29 студзеня 2026 года адбыўся справаздачна-выбарчы сход Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У рабоце вышэйшага органа пісьменніцкай суполкі Гомельшчыны апрача пісьменнікаў прынялі ўдзел прадстаўнікі партнёрскіх і творчых аб’яднанняў з усёй вобласці. Сімвалічна, што важная падзея ў культурным жыцці рэгіёна прайшла ў межах абласнога Дня пісьменніка і работніка культуры напярэдадні 105-годдзя народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Са справаздачным дакладам выступіў старшыня ГГА СПБ Уладзімір Гаўрыловіч, які зрабіў глыбокі аналіз арганізацыйна-творчых спраў аддзялення як у 2025 годзе, так і за прайшоўшы пяцігадовы перыяд.

Заслухана таксама справаздача аб фінансавай дзейнасці аддзялення, якую зрабіла кіраўнік рэвізійнай камісіі Лідзія Долбікава.

Пасля актыўнага абмеркавання справаздачы былі зацверджаны сходам.

Дзейнасць савета і ўсяго абласнога аддзялення СПБ ацэнены станоўча.

Да літаратараў Гомельшчыны з прывітальным словам і высокай ацэнкай іх творчай дзейнасці звярнулася член калегіі Галоўнага ўпраўлення культуры аблвыканкама, дырэктар Гомельскай абласной універсальный бібліятэкі імя У.І.Леніна Таццяна Забіяка.

Адбыліся выбары старшыні пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчыны. Ім адзінагалосна абраны вядомы беларускі празаік і публіцыст, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, заслужаны дзеяч культуры краіны Уладзімір Гаўрыловіч.  

У склад савета аддзялення ўвайшлі ганаровыя члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхась Болсун і Яўген Калашнікаў, паэты і публіцысты Мікола Ждановіч, Лілія Вялічка і Тамара Кручэнка, празаікі Міхась Кавалёў (Сліва) і Мікалай Дзямчыхін, драматург і рэжысёр Аляксей Бычкоў, рэвізорам аддзялення абрана паэтэса Лідзія Долбікава.

У цэнтры ўвагі пісьменніцкай грамады былі і задачы, якія стаяць перад абласной творчай арганізацыяй на наступнае пяцігоддзе, пісьменнікі абмеркавалі і зацвердзілі адпаведныя творчыя планы.  

Так,  бягучы 2026-ы на тэрыторыі вобласці будзе праходзіць пад знакам Года патрыятычнай творчай моладзі.  Асаблівая ўвага будзе скіравана  на раскрыццё юных талентаў, дзеля чаго будзе праведзена шэраг творчых конкурсаў, у тым ліку і міжнародных – для дзяцей, падлеткаў і юнацтва. Распачаты новыя творчыя праекты, прысвечаныя Году беларускай жанчыны ў нашай краіне  і  Году міжнароднага супрацоўніцтва пісьменнікаў СНД (аб’яўлены Прэзідыумам СПБ).

Адзначана, што літаратары Гомельшчыны, а гэта амаль шэсць дзясяткаў таленавітых творцаў, якія разам з дзяржаўнымі і грамадскімі структурамі актыўна працавалі апошнія пяць гадоў над рэалізацыяй культурна-асветніцкіх праграм, у наступны творчы перыяд апрача, безумоўна, найгалоўнай сваёй функцыі — стварэння высокамастацкіх, адпавядаючых часу твораў, папулярызацыі чытання і кнігі ў грамадстве, — будуць і надалей самымі палымянымі прапагандыстамі беларускага слова і культуры, актыўна ўключацца ў рэалізацыю прынятай нядаўна дзяржаўнай праграмы “Культурная прастора”. Запланавана і будзе праведзена шэраг творчых праектаў у межах  міжнароднага супрацоўніцтва з пісьменніцкімі рэгіянальнымі  творчымі арганізацыямі Расіі і краін СНД, а таксама з Асацыяцыяй пісьменнікаў БРІКС, Міжнародным саюзам пісьменнікаў і майстроў мастацтваў.

Па выніках працы за пяць год шэраг актыўных творцаў аддзялення  былі ўзнагароджаны памятнымі медалямі “Іван Мележ. За вернасць Слову” і медалямі патнёрскага міжнароднага форуму “Берагі Дружбы. Кабардзіна-Балкарыя”. Дыпломамі абласнога аддзялення СПБ адзначаны 5 рэгіянальных літаратурных аматарскіх аб’яднанняў і клубаў, а таксама народны тэатр “Грачы” Гомельскай абласной бібліятэкі, якія ў мінулы справаздачны перыяд увайшлі ў склад абласнога літаратурнага аб’яднання “Слова” пры ГАА ГА “СПБ” і плённа працавалі над рэалізацыяй сумесных творчых праектаў з пісьменніцкай прафесійнай арганізацыяй. Літаратары вобласці прынялі ў сваю творчую сям’ю таленавітага празаіка з Мазыра Ігара Шэлега, якому ўрачыста быў уручаны членскі білет СПБ.

Да справаздачнага мерапрыемства былі падрыхтаваны выставы кніг лепшых аўтараў Гомельшчыны і выставы малюнкаў, дасланых школьнікамі рэгіёну па творах класікаў беларускай літаратуры – ураджэнцаў палескай зямлі Івана Шамякіна і Івана Мележа, Івана Навуменкі, Андрэя Макаёнка, Барыса Сачанкі, Анатоля Грачанікава, а  таксама сучасных творцаў Гомельшчыны.

У гэты дзень у межах абласнога Дня пісьменніка і работніка культуры, ініцыяванага парламентарыем і вядомым беларускім пісьменнікам Уладзімірам Гаўрыловічам, удзельнікі сходу, ганаровыя госці і кіраўнікі літаратурных аб’яднанняў і клубаў вобласці наведалі Музей літаратуры Гомельшчыны, а таксама прынялі ўдзел у адкрыцці юбілейнай выставы, прысвечанай жыццёваму і творчаму шляху пісьменніка-земляка Івана Пятровіча Шамякіна.

МІКАЛАЙ ІГНАТОВІЧ

Фота будзе дапоўнена.

На здымках: у час сходу Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ”

Яндекс.Метрика