Своеасаблівым эпіцэнтрам святкавання юбілеяў класікаў беларускай літаратуры ў горадзе над Сожам у гэтыя дні (30 студзеня спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Івана Шамякіна  і 8 лютага 100-гадовы юбілей Івана Мележа) становіцца Гомельская абласная універсальная бібліятэка імя У.І. Леніна.

       У чытачоў, як юных, так і дарослых, а таксама ў прафесійных літаратараў, пачаткоўцаў і аматараў мастацкай творчасці, асабліва прыцягальным месцам зараз з’яўляецца Літаратурны музей пісьменнікаў Гомельшчыны. Згадаем: ініцыятыва яго стварэння належала кіраўніцтву абласной бібліятэкі і актыву абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, якая падтрымана Гомельскім аблвыканкамам і рэалізавана пры вялікім укладзе спецыялістаў краязнаўчага аддзела бібліятэкі ў 2016 годзе.  Намаганнямі прафесіяналаў створаны шэраг змястоўных экспазіцый, прысвечаных як чатыром народным пісьменнікам Беларусі – выхадцам з Гомельшчыны, так і шматлікім таленавітым творцам, якія нарадзіліся ў Палескім краі. А з пачатку года, аб’яўленага на Гомельшчыне Годам класічнай літаратуры і чытання, асабліва запатрабаваны ў палешукоў і гасцей абласнога цэнтра экскурсіі, прысвечаныя юбілярам-нашым землякам, якія праводзяць супрацоўнікі краязнаўчага аддзела.

       Як распавяла галоўны бібліятэкар аддзела краязнаўства ўстановы Ніна Серыкава, з прыбліжэннем юбілею наведвальнікі музея з асаблівым хваляваннем спыняюцца і вывучаюць рэдкія экспанаты, якія дапамагаць  патрапіць  ў атмасферу другой паловы мінулага стагоддзя, убачыць і адчуць тое, што некалі бачылі і адчувалі Шамякін і Мележ, дакрануцца да прадметаў, што належалі ім…

     А ў рамках «Творчай лабараторыі», якая дзейнічае пры музеі,  актыўна праходзяць творчыя сустрэчы з пісьменнікамі Гомельшчыны, якія ў пры іх жыцці не толькі сустракаліся з народнымі пісьменнікамі Беларусі, але і атрымалі падтрымку на шляху ў вялікую літаратуру. Так, пра жыццёвы і творчы шлях Івана Шамякіна і яго ўклад у развіццё беларускай нацыяльнай літаратуры ішла размова падчас сустрэчы з паэтэсай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Нінай Нікіцінай і яе выхаванцамі – наведвальнікамі школы “Малады літаратар”. Успамінамі пра творчыя сустрэчы з народным пісьменнікам падзялілася і паэтэса, галоўны спецыяліст абласнога адзялення СПБ Тамара Кручэнка:  працуючы аглядальнікам “Гомельскай праўды”, яна адведвала Івана Пятровіча на дачы ў Ждановічах і рыхтавала для абласнога выдання шэраг цікавых інтэрв’ю з творцам…

Ніна Серыкава і Ніна Пчэльнікава

      Трэба сказаць, што экспанатаў у Літаратурным музеі з кожным годам становіцца значна больш. І дапамагаюць у гэтым, дарэчы, звычайныя людзі. Краязнаўцы бібліятэкі з нагоды юбілею пісьменнікаў-землякоў аб’явілі пастаянна дзеючую акцыю “Падары музею экспанат” –   калі ў каго  захаваліся рэдкія фотаздымкі пісьменнікаў, кнігі з аўтографамі, сувеніры, каляндары з выявай класікаў, або іх асабістыя рэчы – аддзел краязнаўства бібліятэкі з задавальненнем прыме іх у дар. Гэта акцыя цяпер стане пастаяннай.

     Ніна Серыкава падкрэслівае:

 – Для нас мае значэнне любая рэч, якая мае адносіны да пісьменнікаў-землякоў. Яны зоймуць дастойнае месца ў нашых экспазіцыях. І людзі адгукаюцца. Днямі, напрыклад, музей папоўніўся цікавым артэфактам, які падаравала чытачка Ніна Літвінава. У яе сямейным архіве захаваўся цікавы фотаздымак 1967 года. Павел Дзям’янавіч Літвінаў, які працаваў загадчыкам кніжнага склада ўніверсальнай базы ў Гомелі, прымаў удзел у рабоце нарады працаўнікоў бібліятэчных калектараў у санаторыі «Нарач», а госцем гэтай нарады быў Іван Шамякін. На памяць тады і быў зроблены фотаздымак…”

      Вельмі цікава праходзіць у гэтыя дні і відэамарафон «Чытаем Шамякіна разам»: прыхільнікі творчасці, студэнты, вучні агульнаадукацыйных школ, прадстаўнікі розных прафесій, у тым ліку і сучасныя пісьменнікі, з вялікай любоўю чытаюць ўрыўкі з любімых твораў беларускага класіка. Хутка стартуе і падобны марафон па творчасці Івана Мележа: творчая акцыя будзе доўжыцца ўвесь 2021 год.

Дарэчы, 29 студзеня і 8 лютага пройдуць юбілейныя ўрачыстасці на малой Радзіме юбіляраў – у г.п. Карма Добрушскага раёна і агр. Глінішча Хойніцкага раёна. Аддаць даніну павагі творцам да землякоў класікаў збіраюцца і літаратары Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, і прапагандысты іх творчасці з абласной бібліятэкі.

Шырока пройдуць і іншыя творчыя акцыі, прысвечаныя юбілярам-землякам, адразу на двух форумах: на абласным фэсце “#ЧЫТАЙГОМЕЛЬ” у маі, а таксама на ІІІ абласным фестывалі “На зямлі Кірылы Тураўскага” у верасні. І многія падзеі будуць арганізаваны сумесна абласной пісьменніцкай арганізацыяй і калектывамі абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна, раёных бібліятэк.

Улад ПРЫАЗЁРНЫ

Фотаздымкі: абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна.

Яндекс.Метрика