Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” на фестывалі кнігі #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ ушанавала пераможцаў адкрытых літаратурных конкурсаў, якія праводзіліся з нагоды 100-годдзя народных пісьменнікаў Беларусі Івана Мележа і Івана Шамякіна, а таксама, пры падтрымцы работнікаў абласной бібліятэчнай сістэмы, арганізавала шэраг цікавых прэзентацый на пляцоўках форума.
У гонар лаўрэатаў
Сотні гамяльчан і гасцей горада над Сожам – аматараў кнігі з самай раніцы 22 мая завіталі ва ўтульны дворык з фантанам перад абласной універсальнай бібліятэкай імя У.І. Леніна і ў саму ўстанову культуры, бо менавіта тут іх чакала сустрэча з Кнігай – галоўнай гераіняй фестываля #ЧЫТАЙГОМЕЛЬ.




Бадай што, самымі чаканымі гасцямі форуму былі лаўрэаты двух адкрытых абласных літаратурных конкурсаў (“Белыя вішні і яблыні” і “Сям’я – аснова шчасця і кахання”, прысвечаных 100-годдзю Івана Шамякіна і Івана Мележа) і 15-га абласнога конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!” (школьнікі ад 12 да 17 гадоў у трох турах змагалі за званне лепшых чытальнікаў, чыталі на памяць выбраныя імі творы Івана Шамякіна і Івана Мележа, а таксама сучасных гомельскіх празаікаў). Гомельскае абласное аддзяленне ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” па выніках творчых спаборніцтваў, у якіх прымалі ўдзел звыш паўтары тысячы канкурсатаў, запрасіла пераможцаў у актавую залу бібліятэкі. Намаганнямі пісьменнікаў і супрацоўнікаў аддзела мастацтва гэтай ўстановы яна да свята была ператворана ў стылізаваныя вясковыя сядзібы, дзе ў добрых суседзях – землякі гамяльчан, народныя пісьменнікі Беларусі Іван Мележ і Іван Шамякін. І надзвычай цёплая, праніклівая, душэўная атмасфера ўладарыла тут на працягу ажно некалькіх гадзін.



Са зваротам да ўдзельнікаў свята любіць кнігу, звярнуўся старшыня аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы беларускі празаік і публіцыст Уладзімір Гаўрыловіч. У прыватнасці, ён адзначыў, што папулярызацыя кнігі і чытання – адна з асноўных задач Саюза пісьменнікаў Беларусі. Зусім не выпадкова бягучы год на тэрыторыі Гомельшчыны абласным аддзяленнем СПБ пры падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта, упраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі, сістэмы культуры і адукацыі, у межах Года народнага адзінства ажыццяўляецца Год класічнай культуры і чытання ў гонар 100-годдзя нашых землякоў-класікаў Шамякіна і Мележа. У вобласці шырока праходзяць прэзентацыі новых кніг, выступленні пісьменнікаў, ладзяцца выставы, публічныя чытанні твораў айчынных і сусветных класікаў літаратуры і розныя культурна-творчыя мерапрыемствы. Толькі з пачатку года, уліваючы меры абмежавання, наладжана каля 300 выступленняў-сустрэч, прэзентацый на тэрыторыі вобласці. Дзякуючы нястомнай працы літаратураў, музейных і культработнікаў Гомельшчыны і Растоўшчыны адкрыты музейны пакой Івана Мележа ў дзень яго нараджэння, у бібліятэцы, якая ўжо 3 гады носіць яго імя. Менавіта літаратары дзвюх краін падружылі работнікаў Гомельскага філіяла бібліятэкі №1 імя І. Мележа і міжпасяленчай бібліятэкі імя І. Мележа на Растоўшчыне. А як хораша адсвяткаваны юбілеі класікаў на іх малой Радзіме – не перадаць словамі! Парадавала і правядзенне творчых конкурсаў – не выпадкова больш 220 фіналістаў, пры чым з усіх без выключэння абласцей краіны – альбо праз установы адукацыі, культуры ці па пошце атрымалі заахвочвальныя дыпломы, падзячныя лісты ад арганізатара творчага спаборніцтва…

З цёплымі прывітаннямі на свяце выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і пра справах моладзі Дзяніс Язерскі і дырэктар абласной “кніжніцы” Марына Рафеева.


Запамінальна і прыгожа прайшло ўрачыстастае ушанаванне лепшых з лепшых аўтараў апавяданняў, эсэ, нарысаў, уручэнне ім дыпломаў і кніжных падарункаў. Гэтаксама ў гонар фіналістаў конкурсаў гучалі музычныя падарункі ад вакальнага гурта “Верас” аўтапарка №6 г. Гомеля, а таксама пранікнёна на сцэне гучала проза з вуснаў уладальнікаў гран-пры юбілейнага конкурсу чытальнікаў “Захаваем свет разам!”. Трэба сказаць, што літаральна пакарылі залу сваім прачытаннем мастацкіх твораў вучаніца 9 класа сярэдняй школы №12 г. Мазыра Карына Ханецкая і вучань 11 класа сярэдняй школы №1 г. Тураў Мікіта Дамашкевіч! А лепшыя з лепшых конкурсантаў літаратурных конкурсаў у якасці падарунка да свята атрымалі спецыяльна выдадзены аддзяленнем СПБ зборнік апавяданняў і нарысаў “Матулін хлеб”.
Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Уладзімір Гаўрыловіч запрасіў канкурсантаў далучацца да ўдзелу ў міжнародным праекце “Берагі дружбы” і дасылаць свае творы на конкурс “Незабыўны подзвіг. Міша Мароз”. Удзельнікі творчай сустрэчы змаглі паглядзець дакументальны фільм “Шагнул первым” пра подзвіг М.Мароза.

Слова — творцам

Удзельнікі творчай вечарыны сустрэліся таксама з творцамі Гомельшчыны. Вучні агульнаадукацыйных школ, настаўнікі, культработнікі, спецыялісты розных сфер цёпла прымалі выступленні-прэзентацыі новых кніг празаікаў Уладзіміра Гаўрыловіча і Васіля Ткачова, Раісы Дзяйкун, паэтаў Тамары Кручэнкі, Ганны Атрошчанкі, Алы Бяльковай, Іны Спасібінай, Валерыя Ветошкіна, члена міжнароднага саюза пісьменнікаў і майстроў мастацтва, аўтара-выканаўцу і кампазітара Віктара Задарожнага і іншых гомельскіх творцаў. А завяршыла насычаную творчую праграму цэрымонія ўзнагароджання актыўных і творчых пісьменнікаў аддзялення СПБ памятнымі медалямі “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру”.



Адначасова на другіх пляцоўках форума таксама актыўна працавалі гомельскія пісьменнікі. Так, ва ўтульным арт-кафэ бібліятэкі члены Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Алег Ананнеў і Наталля Шэмяткова на працягу дня правялі шэраг сустрэч-прэзентацый твораў лаўрэатаў абласной літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага 2020 года. Тут чытачы хораша прымалі паэтэсу Таццяну Дарошка, празаікаў Наталлю Шэмет, Уладзіміра Гаўрыловіча і Іну Зарэцкую, Маю Галіцкую і іншых, тут жа прайшлі прэзентацыя творчасці аматарскага літаратурнага аб’яднання «Пралеска» (кіраўнік – член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ева Дударга) і пачынаючых паэтаў – студэнтаў ГДУ им. Ф. Скарыны; прэзентавала чытачу часопісы «Метаморфозы», «Мир животных», «Эколог и я» главный рэдактар выданняў Наталля Сляднева…
Яркае свята


Трэцяе па ліку яркае свята літаратуры ў Гомелі праходзіла ў Год народнага адзінства пад дэвізам “Кнігі аб’ядноўваюць нацыю”. Фестываль аб’яднаў і літаратараў з усёй краіны. Так, на фестывальных пляцоўках выступілі госці з Мінска – дзіцячыя пісьменнікі, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Іна Фралова, Ірына Карнавухава і Інэса Плескачэўская. Вельмі цікава было чытачам і на “Бібліятэчным бульвары”, і на дзіцячай пляцоўцы, куды таксама завітвалі беларускія пісьменнікі.
Новастовараны форум, на думку старшыні Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзіміра Гаўрыловіча мае права на жыццё, фестываль у горадзе над Сожам пераканаў многіх, што, нягледзячы на хуткае развіццё інфармацыйных тэхналогій, складаных крыніц інфармацыі, кніга застаецца асноўнай крыніцай атрымання ведаў, сродкаў выказвання і камунікацыі, асновай актыўнай адукацыі і мыслення, дзякуючы кнізе людзі лепш разумеюць прыгажосць і творчыя дасягненні чалавека.
Улад ПРЫАЗЁРНЫ
Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”
На фота: у час мерапрыемстваў, наладжаных пісьменніцкай арганізацыяй і ў час адкрыцця фестываля.
