Абласныя семінары паэзіі і паэтычных перакладаў, прозы і драматургіі праходзяць на Гомельшчыне ў бягучым годзе штомесячна. Іх тэматычная праграма прадугледжвае як знаёмствы з тэарэтычнымі звесткамі і даследаваннямі, так і са шматлікімі рэцэнзіямі, водгукамі на новыя мастацкія творы і кнігі.

 Чарговы чэрвеньскі семінар прозы і драматургіі на базе аддзела літаратуры па мастацтву абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна пачаўся з прэс-прэзентацыі зборніка гомельскіх і бранскіх літаратараў “Пад небам адзіным. Под небом единым», выдадзенага да традыцыйнай сустрэчы пагранічных абласцей “Славянскае адзінства” абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі.  Як адзначыў  яго ўкладальнік, заслужаны дзеяч культуры Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч, творчасць літаратараў дзвюх краін уносіць значны ўклад ва ўмацаванне дабрасуседства, дружбы і супрацоўніцтва між народамі Беларусі і Расіі. Сумесная прэзентацыя зборніка, у якім змешчаны творы больш 60 пісьменнікаў, адбудзецца ўвосень на 18 Міжнародным фестывалі-свяце “Славянскія літаратурныя Дажынкі”, адзначалася на форуме.

Удзельнікі семінара з задавальненнем прагледзелі выдэакліп на верш Леаніда Севера, прысвечаны Гомелю, завочна шчыра падзякавалі свайму калегу і яго стваральнікам з Растоўскай вобласці за любоў да Беларусі.

Кіраўнік семінара прозы, празаік і мастацтвазнаўца, член СПБ Алег Ананьеў зрабіў аналіз калектыўнага зборніка прозы “Подых часу” (Гродна, ЮрСаПрынт, 2023) прысвечанага Году гістарычнай памяці. У прыватнасці, ён адзначыў, што мастацкі ўзровень твораў зборніка розны: ёсць удалыя мастацкія творы, аднак сустракаюцца і тыя, над якія аўтарам яшчэ трэба было б папрацаваць. На думку выступоўцы, пранікнёна гучыць у творах сучасных празаікаў асаблісты боль, трывога пра тое, што ў Сеціве скажаецца праўда пра Вялікую Айчынную вайну. Разам з тым, у ліку адзначаных хібаў – неапраўданасць і злоўжыванне выкарыстаннем публіцыстычных выразаў у дыялогавай плыні мастацкага твора…

Шмат цікавых гістарычных фактаў пра баявы шлях Героя Савецкага Саюза Мікалая Сяргеевіча Арлова (сапраўднае імя — Гатаулла Мірзагітавіч Мінаеў) — партызана Вялікай Айчыннай вайны, Героя Савецкага Саюза данесла да чытача ў сваёй новай кніге “Опаленные войной” (КПУП “Калор”, г. Мазыр, 2023) яго дачка, кіраўнік Петрыкаўскага літаб’яднання Любоў Арлова,  адзначыла на семінары рэцэнзент Тамара Кручэнка.  Гэтаксама тэму гераізму нашага народа ў час ваенных выпрабаванняў прадоўжыў у сваім змястоўным водгуку на кнігу публіцыстыкі Ганны Атрошчанкі “Абпаленае вайной юнацтва…” (“Гомельская праўда”, 2023) празаік Мікалай Дзямчыхін. Абодва рэцэнзенты канстатавалі: нягледзячы на асобныя моўныя недахопы, гэтыя кнігі пацвярджаюць, што спробы перапісаць нашу гісторыю і прынізіць зробленае папярэднікамі не атрымаецца. Любоў Арлова была прынята па выніках разгляду яе новай кнігі на семінары ў Абласное літаратурнае аб’яднанне “Слова” пры Гомельскім абласным аддзяленні ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Няпроста і адказна пісаць пра прыроду і жывёльны свет для дзяцей і падлеткаў, і не кожнаму аўтару гэта пад сілу. У гомельскага празаіка Таццяны Маісеевай (па адукацыі яна біёлаг і эколаг) гэта атрымліваецца ярка, запамінальна і пазнавальна – адзначыла на семінары член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Шастакова, якая зрабіла глыбокі аналіз новай кнігі пісьменніцы “Як няпроста зайцам быць!..”(“Барк”, 2023).

Дарэчы, умее зацікавіць юнага чытача і Вера Квяткоўская, канстатавала рэцэнзент член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ала Бялькова, аналізуючы новую кнігу гомельскай паэтэсы і празаіка. У кнізе “Пушысты будзільнік”, выдадзенай сёлета ў выдавецтве “Гомельская праўда”, апісаны падзеі, аб якіх нам расказваюць самі дзеці, гэта дзіцячы погляд на нашу рэчаіснасць. Аднак часам усё занадта проста ў гэтых апавяданнях, а сённяшнія дзеці мысляць больш глыбока, як падаецца аўтару, канстатавалася на творчым семінары.

На форуме звярнуліся і да разгляду твора сучаснага маладога аўтара Яніны Берасневай (Корбут). Яе новая кніга — авантурны дэтэктыў “Любімыя па-за законам” (выдадзены ў выдавецтве “Чатыры чвэрці” ў 2023 годзе) — на думку члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Шэметковай, якая выступіла рэцэнзентам па творы, прыхавала чытачам нямала таямніц з жыцця герояў – нашых сучаснікаў.

На семінары прэзентаваліся і іншыя выданні мясцовых аўтараў. Так,  гомельскі кампазітар, член Абласнога літаратурнага аб’яднання  Ала Навумава прадставіла свой новы зборнік песень “Звездопад”, створаных ёю  на вершы  паэтаў абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Ізяслава Катлярова, Алега Ананьева, Леаніда Севера, Вікторыі Смірновай, Генадзя Говара, Юрыя Плескачэўскага, Івана Бісева, Наталлі Шэметковай і Уладзіслава Шышыгіна…

Асобна арганізатары семінара спыніліся і на ўдзеле прафесійных аўтараў і перакладчыкаў-аматараў рэгіёну, якія дасканала валодаюць беларускай мовай, у новым міжнародным праекце, які распачынае пісьменніцкая арганізацыя вобласці – міжнародны конкурс перакладаў “Мір Каўказу”, а таксама на іншых конкурсах, якія праводзяцца ў літаратурнай прасторы Беларусі і замежжа, і дазваляюць раскрыць свой творчы патэнцыял кожнаму, хто сур’ёзна працуе са словам.

Напрыканцы семінару Уладзімір Гаўрыловіч уручыў членскія білеты Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталлі Шастаковай і Максіму Шастакову, а Наталлі Нікіцінай – пасведчанне аб прыёме ў АЛА «СЛОВА».

Завяршыўся шматпланавы семінар прозы і драматургіі абмеркаваннем  праграмы наступнага форуму. Яго ўдзельнікамі сталі прафесійныя пісьменнікі абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, члены новага творчага фарміравання “Слова” пры аддзяленні СПБ, прадстаўнікі раённых літаратурных аб’яднанняў і клубаў, аматары мастацкай творчасці і зацікаўленыя чытачы.

Мікалай ПРЫПЯЦКІ.

На здымках: у час абласнога семінара прозы і драматургіі ў рамках абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова” пры Гомельскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Яндекс.Метрика