
Нарадзiлася 10 снежня 1947 года ў вёсцы Пракопаўка Гомельскага раёна. Вучылася ў Церахоўскай СШ, закончыла Гомельскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя Ф. Скарыны. Працавала карэспандэнтам гомельскай раённай газеты «Маяк», інструктарам Гомельскага РК ЛКСМБ, настаўнiцай роднай мовы і літаратуры ў школах Гомеля, а таксама рэдактарам Гомельскай студыi тэлебачання.
Друкуецца з 1961 г. Аўтар шматлiкiх вершаў, паэм, выдадзеных асобнымi кнiгамi, пачынаючы з 1971 года. Выдала зборнікі паэзіі: «Мая вёска» (1971), «Міг і вечнасць» (1979), «Дзічка» (2001), «Аберуч» (2008), «Аканіцы» (2008), «Сполохи дождя» (2008), «Красворды і загадкі для вашага дзіцяткі» (2009), завершана кнiга прозы «Лiставей». Друкуецца ў шэрагу калектыўных зборнікаў Расіі, Украіны, Беларусі: «Берегиня», «Узоры дружбы», «Междуречье», «Славянские колокола», «Славянское вече» (Расія), «Слов’янське перехрестя», «Рукостискання» (Украіна), «Магістраль», «Дзень паэзіі», «Роднае», «Крыніцы», «Святло шчымлівай памяці» і многія іншыя.
Шмат перакладае. Падрыхтаваны да друку пераклады дзiцячых вершаў «Скарбонка для дзiцёнка», «Загадкi для таткi». Сярод перакладчыкаў яна пакуль што адзіная жанчына, што асмелілася адолець цалкам «Слова пра паход Iгаравы» са старарускай мовы. Пераклала на беларускую мову вядомую паэму М. Мельнікава «Рускі крыж».
Перакладалася на рускую, украінскую, польскую і нямецкую мовы.
Лаўрэат прэмii памяцi Iвана Мележа, імя К. Тураўскага, расійскай прэміі М. Мельнікава.
Жыве і працуе ў Гомелі. Кіраўнік школы «Малады літаратар».
Член СПБ з 2000 года.
