Роздум пісьменніка Уладзіміра Саламахі пра творчасць паэта, члена Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Валерыя Ветошкіна (кнігі: «Отечество души», «Поступь вечности» (г. Гомель, 2021).
Паэт Валерый Ветошкін, які жыве ў пасёлку Паляна Гомельскага раёна, — асоба з вялікім жыццёвым і працоўным вопытам. 50 гадоў у будаўніцтве: адразу пасля заканчэння школы прыйшоў туды. У біяграфічных даведках на вокладках яго кніг пазначана: “Прошел путь от рабочего до директора предприятия”. Прымаў удзел у будаўніцтве дзіцячых садкоў, школ (там ён часты госць, бо піша і для дзяцей), жылых дамоў, храмаў, іншых аб’ектаў на Гомельшчыне. (Нарадзіўся Валерый Леанідавіч Ветошкін ў 1950 годзе ў Гомелі). Сваёй малой радзіме, Гомелю, Беларусі паэт і прысвячае вершы “Родина”, “Беларусь”, “Мой Гомель”, “Родимый порог”, “Гомельский парк” і інш. У іх ён стварае вобраз Бацькаўшчыны, расказвае пра людей розных пакаленняў, пра велічныя справы народа. Паэт ганарыцца, што ў многім ёсць і яго “трудов частица”. Напрыклад, у вершы “Мой Гомель” ён прызнаецца, што заўсёды хоча быць патрэбным у горадзе, “…где родился… // И постигал отцов завет//. А ў вершы “Беларусь” кажа, што імкнецца разам з ўсімі захоўваць запаветы бацькоў.
Чытаеш творы В.Ветошкіна і адчуваеш як паэт і грамадзянін беражліва ставіцца да таго, пра што піша. А менавіта да спраў папярэднікаў і сучаснікаў, новых пакаленняў, якія ўвасабляюць нашы дзеці і ўнукі. І шануе чалавека працы і абаронца Радзімы. Пры гэтым хоча, каб заўсёды была еднасць пакаленняў не толькі ў часе, але і ў душэўных памкненнях. Словам, ён за тое, што называем адзінствам. І жадае, каб яно ва ўсіх праявах мацавалася і з суайчыннікамі, і з братнімі народамі. Бо як паказвае, напрыклад, гісторыя мінулага стагоддзя, адзінства і дапамагло ўсім разам перамагчы, жыць, ствараць.
Адзінства таксама дазваляе нам — калі пра Беларусь — заставацца самімі сабой як народу, а таксама вольна і шчасліва жыць на сваёй зямлі. Ды ў згодзе з усім добрым светам. (Пра гэта гаварылі і на нядаўнім свяце ў Дзень народнага адзінства.)
У В.Ветошкіна нават ёсць верш “В единстве”. Паэт нагадвае: якраз адзінства братніх народаў шмат у чыму дапамагала ім перамагаць тое зло, якое сыходзіла з чужых земляў. Праецыруем на наш час: самі перамаглі скруху, прынесеную нам незычліўцамі збоку. І калі б трэба было, рускі народ не пакінуў бы ў бядзе. “Ды так было, ёсць і будзе!” – скажа чытач старэйшага пакалення. Згодны. І тут у сувязі з гэтым хочацца звярнуцца, скажам так, да таго зерня на глебе жыцця, з якога і вырастае непераможны колас адзінства людзей, народа і нашай, і братняй краіны. Зноў жа з адзінства сям’і (яе адзінства з суседзямі), людзей адной вёскі, горада… А менавіта ў адносінах усіх нас да агульных спраў у сябе і ў іх. Важна, як усё гэта перадаецца з пакалення ў пакаленне. У паэта Валеры Ветошкіна тут свой прыклад: не такая ўжо і далёкая гісторыя яго роду. Яна ў кнізе “Отечество души” (2021), якая складаецца з наступных раздзелаў: “Дух Отечества», «Родимый порог», «Полюшко славянское» і «Мелодия души» (апошні – песені, напісаныя Алай Навумавай і Віктарам Задарожным на словы паэта).
Зборнік адкрывае верш “Долг”. У лірычнага героя, як і ў кожнага з нас, калі задумацца, “души тернистый путь”. Жыццё простым не бывае. Ад агульных спраў, чым бы хто ні займаўся, не адмяжуешся. І не трэба, калі лічыш сябе чалавекам). Таму твой “долг” — “Отечество любить // В главу другим заботам // И бережно хранить. // Хоть ноша не легка, // Что б вырасти зерну, пропитанному потом…». А далей пра тое, каб потым твае справы помнілі людзі…
Нехта з чытачоў можа сказаць, што працытаваныя радкі па прастаце нагадваюць песенны тэкст і што назва кнігі вобразна складаная. Магчыма. Але ўспомнім: колькі цудоўных песенных тэкстаў нашых паэтаў, “простых”, цудоўных назаўжды ўвайшла ў свядомасць людзей!.. (Веру, увойдуць і яго, Валерыя Ветошкіна). А “вобразна складаная” назва “Отечество души”… Дык душа сапраўды складаная. І не простая гэта яе патрэба – помніць і асэнсоўваць усе бацькоўскае і ніколі не забываць сваё імя па-бацьку… А бацькоўскае паэтава асабістае: браць найбольш блізкае — вайна, самаадданасць Радзіме, перамога, стваральная праца…
У кнізе пра гэта цыкл вершаў: “Воспоминания мамы о войне”, “Дедушке Василию”, “Отцу”, “Минометчик”… Архіважна: праз іх – пераход паэта ад уласнага да агульнанароднага. Вельмі дакладна пра гэта ў вершах ”Мы помним”, “Героев авангард”, “Исполнив Отечеству долг”, “Защитникам Отечества”. І калі ўласнае паэта, дык гэта і маміна памяць пра былое, і яе ўспамін пра яго, Валерыя Ветошкіна, дзядулю — садоўніка-агранома, які загінуў у баі недзе пад Смаленскам. І, безумоўна, твор паэта пра бацьку—воіна, які ў мірны час “научил служить добру” сына. А таксама верш, прысвечаны мінамётчыку з яго роду В.Д.Ветошкіну. І іхняе асабістае непарыўна з’яднана з нашым агульным. І добра, што паэт змяшчае ў кнізе фота з сямейнага альбома побач з сучаснымі фатаграфіямі землякоў-гамяльчан, у тым ліку і юных, дзе яны поруч з бацькамі і дзядамі ды абаронцамі Айчыны каля агульнанародных святынях – помнікаў тых, хто загінуў за Радзіму. Тут жа і партрэт поўнага кавалера ордэна Славы В. Д. Ветошкіна.
Дарэчы, Віктар Дзмітрыевіч прымаў удзел у вызваленні Рагачова, Бабруйска, Слуцка, Мінска, іншых гарадоў і вёсак Гомельшчыны і Беларусі. Дайшоў да Берліна. А “Там, на Рейстаге, осколком гранаты // Виктор Ветошкин написано им”. Пасля Перамогі герой займаў простыя пасады на фабрыцы “Палесдрук у Гомелі. Да яго баявых узнагарод далучылася шмат працоўных, у тым ліку і ордэн Леніна. З дзяцінства будучы будаўнік і паэт Валерый Ветошкін слухаў яго расказы пра былое народа, краіны. Потым у вершах ён раскажа пра гэта нам…
Лёс склаўся так, што да свайго чытача паэт Валерый Ветошкін прыйшоў у даволі сталым узросце, хаця вершы пісаў са школьных гадоў. Першая кніга паэзіі “Холсты небес” з”явілася ў 2010 годзе. А было так: пісаў Ветошкін у вольны час “для сябе” дзе толькі мог. Нават … у паліклініцы. Аднойчы гэта заўважыла ўрач, папрасіла даць пачытаць, а потым з усмешкай спытала: “Вы – эгаіст?”— “Чаму?— здзівіўся ён. “Таму, што для сябе. Друкуйце”. Вось такое жыццёвае, з дабрынёй, і адкрыла нам паэта Валерыя Ветошкіна…
Безумоўна, поспеху кожнага творцы спрыяюць яго біяграфія і жыццёвы вопыт. Ёсць яны, а яшчэ упартая працады здольнасці – будзе і шырокі творчы дыяпазон. І калі мы гаварылі пра гэта з Валерыем Леанідавічам, ён, згаджаючыся, заўважыў, што тым больш нам, сталым літаратарам, ні ў якім разе нельга пакідаць па-за ўвагай творчую моладзь. А маладых талентаў у краіне многа. Як, напрыклад, на яго Гомельшчыне. Шмат там працуюць з творчай моладдзю, у тым ліку і Валерый Ветошкін.
Згодзен: талентаў у нас паўсюль шмат. І ім неабходна падтрымка вопытных калег, якія могуць не толькі вучыць майстэрству, але і паказваць прыклады грамадзянскасці. Дарэчы, як і ў любой, патрэбнай людзям справе.
Але вярнуся да творчасці Валерыя Ветошкіна. Зноў нагадаю, што як паэт ён дэбютаваў сталым чалавекам. Тым не менш сёння на яго рахунку шэраг кніг для дарослага і юнага чытача: “Над суетой времен”, “Дорога бытия”, “Поступь вечности”, “Топотушка”, “Непоседа”, “Улыбашки” і інш. Творца –лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Кірыла Тураўскага (Гомельскі аблвыканкам), лаўрэат Міжнароднай літаратурнай прэміі Баяна (Расія), мае іншыя ўзнагароды. І вядома ж, для творцы прызнанне чытачоў і калег – узнагарода асаблівая.
“Сельская газета”, 25 сентября 2021г.
