А да 95-годдзя Івана Сяркова за працяг мастакоўскай традыцыі майстра слова ў дзіцячай літаратуры на сходе была ўручана абласная літаратурная прэмія празаіку Мікалаю Дзямчыхіну…

На жаль, былі ў 2023-ім і страты: пайшлі з жыцця вядомыя творцы Ізяслаў Катляроў, Леанід Север і Уладзімір Шпадарук. Дзеля захавання іх памяці, памяці пісьменніка-земляка М.Мятліцкага заснаваны і аб’яўлены абласны і міжнародны конкурс (перакладаў “Беларусь-Расія. Сожскія берагі дружбы”). Прынята рашэнне і аб заснаванні абласной прэміі ў гонар Васіля Ткачова і Ізяслава Катлярова, якія будуць уручацца раз у пяць гадоў.
Актывістам – заслужаныя ўзнагароды

На працягу года актыўна працавалі з чытачамі: ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы беларускі паэт Міхась Болсун і старшыня аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч (звыш 50 сустрэч), паэтэса, публіцыст Тамара Кручэнка (звыш 25 сустрэч), паэт Аляксандр Каляда, празаік і публіцыст Міхась Кавалёў (Сліва) — (звыш 20 сустрэч), паэтэса Людміла Яськова (звыш 15 сустрэч), паэтэса, перакладчыца Алена Мацвіенка, паэтэса Галіна Рагавая, паэт Валерый Вятошкін, паэтэса Вера Квяткоўская, паэт Алег Ананнеў, паэт Мікола Ждановіч, паэтэса Лідзія Долбікава, паэтэса Ала Бялькова, празаікі Таццяна Майсеева і Андрэй Мацвеенка (звыш 10 сустрэч)…
У абласным аддзяленні сфарміравана выдатная перакладчыцкая школа. Вынікам творчай працы сталі звыш 80 кніг перакладаў з удзелам таленавітых гамяльчан і творчай моладзі рэгіёна, выдадзеных у Расіі, прычым з дзясятак — на беларускай мове. Зараз 15 перакладчыкаў аддзялення на чале з У. Гаўрыловічам завяршаюць пераклад твораў болей 60 аўтараў з нацыянальных рэспублік Расіі — пісьменнікаў Каўказа. За творчую актыўнасць на выніковым сходзе кіраўнік аддзялення ўручыў ім высокія ўзнагароды: медалі “100 гадоў Расулу Гамзатаву” і “10 гадоў форуму “Берагі дружбы”, ганаровыя граматы і дыпломы. Практычна кожнаму з літаратараў уручаны дарагія падарункі ад юных чытачоў – малюнкі па іх творах.

Уся ўвага – дзецям і творчай моладзі
Погляд творцаў тут быў скіраваны на выяўленне і падтрымку, стымуляванне творчасці юных талентаў. Дзеля гэтага былі праведзены 7 літаратурных конкурсаў, у якіх прынялі ўдзел звыш 4 тыс. школьнікаў, навучэнцаў і студэнцкай моладзі. Самыя масавыя конкурсы, якія накіраваны на выяўленне і развіццё творчых здольнасцей дзяцей, і якія асабліва карыстаюцца папулярнасцю ў школьнікаў — XVII абласны конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” (па творах сучасных пісьменнікаў Гомельшчыны) і V конкурс малюнкаў па матывах твораў членаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” “Родныя вобразы. Вясёлка над Тураўскай зямлёй”. Лаўрэаты і фіналісты гэтых двух конкурсаў — звыш 60 юных аўтараў з усёй вобласці — былі запрошаны на фестываль “#ЧытайГомель”, дзе была арганізавана і пры падтрымцы калектыву абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна ўрачыста адкрыта выстава лепшых малюнкаў “Кніга пісьменніка + лепшы малюнак”. З удзелам пераможцаў конкурсаў праведзена тэатралізаванае свята, у дадатковым спаборніцтве вызначаны ўладальнікі гран-пры, а таксама адбылося памятнае ўзнагароджванне ўладальнікаў прызавых месцаў на галоўнай фестывальнай сцэне.
Шмат традыцыйных падзей і навацый…
Асаблівая ўвага звярталася на выхаванне праз літаратуру. У іх ліку навацыя – праца грамадскай Школы міру, мужнасці і патрыятызму пры абласным аддзяленні СПБ. На базе абласной універсальнай бібліятэкі на працягу навучальнага года для вучняў 8-11 класаў з чатырох раёнаў Гомеля праводзіліся літаратурныя урокі міру, мужнасці і патрыятызму. Яны складаліся з экскурсійнай часткі — наведвання Музея літаратуры і практычных заняткаў, якія на грамадскай аснове праводзіў дырэктар школы У.Гаўрыловіч ды пісьменнікі з вышэйшай педагагічнай адукацыяй. На думку вучняў і іх педагогаў падобныя мэтавыя выхаваўчыя заняткі маюць вялікае выхаваўчае значэнне для фарміравання патрыятычнай пазіцыі грамадзяніна-патрыёта Беларусі.
А ў верасні праведзена Дэкада сучаснай патрыятычнай літаратуры (у яе фармаце арганізавана 38 выступленняў і прэзентацый новых кніг пісьменнікамі рэгіёна ва ўстановах адукацыі). Прыемна, што такія творчыя акцыі прайшлі не толькі ў Гомелі, але і ў Рагачове (М.Сліва), Мазыры (А.Каляда), Петрыкаве (А.Белік), Добрушы (Л.Яськова).
7-10 верасня ў г. Гомелі і ў вобласці прайшлі V абласны фестываль літаратуры, культуры, народных традыцый “На зямлі Кірылы Тураўскага” і V Форум маладых літаратараў “Слова”. Праведзена 69 мерапрыемстваў, скіраваных на выхаваўчыя мэты, папулярызацыю чытання якаснай мастацкай кнігі. Да іх спецыяльна праведзены 3 абласныя літаратурныя конкурсы для школьнікаў, а таксама адзін — міжнародны — для студэнтаў і моладзі Беларусі і Расіі. Вынікі конкурсаў адлюстраваны і ў альманаху аддзялення: надрукаваны першыя публікацыі канкурсантаў-пачаткоўцаў, а гэта таксама стымулюе іх займацца творчасцю.

Упершыню за 18 гадоў правядзення міжнародны літфестываль-свята “Славянскія літаратурныя Дажынкі” прайшоў ў фармаце індывідуальных аўтарскіх вечароў знакавых пісьменнікаў Беларусі, Расіі, Украіны. Фармат, адзначым, чытачам і пісьменнікам спадабаўся. Усяго ж у фестывальных мерапрыемствах прымалі ўдзел звыш 5 тысяч юных чытачоў. На літфорумах гучала высокая паэзія класікаў беларускай літаратуры, А.Грачанікава, Р. Гамзатава, А. Шагенцукава – да юбілеяў і дзён нараджэння творцаў. Лаўрэаты шэрагу конкурсаў атрымалі ўзнагароды на галоўнай фестывальнай сцэне, і гэта было прыгожа і хвалююча. 10 канцэртных выступленняў на базе навучальных устаноў вобласці здзейсніў у гонар 90-годдзя Саюза пісьменнікаў Беларусі і ганаровы госць міжнароднага форуму — народны артыст Беларусі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, легенда савецкай эстрады Э.С.Ханок. Зразумела, ажыццявіць такія буйныя сацыяльна-значныя праекты аддзяленню было б немагчыма, калі б не было падтрымкі ўладаў, устаноў культуры і адукацыі…

Новае ў супрацоўніцтве
Упершыню ў Гомелі па ініцыятыве аддзялення СПБ вынікова прайшоў Першы з’езд праваслаўных літаратараў “Божая сцежка”: у пісьменнікаў і святароў шмат агульных тэм для абмеркавання. Удзельнікі з’езду пачулі пра набыткі мастацкай творчасці па праваслаўнай тэматыцы, акрэслілі перад сабой творчыя задачы. На другі з’езд запланавана сабрацца ўвосень сёлета…

2023-2024 гады на тэрыторыі вобласці пісьменніцкай арганізацыяй быў аб’яўлены Гадамі сучаснай беларускай патрыятычнай літаратуры. Новай формай тут стала функцыянаванне пры аддзяленні Абласнога літаб’яднання “Слова”. Настойлівая праца літаратараў па рэцэнзаванню мастацкіх твораў плюс строгі рэгламент абласных семінараў (іх на працягу года праведзена 10: 5 па паэзіі і паэтычных перакладах, 5 па прозе, публіцыстыцы і драматургіі), якія ашчадна рыхтуюцца, дазволіў зблізіць прафесіяналаў і тых, хто імкнецца ў творчасці да прафесіяналізму.
Так, на працягу года ў АЛА “Слова” прынята больш чым 50 самадзейных аўтараў, як калектыўная структура прыняты народны літаратурна-паэтычны клуб “Натхненне” Добрушскай ЦРБ, Літаратурнае аб’яднанне “Пралеска” (Гомель) і народны тэатр “Грачы” Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна. Напружана шчыруюць у гэтым праекце Наталля Шэмет, Міхась Болсун, Тамара Кручэнка, Алег Ананнеў.
Праект жыве і будзе развівацца, таму што ён запатрабаваны. Раз на год АЛА “Слова” будзе рыхтаваць вялікае літаратурнае свята-прэзентацыю ў межах форуму “ЧытайГомель”, а зараз на выхадзе друкаванае выданне – кніга рэцэнзій “Ветразь надзеі…”
З увагай ставяцца прафесійныя літаратары да мясцовых літаб’яднанняў, па меры магчымасці наведваюць іх сустрэчы, пасяджэнні. Асабліва актыўна ў рэгіёне працуюць: добрушскае “Натхненне” і сяльмашаўскія “Крыніцы”, гомельская “Пралеска” і інш. Многія з іх узначальваюць пісьменнікі аддзялення СПБ.
Існуе і выдавецкая праграма…
Падрыхтаваны і выйшаў у свет, а таксама праведзены прэзентацыі абласнога альманаха “Літаратурная Гомельшчына”. Згодна дагавора аб творчым супрацоўніцтве паміж Гомельскай і Бранскай пісьменніцкімі арганізацыямі СПБ і СПР выдадзены другі зборнік твораў нашых абласных аддзяленняў – “Пад небам адзіным”. Драматургіі Беларусі і Расіі прысвечаны выпуск міжнароднага альманаха “Літара” (у 2023 годзе гэты асветніцкі праект У.Гаўрыловіча адзначаны галоўным прызам міжнароднага форуму “Зататы Віцязь”). У адпаведнасці з рашэннем Савета аддзялення СПБ лаўрэату Міжнароднай прэміі “Вернасць Слову” (заснавана ГАА ГА «СПБ») С.М.Макаравай выдадзена кніга “Кусочек от рифа Счастье”. Выданні аддзялення сёння ёсць ва ўсіх буйных бібліятэках вобласці і краіны. Пры чым, актывісты аддзялення, якія ўдзельнічаюць у рэалізацыі праектаў аддзялення і актыўна ўдзельнічаюць у творчых акцыях і мерапрыемствах – такія зборнікі атрымалі бясплатна.
Гонар аддзялення і краіны
Значнай падзеяй не толькі для гамяльчан з’яўляецца і тое, што ўпершыню двое творцаў з аднаго аддзялення (С.Шах і У.Гаўрыловіч) сталі лаўрэатамі Нацыянальнай літаратурнай прэміі на ХХХ Дні беларускага пісьменства.
Толькі стварэнне высокаякасных і запатрабаваных часам твораў дазваляе нашым калегам перамагаць і ў саісканні абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага. Менавіта такія творы і стварылі члены аддзялення С.Шах («Сведка перайначанае долі»), І. Зарэцкая («Все начинается с фантика!»), С.Зянькоў («Нескучный театр»), Наталля Шэметкова («Шоколадная просьба, или чудеса случаются». У намінацыі “Адкрыццё года” узнагарода дасталася члену АЛА “Слова” Анатолю Кавалёву («Палитра»).
Пра актыўнасць і эфектыўнасць дзейнасці і творчасці большасці пісьменнікаў, як у творчым, так і грамадскім аспекце, сведчаць дзяржаўныя і творчыя ўзнагароды, якімі яны адзначаны. Так, памятнымі знакамі “85 гадоў Гомельскай вобласці” адзначаны М. Болсун, Л. Долбікава, У.Гаўрыловіч, урадавых падзяк (Савет Рэспублікі і Савет Міністраў) удастоены У.Гаўрыловіч і Г. Говар. Званне “Чалавек года Гомельскай вобласці” з занясеннем на Дошку гонару Гомельшчыны прысвоена У.Гаўрыловічу. 15 літаратараў аддзялення адзначаны медалямі “100 гадоў Расулу Гамзатаву”. За сваю творчую і грамадскую працу, за перамогі ў міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах і праектах пісьменнікі рэгіёна атрымалі звыш 100 грамат і дыпломаў.
Гомельшчыне ёсць чым і кім ганарыцца!
Мікалай ПРЫАЗЁРНЫ
На здымках: у час выніковага сходу.
