101 год таму назад у вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна нарадзіўся Андрэй Макаёнак

Будучы пісьменнік вучыўся тут у пачатковай школе, потым — у Журавіцкай сярэдняй, якую скончыў у 1939 годзе. Пасля ваеннага вучылішча імкнуўся паступіць ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, аднак не прайшоў па конкурсу і быў мабілізаваны ў войска, служыў у Грузіі. Андрэй Ягоравіч — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны: змагаўся з гітлераўцамі на Паўночным Каўказе, быў у Керчанска-Феадасійскім дэсанце. 10 красавіка 1942 года наш зямляк атрымаў цяжкае раненне, па стане здароўя яго дэмабілізавалі. Год працаваў ваенруком у адным з грузінскіх сяленняў, а пасля вызвалення роднай Гомельшчыны вярнуўся ў Журавічы: у 1944-м узначаліў мясцовы райкам камсамола. У пераможным 1945-м працуе сакратаром Гродзенскага гарадскога камітэта камсамола, затым — загадчыкам парткабінета Магілёўскага чыгуначнага вузла.  У 1946 годзе Макаёнак вяртаецца на Рагачоўшчыну, у Журавічы, памочнікам сакратара мясцовага райкама партыі. Пачынае актыўна пісаць.. Пасля вучобы ў Рэспубліканскай партыйнай школе творца прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. У тым жа 1949-м Андрэй Макаёнак накіраваны ў часопіс сатыры і гумару “Вожык”, дзе да 1953 года загадваў аддзелам прозы. У 1966 годзе драматург удзельнічае ў рабоце XX сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.    

12 гадоў свайго жыцця Андрэй Ягоравіч прысвяціў літаратурнаму часопісу “Неман”, з 1966-га быў яго галоўным рэдактарам. Выданне, па сведчанні многіх вядомых пісьменнікаў, у гэты час набыло асаблівы росквіт. У 1971-1982 гадах наш зямляк быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Андрэй Макаёнак стварыў п’есы-шэдэўры, якія прынеслі неўміручую славу Купалаўскаму тэатру. Яны перакладзены на шматлікія мовы народаў свету, ішлі на славутых тэатральных сцэнах розных краін, яны і зараз запатрабаваны, бо сучасна гучаць і сёння. “Лявоніха на арбіце”, “Святая прастата”, “Таблетку пад язык”, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, “Верачка”…  За “Лявоніху на арбіце” Андрэю Ягоравічу ў 1962 годзе ўручана Літаратурная прэмія імя Янкі Купалы, а ў 1974-м пісьменнік адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа за трагікамедыю “Трыбунал” і камедыю-рэпартаж “Таблетку пад язык”. Па п’есах народнага пісьменніка Беларусі створаны кінасцэнарыі, зняты кінастужкі. Для Андрэя Ягоравіча было найвялікшым шчасцем прызнанне землякоў, работа ў Рагачове свайго тэатра. Сябра Макаёнка, народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін адзначаў, што “некаторыя рысы герояў Макаёнка, асабліва “ціхага, рахманага Цярэшкі”, рагачоўцы знаходзяць у сваіх земляках. Цярэшка для іх — гэта свой чалавек”. З 1983 года сярэдняя школа ў Журавічах носіць імя Андрэя Макаёнка, тут адкрыты музей пісьменніка. Побач устаноўлены помнік. Імя Макаёнка носіць гарадская бібліятэка Гродна.  2020 год прайшоў для гомельскіх літаратараў пад знакам 100-гадовага юбілею Андрэя Макаёнка, выдадзены творы драматургіі сучасных аўтараў. Любоў Іванаўна Макаёнак, другая жонка пісьменніка, якая нядаўна сыйшла з жыцця, паспела распарадзіцца, каб творчая спадчына славутага пісьменніка, што заставалася ў яе з сынам Юрыем у Мінску, была перададзена Гомельскай абласной бібліятэцы імя Леніна, дзе створаны літаратурны музей чатырох народных пісьменнікаў Беларусі, нашых землякоў Мележа, Шамякіна, Навуменкі і Макаёнка. Тут ладзяцца творчыя сустрэчы, праводзяцца экскурсіі. 

 

 

Источник: http://gp.by
© Правда Гомель

Яндекс.Метрика