Творчую сустрэчу  правяла яркі празаік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Валянціна Кадзетава-Арэстава  ў Лукскай сярэдняй школе  Жлобінскага раёна. Мерапрыемства, якое, дарэчы, прайшло вельмі цікава,  прысвячалася Году малой Радзімы, а  асноўная тэма гучала менавіта так: “Пісьменнікі-землякі”.

“Калі вы пачалі пісаць і чаму у вас узнікла такое жаданне?”,  “Дзе і калі быў надрукаваны першы твор?”,  “Вы   пісалі пра свайго бацьку. які быў вясковым паэтам. Гэта адпавядае рэчаіснасці?”, “ Дзе вы  бярэце сюжэты для сваіх твораў?”, “ Ці ёсць сярод прататыпаў вашых твораў нашы агульныя знаёмыя? Напрыклад, у аповесці і «Тэст на першае каханне»і апавяданні «Коля Косцікаў»?”, “Каго з беларускіх пісьменнікаў вы ведаеце і з кім сябруеце? Каго з іх асабліва цэніце?”,  “Чаму пішаце на беларускай мове?”,  “Дзе, акрамя інтэрнэта, можна прачытаць вашы творы? “, “Як  ставіцеся да жанру фэнтэзі?” – гэта, заўважым,  невялікі пералік пытанняў, якімі літаральна засыпалі сваю таленавітую зямлячку школьнікі.

У час творчай сустрэчы

Валянціна Мікалаеўна з задавальненнем адказала на ўсе з іх. А яшчэ  не хавала сваёй радасці, што, нягледзячы на наш няпросты час,  вясковыя дзеці ўсё ж не згубілі цікавасці да чытання, да мастацкай літаратуры, да добрай кнігі.

Выступае Валянціна Кадзетава-Арэстава

Пісьменніца выказала падзяку сваім юным чытачам, а таксама кіраўніцтву школы – да сустрэчы арганізатары  аформілі стэнд, прысвечаны творчасці таленавітага празаіка і мультымедыйную прэзентацыю.

У сваю чаргу,  дырэктар школы ўручыў ёй кветкі і пажадаў новых творчых поспехаў, новых кніг, якія заўсёды знойдуць свайго чытача і ў вялікім горадзе, і ў гомельскай глыбінцы.

Кветкі літаратару

Прэс-служба Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”.

Яндекс.Метрика