У гарадскім цэнтры культуры 12 лютага адбылася ўрачыстасць «Ён зямлі гэтай часцінка…», прысвечаная 95-годдзю удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, беларускага пісьменніка, ураджэнца і ганаровага грамадзяніна Жлобіншчыны Аляксандра Пятровіча Капусціна (1924–1996).  Пад час мерапрыемства  ў 20 раз прайшлі  Капусцінскія чытанні і ўручана абласная літаратурная прэмія імя А.Капусціна, якая сумесна заснавана Гомельскім абласным аддзяленнем ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і Жлобінскім раённым выканаўчым камітэтам.

Урачыстасць распачалася  менавіта з уручэння літаратурная прэміі. Сёлета яе ўдастоена ветэран педагагічнай працы, мясцовая паэтэса Марыя Смірнова. Марыя Сямёнаўна 42 гады аддала працы ў школе, вучыла дзяцей рускай мове і літаратуры. Але ў сваёй творчасці часта выкарыстоўвае і беларускае слова. Яна – аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў і слоў да гімна Жлобіна, доўгі час узначальвала літаратурны клуб «Ліра» пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Н. К. Крупскай. Днямі яна адзначыла сваё 75-годдзе.  Пад апладысменты прысутных творчую ўзнагароду, кветкі і падарункі ёй уручылі старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “СПБ” Уладзімір Гаўрыловіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і моладзі Жлобінскага райвыканкама Валянціна Няхай.

Разам з цёплымі словамі віншавання сёлетняму лаўрэату абласной літаратурнай прэміі,  выступоўцы падкрэслівалі вялікую ролю пісьменніка-земляка, які ўславіў у сваёй творчасці свій родны кут. Напрыклад, Валянціна Няхай падкрэсліла, што Аляксандр Капусцін быў сапраўдным патрыётам свайго краю і ўсе яго творы прасякнуты любоўю да чалавека, да малой радзімы.

Сваімі роздумамі пра творчасць пісьменніка падзяліўся  іУладзімір Гаўрыловіч. У прыватнасці, ён адзначыў, шмат што  з баявой біяграфіі  літаратара знайшло ўвасабленне ў яго  мастацкіх творах, напісаных ужо ў сталым узросце, але зместам звязаны з падзеямі 41-45 гадоў (як вядома Капусцін партызаніў, і затым ваяваў на фронце, быў кантужаны і меў тры раненні).  Менавіта таму, напрыклад, апавяданні “Бомба” ці  “Два словы па-польску” і іншыя ўспрымаюцца сёння не толькі як мастацкія творы, але і як дакументы часу, якія працягваюць быць выдатным падручнікам жыцця для сённяшняй моладзі.

Гэтаксама старшыня аддзялення СПБ адзначыў, што памяць аб таленавітым творцы другой паловы ХХ стагоддзя жывая: праводзіцца шэраг мерапрыемстваў літаратурнага характару, пад час якіх гучаць урыўкі з твораў Капусціна, абласным аддзяленнем заснавана і спецыяльная літаратурная прэмія, якой раз на пяць гадоў адзначаюцца лепшыя сучасныя творцы вобласці і Беларусі. Кіраўнік абласнога аддзялення СПБ прапанаваў больш актыўна далучаць да творчасці пісьменніка-франтавіка і школьнікаў, моладзь Жлобіншчыны, заснаваўшы конкурс-творчае спаборніцтва, і штогод у дзень памяці А.П. Капусціна адзначаць іх лепшыя творчыя набыткі. Пісьменнік таксама падзякаваў за захаванне памяці аб літараратары і роднай сястры пісьменніка Любові Пятроўны і пляменніцы Зоі Бібікавай, якія прымалі актыўны ўдзел у юбілейнай урачыстасці, пажадаў ім моцнага здароўя.

Сваімі ўспамінамі пра Аляксандра Капусціна падзяліліся і многія яго землякі. Так,  у ліку выступоўцаў былі галоўны рэдактар газеты “Новы дзень” Галіна Мельнікава, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксандр Салаўёў і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Маліцкая, і іншыя.

          А завяршыла юбілейную ўрачыстасць літаратурна-музычная кампазіцыя, падрыхтаваная вучнямі школ Жлобіншчыны.

У гэты ж дзень ад мясцовых органаў улады, абласной пісьменніцкай арганізацыі  і грамадскасці горада і раёна былі ўскладзены кветкі да магілы пісьменніка на гарадскіх могілках.

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”

Яндекс.Метрика