
Не дай сабе права забыць той куток,
Дзе зведаў пяшчоту матулі,
Дзе першы зрабіў у жыцці сваім крок,
І голас твой людзі пачулі.
…………………………………………..
Не дай сабе права забыць прыгажосць,
Якою Радзіма багата,
Дзе ў радасць з душою адкрытаю госць,
Дзе думкам і песням крылата!
Радкі гэтыя належаць вядомаму беларускаму паэту і журналісту Міхасю Болсуну. Ён – сярод тых пісьменнікаў, якія ў сваёй творчасці нястомна апяваюць родны кут, малую радзіму. А Міхась Міхайлавіч апявае сваю Чачэршчыну, сваю родную вёску Балсуны, дзе нарадзіўся ў 1942 годзе. У свой час скончыў факультэт педагогікі і методыкі навучання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны і аддзяленне журналістыкі Мінскай вышэйшай партыйнай школы. Быў і рабочым саўгаса, і загадчыкам сельскай бібліятэкі, і настаўнікам. Працаваў таксама намеснікам рэдактара чачэрскай райгазеты, галоўным рэдактарам буда-кашалёўскай раёнкі, шмат гадоў жыцця аддаў плённай працы на розных пасадах у Гомельскім абласным тэлерадыёаб’яднанні. А цяпер актыўна супрацоўнічае з Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, многа ўвагі ўдзяляе творчасці маладых паэтаў і празаікаў. Гэты добры, мудры чалавек стаў сапраўдным настаўнікам пачынаючым літаратарам.
І дзе б ні працаваў, дзе б ні жыў, ніколі не забывае пра сваю малую радзіму:
Абсягі Чачэрскага краю
Прапісаны ў сэрцы маім.
Бы птушка, сюды прылятаю
Ці холад, ці спёка стаіць.
Пры гэтым паэт падкрэслівае:
І разам з малою радзімай
Вялікую тут я адкрыў…
На рахунку Міхася Болсуна шмат добрых кніг: паэтычныя зборнікі “Яблыня ў фаце”, “Там, дзе задумлівы Сож”, “Спатканне з поўняй”, “Пад сузор’ем дабрыні”, дакументальная кніга “Чачэрскі след у навуцы” (за якую, дарэчы, аўтар узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі). Міхась Болсун – укладальнік паэтычнага зборніка “Далоні цёплыя зямлі”, адзін з аўтараў шэрагу калектыўных альманахаў, лаўрэат міжнароднай прэміі Баяна, абласнога літаратурнага конкурсу імя Анатоля Грачанікава, ганаровы член СПБ і ганаровы грамадзянін Чачэрскага раёна, узнагароджаны знакам СПБ “За вялікі ўклад у літаратуру”.
Ніколі не забывае гэты таленавіты чалавек пра сваіх былых аднавяскоўцаў:
Добры дзень, землякі!
Поціск вашай рукі
Мне на сэрца
Любоўю кладзецца.
Шмат я зведаў дарог,
Ды вясковы парог
Кліча, цягне, быццам магнітам…
…………………………………….
Добры дзень, землякі!
Поціск вашай рукі
Шчырым словам
Маім адгукнецца…
Сапраўды, так яно і ёсць. Аб гэтым сведчыць, да прыкладу, зборнік “Спатканне з поўняй” – своеасаблівая літычная споведзь паэта перад чытачамі. Як і ў іншых сваіх кнігах, аўтар з любоўю піша пра родную Чачэршчыну, прыгажосць яе прыроды, спрабуе зазірнуць у духоўны свет сучасніка. Дарэчы, у гэтай кнізе ёсць і прысвячэнні паплечнікам – літаратарам, ураджэнцам Гомельшчыны, ёсць і гумарыстычныя радкі, якія сведчаць, што паэт і валодае шчырым досціпам, і заўважае ўсё лепшае ў майстэрстве калег па пяры.
А яшчэ Міхась Міхайлавіч праявіў сябе як здольны перакладчык паэзіі братняга рускага народа, актыўна працуе ў рамках міжнародных маладзёжных фестываляў-конкурсаў паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”. Перакладаюць і яго творы. Так, у Растоўскай вобласці з дапамогай Фонда грандаў прэзідэнта Расіі выйшаў зборнік паэзіі Міхася Болсуна ў перакладзе на рускую мову.
Кніга называецца “Роднае, блізкае” (“Родное, близкое”). Перакладчыкамі выступаюць таленавітыя расійскія літаратары Лідзія Жалязоўская, Надзея Нікуліна, Вольга Наважылава (г. Краснадар), Вольга Нямыкіна (г. Ціхарэцк), Вольга Худзякова, Галіна Тарасенка (Ціхарэцкі раён). У зборнік уключана амаль сотня выдатных вершаў паэта-палешука. Як адзначае ў прадмове старшыня Краснадарскага краявога адзялення Саюза пісьменнікаў Расіі Святлана Макарава-Грыцэнка, мала хто з паэтаў з такой любоўю, як Міхась Болсун, услаўляе сваю родную зямлю, знаходзіць столькі паэтычных фарбаў, каб расказаць аб родных і дарагіх прасторах. Немагчыма не адклікнуцца на словы гэтага паэта, не захапіцца прыгажосцю зямлі беларускай, немагчыма не палюбіць яе.
Міхась СЛІВА
